Больш за 37 тысяч беларусаў і прадстаўнікоў іншых народаў з 102 краін сьвету выступілі з пэтыцыяй у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, каб прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасьці за «захоп улады» і «злачынствы супраць чалавечнасьці».
Пэтыцыя была ініцыяваная 1 верасьня 2020 году дзьвюма арганізацыямі беларусаў у Канадзе: Беларускім канадзкім альянсам (Belarusian Canadian Alliance) і Ініцыятывай беларусаў Таронта «Васількі» (Vasilki Initiative of Belarusians in Toronto).
«Зварот быў створаны як адказ на захоп улады ў Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам шляхам фальсыфікацыі выбараў 9 жніўня 2020 г., жорсткага здушэньня мірных пратэстаў, у тым ліку з ужываньнем зброі і масавых рэпрэсій супраць беларусаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе з нагоды пэтыцыі.
«Мы заклікаем Міжнародны крымінальны суд і пракурора спадарыню Фату Бэнсуда ўзбудзіць крымінальную справу супраць былога прэзыдэнта Беларусі за злачынствы супраць чалавецтва», — пішуць аўтары пэтыцыі.
Да пэтыцыі далучаная заява спэцыяльнай дакладчыцы ААН па Беларусі Анаіс Марэн, якую тая зрабіла на дэбатах пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі на сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве 18 верасьня 2020 г.