«Беларускаму народу трэба навучыцца знаходзіць агульную мову, замест таго каб весьці справу да раздраю ў рэспубліцы», — заявіў экс-прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў у інтэрвію Інтэрфаксу.
Гарбачоў лічыць: калі ў Беларусі будзе працягвацца супрацьстаяньне і беларускі народ будуць настройваць супраць Расеі, то гэта прывядзе да замены цяперашняга саюзу «дзьвюх братэрскіх краінаў».
«Я ня думаю, што гэта будзе карысна. Але галоўнае пры гэтым — трэба даць магчымасьць кожнаму народу самому вызначаць свой лёс. Гэта тычыцца ўсіх, у тым ліку і Расеі», — адзначыў Гарбачоў.
«Калі ўмяшаньне расейскага кіраўніцтва вядзе да пазытыўнага выніку, да ўзаемнай дамоўленасьці, то гэта трэба толькі вітаць», — дадаў ён.
Пазаўчора былы прэзыдэнт СССР у інтэрвію расейскаму выданьню «Подъем» таксама выказаўся наконт сытуацыі ў Беларусі, хутчэй вітаючы пратэсты:
«Малайцы беларусы! Цяпер ужо яны характар маюць. Гэта вельмі добра. Я сачу ўважліва. Сёньня апісваюць тое, што адбывалася напярэдадні, — гэта ж чорт ведае што. Я думаю, што гэта так проста ня пройдзе: што ў гэтыя дні адбывалася і як з фармаваньнем выбараў. Адкрываецца калясальная справа. Але гэта яшчэ трэба папрацаваць шмат. Гэта ўсё для моладзі цяперашняй», — казаў тады Міхаіл Гарбачоў.