Сустаршыня страйкавага камітэту «Беларуськалію» Анатоль Бокун, асуджаны на 25 сутак адміністрацыйнага арышту, абвясьціў галадоўку, паведаміў страйкам «Беларуськалію» ў Тэлеграме.
«Бокун абвясьціў галадоўку з учорашняга дня на тры дні. Пра што пісьмова праінфармаваў кіраўніцтва ІЧУ», — пацьвердзіў інфармацыю агенцтву Інтэрфакс афіцыйны прадстаўнік УУС Менскага аблвыканкаму Сяргей Чабатароў.
У панядзелак, 21 верасьня, адзін з работнікаў «Беларуськалію» Алег Кудзёлка на знак пратэсту супраць фальшывых выбараў і гвалту ў краіне адмовіўся выходзіць на паверхню пасьля зьмены. Гарняк перадаў запіску, у якой расказаў, што далучаецца да патрабаваньняў страйкаму і адмаўляецца пакідаць руднік да іх выкананьня. Аднак празь некалькі гадзін яго вывелі на паверхню.
Падтрымаць Кудзёлку да аднаго з рудаўпраўленьняў «Беларуськалію» ў той дзень прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, 22 зь іх пасьля затрымалі праваахоўнікі. Пасьля разбору ўсіх затрыманых, акрамя Анатоля Бокуна, адпусьцілі. На яго склалі пратакол за несанкцыянаванае мерапрыемства.
Суд, які разглядаў справу Бокуна, прысудзіў яму 25 сутак адміністрацыйнага арышту паводле двух пратаколаў: артыкул 23.4 (непадпарадкаваньне) і артыкул 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
31 жніўня Анатоль Бокун быў пакараны арыштам на 15 сутак паводле аналягічнай справы аб парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
12 верасьня рашэньнем Менскага абласнога суду забастоўка, абвешчаная на прадпрыемстве, была прызнана незаконнай. Аднак ужо 13 верасьня страйкам абвясьціў пра бестэрміновую забастоўку (з палітычных матываў).