«Не магу маўчаць» — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы зь іхнага ліку — напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com
У Купалаўскі тэатар Вольга Бабкова трапіла дзякуючы Міхалу Анемпадыставу. Да аўтара „Народнага альбому“ зьвярнуўся мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін з просьбай параіць каго-небудзь на пасаду загадчыка літаратурнай часткі. Першае імя, якое прыйшло ў галаву Анемпадыстава, — Вольга Бабкова.
Вольга — вядомы гісторык, аўтар надзвычай цікавай кнігі пра штодзённае жыцьцё жыхароў ВКЛ „…І цуды, і страхі“, супрацоўніца Дзяржаўнага гістарычнага архіву, якая адпрацавала там ужо 30 гадоў, загадвала аддзелам старажытных актаў. Свой кабінэт, павага калегаў, імя, рэпутацыя. Але Бабкова разьвіталася са сваёй зонай камфорту і сышла ў абсалютную невядомасьць. Як кажа сама, скокнула з адной гісторыі ў гісторыю іншую. З даўно прамінулай штодзённасьці ў штодзённасьць сучасную. У зьяўленьні ў афішы Купалаўскага тэатру „Дзьвюх душаў“ Гарэцкага ды „Шляхціца Завальні“ Баршчэўскага немалая заслуга Вольгі Бабковай.
Вольга Бабкова:
— Калі гавораць, што Купалаўскі — гэта сям’я, дык гэта не хлусьня. Вядома, як у любой сям’і, здараюцца канфлікты. Але гэта нават не канфлікты, а непаразуменьні. У іншых тэатрах, бывае, хтосьці пра кагосьці заўсёды расказвае нейкую гісторыю. Але ніколі купалавец ня будзе расказваць штосьці пра купалаўца. Гэта так клясна! Патасу ня хочацца, але сям’я ёсьць сям’я.
Мы сабраліся яшчэ да звальненьня Латушкі. Але ўжо пасьля першага відэазвароту. Мы сабраліся на камэрнай сцэне, каб пагаварыць па-сямейнаму. Мікалай Мікалаевіч сказаў: „Вы разумееце, што за гэтым можа адбыцца. Хутчэй за ўсё, пацярпіць кіраўнік“. На што Латушка адказаў: „На мяне не зьвяртайце ўвагі! Я ня самая галоўная тут пэрсона“. На што Пінігін мудра зазначыў, што, застаючыся тэатрам, мы нясём сьветлае, добрае, нацыянальнае: “Мы мацуем нацыю. І вы пра гэта таксама падумайце”.
Але Пінігін быў за горадам, таму ня бачыў усяго жаху. Каля тэатру ж была база тэхнікі, гэтых чорных людзей брыдкіх. Якія, як гаспадары, хадзілі па нашай тэрасе, заходзілі ў прыбіральню, у кавярню. І ўявіць сабе, што ты граеш спэктакль, а 10-й выходзіш з тэатру, і пры гэтым ні ты, ні глядач ня маюць ніякай бясьпекі. І пасьля таго, што адбылося на вуліцах 9-га, 10-га жніўня -- як там граць тую ж „Паўлінку“?
І артысты сказалі Латушку, што, калі вы праз нас пацярпіце, дык мы сыдзем сьледам за вамі. На што Пінігін адказаў: “Калі сыдзеце вы, то мне тады ня будзе чаго тут рабіць”. Так і атрымалася.
Чым далей разгортваюцца падзеі, тым больш я пераконваюся, што гэты крок быў правільным. У перакуленым сьвеце, у якім мы ўсе апынуліся, на чале з вар’ятам, павінны быць пункты... скажам так, „эстэтычнай стабільнасьці“. Цяпер гэтыя пункты — гэта кожны з нас, які стварае вакол сябе гэтую атмасфэру. Таму што ў дзяржаўнай форме гэта, мне здаецца, сёньня нават амаральна.
Гэтае лета... Агромністая колькасьць прыгажэнных людзей. Неверагодная самаарганізаванасьць. Гэта, бадай, самае галоўнае. Партызанская жылка, аказалася, жыве. Нягледзячы на тое, што нашыя старыя кансэрватары-апазыцыянэры ўвесь час на нешта наракаюць, сьцяг аказаўся ў кожнай трэцяй сям’і. Гэта проста неймаверна. Вядома, гэта стала магчымым дзякуючы папярэдняй генэрацыі. Але як гэта выбухнула!
Я ўпэўненая на сто адсоткаў — калі б усё павярнулася ў наш бок, тое самае здарылася б і з мовай. Я ўпэўнена ў гэтым. Наша краіна будзе дзьвюхмоўнай. Наша геаграфічнае становішча такое. У гэтым няма нічога ганебнага. Але тое, што беларуская мова стане бяз гэтага вар’ята абсалютна паўнапраўнай дзяржаўнай мовай, гэта факт. І гэтая партызаншчына... Такі быў выпадак. Я іду па нашым ціхім квартальчыку. Вуліца Карла Лібкнэхта. Гляджу — стаіць чарга каля кнігарні. Сьпякота надзвычайная. Думаю, што такое? Пытаюся ў крайняга: “А што за чарга?” Адказ шэптам: “Па сьцягі”. Маленькая майстэрня, у якую я тут ні разу не зайшла. Яны шыюць сьцягі! І стаіць чарга на паўтары гадзіны, каб дачакацца сьцягоў. Праходжу — на дрэвах вісяць стужкі. Здавалася, раёнчык такі спакойны і ціхі. А ўжо не спакойны. Адным словам — самаарганізацыя.
Упартасьць, зь якой зьяўляюцца сьцягі неверагодных памераў, у неверагодных месцах. Працэсы пачаліся і гэтыя працэсы спыніць немажліва. Гэта, як сьнежная лявіна. Так, на іхным баку гвалт, сіла, зброя. Мы ведаем, што ёсьць Паўночная Карэя. Але ў Эўропе яны такое ня зробяць. Ня гледзячы на тое, што астатняя Эўропа толькі выказвае занепакоенасьць. Вар’ят ня можа доўга трымацца ля ўлады.
Наша Жнівеньская рэвалюцыя адрозьніваецца ад рэвалюцый у нашых суседзяў тым, што... Здаецца, Канфуцый сказаў: ”Калі ня ведаеш, як зрабіць правільна, зрабі прыгожа”. І мы сёньня гэтую прыгажосьць і робім. Вядома, могуць быць правакацыі, якія ў адказ справакуюць нейкія гадасьці. Але гэта ня будзе з нашага боку. І я разумею, што ў хлопцаў сьвярбяць рукі ў некаторых. Ну сапраўды, калі дзяўчат вяжуць невядомыя ў чорных масках... А сарві маску — адразу на месцы лужына. Як у нейкім мульціку. Толькі таму, што яны хаваюць твары і свае імёны, яны дазваляюць сабе такія ўчынкі. Гэта жнівеньская рэвалюцыя супраць подласьці. Зьняважылі нацыю. Мы найперш выступаем не з эканамічных прычын. А ад зьнявагі. Калі табе так доўга і нахабна хлусяць — гэта такая зьнявага! Нацыю зьняважылі. А калі чалавека зьневажаюць, ён падымаецца. З каленяў. Я малю Бога, каб да Калядаў гэта ўсё скончылася. І на Каляды мы засьпявалі Міхалаву песьню „Мы чакалі Калядаў з маленства і ніяк не маглі дачакацца...“