Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі адвакатку Марыі Калесьнікавай, яна ў ізалятары на Акрэсьціна

абноўлена

Людміла Казак
Людміла Казак

Удзень 24 верасьня перастала выходзіць на сувязь адвакатка Людміла Казак, якая абараняе Марыю Калесьнікаву, паведаміў Tut.by адвакат Віктар Мацкевіч.

«У 13:50 Людміла рассталася з сваёй калегай, зь якой сустракалася на вуліцы Камуністычнай. Сьпяшалася на судовае паседжаньне. У суд яна не прыехала. Машына прыпаркаваная на Камуністычнай, замкнутая», — паведаміў Мацкевіч.

З 18 гадзін муж Людмілы Казак спрабаваў падаць заяву аб выкраданьні чалавека ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску, але паставы міліцыянт сказаў яму, што Людмілы Казак у РУУС няма, а падаць заяву не пусьціў. У выніку заяву падалі ў ГУУС Менгарвыканкаму.

Прэс-сакратарка ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч заявіла агенцтву ТАСС, што Людмілу Казак затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэньне.

«Так, яна затрыманая за зьдзяйсьненьне адміністрацыйнага правапарушэньня, якога, пакуль не ўдакладняем, яна знаходзіцца ў адным з тэрытарыяльных РУУС Менску», — сказала Ганусевіч.

Пазьней абаронца Людмілы Казак Віктар Мацкевіч паведаміў Tut.by, што адвакатку перавялі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Адміністрацыйны артыкул, паводле якога затрымалі Казак, адвакату не паведамілі. Меркавана, заўтра яе будуць судзіць.

Марыю Калесьнікаву, сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады для вырашэньня палітычнага крызісу ў Беларусі, 7 верасьня выкрала група невядомых у цэнтры Менску. У ноч на 8 верасьня выявілася, што яна адмовілася зьяжджаць зь Беларусі, разарваўшы пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы. Празь дзень пасьля гэтага бацьку Марыі пазваніў сьледчы і паведаміў, што дачка знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

9 верасьня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што Калесьнікава арыштаваная ў справе аб закліках да захопу ўлады. Сама яна ацэньвае тое, што адбылося зь ёй, як выкраданьне.

Заўтра, 25 верасьня, у 11.00 у Менскім гарадзкім судзе меў адбыцца разгляд скаргі на рашэньне суду Партызанскага раёну Менску аб меры стрыманьня для Марыі Калесьнікавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG