23 верасьня ў розных месцах Беларусі зафіксавана 59 пратэставых акцый з удзелам каля 5 тысяч чалавек, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.
Згодна з падлікамі ведамства, за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрымалі 364 чалавекі, зь іх у Менску — 252. Да разгляду ў судзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях ў месцы ўтрыманьня зьмясьцілі 320 чалавек.
Удакладняецца, што ў сталіцы ўдзельнікі пртэстаў выстройваліся ў ланцугі ўздоўж праезнай часткі, зьбіраліся каля станцый мэтрапалітэну, гандлёвага цэнтру «Галерэя». Групамі ад 10 да 50 чалавек, а таксама асабістым транспартам блякавалася праезная частка. Супраць «агрэсіўна настроеных асобаў» праваахоўнікі выкарысталі спэцсродкі і тэхніку.
У Віцебску ўдзельнікамі акцыі, як сьцьвярджаюць у МУС, «актыўна кіравалі» мадэратары рэгіянальнага тэлеграм-чату, заклікаючы станавіцца ў счэпку.
Людзі масава выходзілі на праезную частку, блякуючы рух. Пратэсты суправаджаліся адкрытымі сутыкненьнямі з органамі правапарадку, ляцелі камяні і іншыя прадметы. У ведамстве кажуць, што сярод міліцыянтаў ёсьць пацярпелыя.