Раптоўная інаўгурацыя Лукашэнкі, масавыя акцыі пратэсту з нагоды інаўгурацыі, непрызнаньне Лукашэнкі прэзыдэнтам шэрагам краінаў. Найважнейшае за 23 верасьня
У Менску ў палацы Незалежнасьці прайшла цырымонія інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Яна не трансьлявалася па дзяржаўным радыё і телебачаньні.
Увечары ў Менску і шэрагу іншых гарадоў адбыліся масавыя акцыі пратэсту, выкліканыя інаўгурацыяй. Праваахоўныя органы жорстка дзейнічалі супраць пратэстоўцаў, у Менску былі ўжытыя вадамёты і пярцовы газ.
Ціханоўская: Так званая інаўгурацыя — фарс.
Латушка: Гэта больш нагадвае сходку злодзеяў для каранацыі чарговага «злодзея ў законе».
Данія, Літва, Латвія, Нямеччына, Славаччына, Польшча, Чэхія і Эстонія пасьля інаўгурацыі заявілі, што не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
Крэмль лічыць выключна ўнутранай справай Беларусі прызначэньне даты ўступленьня на пасаду Аляксандра Лукашэнкі.
Супраць рэдактара газэты «Наша ніва» Ягора Марціновіча распачатая крымінальная справа па артыкуле «Паклёп». У яго дома прайшоў ператрус, ён затрыманы.
Адвакат PandaDoc Антон Гашынскі атрымаў пастанову сьледчага пра зьняцьцё арышту з рахункаў менскага офісу кампаніі.
Расея перакінула ў Беларусі батальённа-тактычную групу Іванаўскага злучэньня ПДВ у рамках сумесных вучэньняў «Славянскае братэрства — 2020».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прагназуе вялікую міграцыйную хвалю ў эўрапейскія краіны ў выпадку абвастрэньня палітычнага крызісу ў Беларусі.