20 верасьня па ўсёй Беларусі прайшлі «Маршы справядлівасьці»: акцыі пратэсту былі ў Берасьці, Гомлі, Горадні, Салігорску, Жодзіне і іншых гарадах. Усяго ў іх прынялі ўдзел каля 300 тысяч чалавек.
Берасьцейскае выданьне «Бінокль» апублікавала відэа, на якім бачна, як сілавікі распыляюць газ у твары пратэстоўцам. Сілавікі ў Берасьці таксама стрэлілі ў паветра: пазьней у МУС пацьвердзілі, што гэта было зроблена «ў папераджальных мэтах».
Актывіст зь Берасьця Віктар Клімус расказаў «Настоящему времени», што адбывалася ў горадзе.
— Людзі, якія зьбіраліся, абсалютна ніяк не правакавалі сілавікоў. Нават не выходзілі на дарогу. Збор быў на ходніках, на плошчы. Хутчэй за ўсё, гэта была такая старая новая тактыка ўзмацненьня ціску на пратэстоўцаў. Спрабавалі разагнаць акцыю на самым яе пачатку, на моманце збору.
— У які момант прагучаў стрэл? І ці быў ён адзін?
— Стрэл, па-мойму, быў адзін. Гэта была, па-мойму, трэцяя спроба разгону. Людзей стала больш, людзі арганізаваліся, сталі ў счэпку і пачалі даваць адпор амапаўцам. І яны стралялі, калі адчулі, што пратэстоўцы пачынаюць проста на іх напіраць і адбіваць людзей, якіх яны спрабуюць затрымаць.
— Сярод вашых знаёмых ёсьць людзі, якія ўсё яшчэ падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку?
— Сярод маіх знаёмых — няма, такіх людзей няма. Ёсьць людзі, якія па-рознаму гатовыя даваць нейкі адпор, пратэставаць супраць Лукашэнкі. Некаторыя яшчэ баяцца, некаторыя асьцерагаюцца за сям’ю, за блізкіх.
Я сапраўды ня ведаю такіх, якія падтрымліваюць. Я ведаю, у мэдыйнай прасторы ёсьць людзі, якія яшчэ агітуюць за Лукашэнку. Але гэта тыя, каму, як правіла, ужо ёсьць што губляць пры зьмене ўлады, людзі, якія «запэцканыя» альбо ў злачынствах, альбо ў прапагандзе, альбо разумеюць, што ў канкурэнтнай палітыцы, у дэмакратычных умовах яны проста будуць нікім, іх кампэтэнцыі нікому не патрэбныя. Сярод такіх чыноўнікаў, сілавікоў, можа, ёсьць яшчэ падтрымка.
Сярод простых людзей — разумееце, тут пытаньне ўжо нават не ў палітыцы, падабаецца яго палітыка ці не падабаецца. Проста пасьля таго, што адбывалася ў Беларусі ў жніўні, фальсыфікацыяў, катаваньняў, забойстваў людзей, гэта ўжо маральнае пытаньне, што ён [Лукашэнка] ня мае абсалютна ніякага права быць прэзыдэнтам, і гэта разумеюць усе.