Эколяг Ірына Сухій і блогерка, ляўрэатка прэміі Адамовіча Наста Захарэвіч расказваюць пра зьняволеньне і разважаюць пра пэрспэктывы мірных пратэстаў и жаночых маршаў на тле жорсткіх рэпрэсій у Беларусі.
Глядзіце на відэа дыскусію цалкам.
Прапануем некалькі тэзісаў з дыскусіі
Ірына Сухій: Жанчыны будуць і далей выходзіць. У мінулую суботу і нядзелю мы бачылі, што дастаткова жорстка затрымлівалі ў тым ліку і жанчын. Ня ведаю, як у іншых, але ў мяне ўнутры гучыць: «Не дачакаецеся!» Ёсьць дакладнае адчуваньне, што ў нас няма права адступаць. Мы павінны дамагчыся, каб выканалі патрабаваньні, якія ўсё беларускае грамадзтва выстаўляе — сыход Лукашэнкі, сумленныя выбары, спыненьне гвалту, вызваленьне палітвязьняў і ўсіх затрыманых. Пакуль гэта ня будзе выканана, жанчыны Беларусі ня спыняцца.
Трапіўшы за краты, разумееш, што гэта непрыемна, але праз гэта можна прайсьці. У камэрах мы адна адну падтрымлівалі і ў мяне было ўражаньне, што ўсе зьняволеныя жанчыны маюць вельмі баявы настрой. І зьняволеньне іх ня спыніць.
Наста Захарэвіч: На жаночых маршах пэўная атмасфэра, ёсьць мабільнасьць. І ня трэба ілюзій, што жанчын ня б’юць, а мужчын бʼюць. Мне здаецца, што жаночыя маршы будуць браць за прыклад шмат дзе ў сьвеце, і цяпер ужо пра гэта гавораць як пра вельмі цікавы фармат супраціву.
Цяпер пасунуліся ўбок нашы ранейшыя спрэчкі аб гендэрных пытаньнях, бо цяпер у нас усіх ёсьць адна мэта. Я бачыла афіцыйную заяву ЛГБТ-арганізацый у падтрымку Кандрусевіча, галоўнага каталіцкага сьвятара Беларусі. Я бачу, як падтрымліваюць палітвязьняў людзі, якія зь імі катэгарычна ня згодныя ў пэўных пытаньнях. Яны кажуць, што потым мы гэта вырашым, але цяпер трэба вызваліць чалавека. Я вельмі спадзяюся, што, калі яны выйдуць на свабоду, хаця б крышачку ацэняць здольнасьць іншых пасунуць уласныя прынцыпы дзеля салідарнасьці. Вельмі важна, што мы ўмеем дамаўляцца, кансалідавацца наконт чагосьці тэрміновага і канкрэтнага зараз. Гэта ня значыць, што мы адмаўляемся ад сваіх прынцыпаў. Нам трэба вырашыць гэтае пытаньне, і, як я жартую, нарэшце мы вернемся назад да спрэчак у «Фэйсбуку».