Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьведка Александровіч мае незвычайна востры зрок». Як судзілі ратавальнікаў на водах


Ратавальнікі ў судзе
Ратавальнікі ў судзе

Траіх аштрафавалі, справы пяцярых накіравалі на дапрацоўку.

Два дні ў судзе Цэнтральнага раёну судзілі ратавальнікаў, якія 6 верасьня пасьля нядзельнай акцыі пратэсту выцягнулі з вады людзей і перавезьлі на другі бераг.

Усіх васьмярых ратавальнікаў судзілі па артыкуле 23.4 КаАП (невыкананьне законнага распараджэньня альбо патрабаваньня службовай асобы). Затрымалі іх на ратавальнай станцыі, трое сутак яны правялі на Акрэсьціна. Увечары 9 верасьня ўсіх выпусьцілі, бо прайшло трое сутак ад моманту затрыманьня.

Віны ніводзін з ратавальнікаў не прызнаў

  • 9 верасьня матарысту Мікалаю Купрыенку прысудзілі 810 рублёў штрафу.
  • 10 верасьня штрафы прысудзілі Паўлу Лялевічу (945 рублёў) і Сяргею Арцюшэўскаму (810 рублёў).
  • Астатнія пяць спраў накіравалі на дапрацоўку. Віны ніхто з ратавальнікаў у судах не прызнаў.

Начальнік гарадзкой ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Дзяніс Чашун увесь час быў на станцыі, а сьведка-міліцыянт сьцьвярджаў, што ён быў на ратавальным катэры.

Аляксей Бакумаў ня ўдзельнічаў у ратаваньні, аднак яго таксама судзілі, справу накіравалі на дапрацоўку.

Справы Івана Юрскага, Дзьмітрыя Цецярука, Пятра Трацьцякова, Сяргея Арцюшэўскага таксама накіравалі на дапрацоўку.

«Сьведка Александровіч мае незвычайна востры зрок»

10 верасьня справу Сяргея Арцюшэўскага разглядаў судзьдзя Аляксандар Петраш.

Сяргей працуе выкладчыкам фізкультуры ў адной з гімназій Менску. Нумар яе прасіў не называць, фатаграфавацца таксама адмовіўся — ня хоча мець непрыемнасьці на асноўнай працы. Сяргей таксама падпрацоўвае ўжо 14 сэзонаў матросам-ратавальнікам у Таварыстве ратаваньня на водах. 6 жніўня яго папрасілі выйсьці на працу для ўзмацненьня як матроса-ратавальніка.

Паводле рапарту міліцыянта Аляксандра Аляксандравіча Александровіча (сапраўднае імя схаванае), Сяргей Арцюшэўскі каля 18 гадзіны на ратавальнай лодцы не паслухаўся міліцыянта і не прычаліў да берагу, каб перадаць асобаў з лодкі.

Падчас суду
Падчас суду

Арцюшэўскі сябе вінаватым не прызнаў і заявіў, што ратаваў людзей, якія былі ў небясьпецы.

У 18.25 людзі насупраць фантана стыхійна пачалі скакаць у ваду, усяго чалавек 30–40 прыкладна. І катэры пачалі ратаваць людзей. Сяргей асабіста дапамагаў тром чалавекам.

«Два чалавекі цяжка дыхалі, у аднаго быў сутаргавы сындром, ён захлынаўся, у яго былі пасінелыя вусны, зьбітае дыханьне. Тэмпэратура вады была каля 15 градусаў. Людзі былі ў вадзе каля 3 хвілін, яны залазілі на катэр.

Мы людзей давезьлі да ратавальнай станцыі, што на вуліцы Прагрэсіўнай, 29. Двое выйшлі самастойна. Мы вярнуліся назад. Але ўсіх людзей ужо выратавалі, і мы безь людзей вярнуліся назад на станцыю», — сказаў Сяргей.

Ён кажа, што ніякіх указаньняў міліцыянтаў ня чуў, бо працаваў матор. Да таго ж катэрам кіраваў матарыст, а не матрос-ратавальнік.

Судзьдзя пытаецца, што бліжэй было — бераг, адкуль людзі скакалі ў ваду, ці станцыя?

«Пытаньне да матарыста. На яго погляд, там няма тэхнічнага пірса, да таго ж людзі былі ў вадзе, іх маглі пакалечыць. Рашэньне, куды везьці людзей, якія знаходзяцца ў катэры, прымае матарыст», — тлумачыць Сяргей.

Пытаньне адваката Дзьмітрыя Сямашкі, у колькіх яшчэ справах сьведчыць Александровіч, судзьдзя Аляксандар Петраш адхіліў — маўляў, пытаньне ня мае дачыненьня да гэтай справы.

Сьведку слухалі праз скайп. Ён паведаміў, што працуе міліцыянтам у Цэнтральным РУУС. Арцюшэўскага пазнаў па твары.

Выходзіла, што міліцыянт разгледзеў твар Арцюшэўскага на даволі вялікай адлегласьці. Сам жа Арцюшэўскі сьцьвярджае, што зь берага на такой адлегласьці, на якой яны былі ў лодцы, твары разгледзець немагчыма.

Адвакат падчас працэсу папрасіў паглядзець відэа, разьмешчанае на тэлеграм-канале NEXTA, дзе зьняты момант ратаваньня людзей. На кадрах відаць, што міліцыянты былі на даволі значнай адлегласьці, так што напэўна разгледзець твары было складана.

Адвакат Дзьмітры Сямашка адзначыў, што асноўнай задачай Арцюшэўскага было ратаваць людзей, і сытуацыя была надзвычайная. Да таго ж Сяргей быў не кіроўцам катэра, які прымае рашэньне, куды плыць, а матросам-ратавальнікам. І сваю місію ён выканаў.

Аляксандар Петраш вынес рашэньне — аштрафаваць Сяргея Арцюшэўскага на 30 базавых велічыняў.

«Мы будзем да апошняга змагацца за кожнага нашага ратавальніка»

Начальнік гарадзкой ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» 29-гадовы Дзяніс Чашун сказаў пасьля свайго працэсу, што быў гатовы да любога разьвіцьця падзей.

Дзяніс Чашун
Дзяніс Чашун

«Я быў гатовы да любога сцэнару, нават адседзець 15 сутак. Мы ўчора з хлопцамі былі настроеныя, што нас ня выпусьцяць, што будзем сядзець за справядлівасьць. Мы ні ў чым не вінаватыя.

Мы да апошняга будзем змагацца за кожнага нашага супрацоўніка. Будзем усе судовыя рашэньні аспрэчваць, падаваць апэляцыі, таму што гэта несправядліва. Мы выконвалі сваю любімую працу. Я працую ў Таварыстве ратаваньня на водах з 2009 году, я прайшоў усе пасады, якія толькі можна было прайсьці.

Як мы ўчора жартавалі, што пабывалі ўсюды: і ў агні, і ў вадзе, і ў медных трубах», — кажа Дзяніс.

За ўсю гісторыю ягонай працы прыцягненьня супрацоўнікаў па такім артыкуле не было. Ён кажа, што для каманды ратавальнікаў затрыманьне васьмярых чалавек — сур’ёзная страта, гэта больш за 80% ратавальнай станцыі.

«А купальны сэзон працягваецца, маржы лезуць у ваду, здараюцца суіцыды, усё што заўгодна можа адбыцца, аж да сутыкненьня судоў, і спатрэбіцца наша дапамога. Тут і так людзей не хапае, а тут восем затрыманых», — разважае Дзяніс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG