Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш адзінства» ў Менску пад дажджом
«Марш адзінства» ў Менску пад дажджом

Сотні тысяч удзельнікаў «Маршаў адзінства» і сотні затрыманых. Што адбываецца на 29-ты дзень пратэстаў

абноўлена

Што адбываецца ў Менску і іншых гарадах Беларусі на 29-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

09:05 6.9.2020

У Бялынічах напярэдадні Дня беларускага пісьменства затрымалі мясцовых актывістаў.

У Бялынічах 5 верасьня затрымалі мясцовых актывістаў Яўгенію Мяцеліцу і Ўладзіслава Лістраценку. 6 верасьня ў горадзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства, паведаміў «Магілёўскі рэгіён».

У супрацоўнікаў ДАІ ўзьніклі сумневы наконт VIN-нумара аўтамабіля і яны даставілі актывістаў да будынка Бялыніцкага РАУС. Там іх затрымалі міліцыянты, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і пакінулі пад вартай.

Акцыі пратэсту супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў праходзілі ў Бялынічах на працягу некалькіх дзён з 14 да 19 жніўня.

Паводле сяброў Мяцеліцы і Лістраценкі, актывістаў затрымалі, каб унікнуць магчымых акцый падчас афіцыйнага сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства.

09:05 6.9.2020

Як Кавалькова з ізалятара трапіла ў Літву? Вэрсія МУС — «вызвалілі па стане здароўя»

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову адпусьцілі з ізалятара на лекаваньне, паведамілі ў МУС Беларусі карэспандэнту «Интерфакс-Запад».

«Кавалькову адпусьцілі з ЦІП на Акрэсьціна паводле стану здароўя», — сказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

Пры канцы жніўня Кавалькову арыштавалі на 10 сутак за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. 3 верасьня, ня выпусьціўшы з-за кратаў, асудзілі яшчэ на 15 сутак.

«Пасьля суду Кавалькову зьмясьцілі зноў у ЦІП. Аднак там яна заявіла пра тое, што ёй патрэбнае лекаваньне», — сказалі ў МУС.

5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве Вольга Кавалькова сказала, што пакінула Беларусь не па сваёй волі.

«Калі я знаходзілася за кратамі, то да мяне прыйшлі прадстаўнікі ўлады і сказалі, што калі я ня выеду, калі застануся ў краіне, то я вельмі доўга ня выйду з турмы. Яны прыехалі да мяне ў ізалятар, пасадзілі ў сваю машыну, надзелі капюшон, далі маску, паклалі на задняе сядзеньне і вывезьлі з ізалятара».

Паводле Вольгі Кавальковай, яе давезьлі да памежнага пераходу ў Брузгах каля Горадні, там яна праходзіла пашпартны кантроль.

«Яны (прадстаўнікі ўлады. — РС) перавезьлі мае рэчы празь мяжу і на нэўтральнай тэрыторыі прапанавалі мне выклікаць таксоўку. Але ехаў аўтобус на Варшаву, і польскія памежнікі папрасілі польскага кіроўцу, каб ён мяне падвёз».

09:07 6.9.2020

Пад покрывам ночы невядомыя зафарбавалі ў Менску надпіс «Не забудзем» побач зь месцам гібелі Тарайкоўскага

Уначы на Пушкінскай людзі ў масках зафарбавалі надпіс «не забудзем», «не даруем» каля стыхійнага мэмарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму

09:40 6.9.2020

Аднаго з затрыманых 5 верасьня журналістаў дагэтуль ня вызвалілі

Затрыманую 5 верасьня падчас акцыі ў Менску журналістку «Зялёнага партала» Насту Захарэвіч так і ня вызвалілі. У чым вінавацяць журналістку, невядома, паведаміла БАЖ.

5 жніўня падчас «Жаночага маршу» ў Менску затрымалі траіх журналістаў:

  • журналістку «Белсата» Алену Дубовік,
  • журналіста «Белсата» Максіма Калітоўскага (Гарчанка);
  • журналістку «Зялёнага парталу» Насту Захарэвіч.

Пасьля 20-й гадзіны затрыманых журналістаў «Белсату» вызвалілі, забраўшы тэхніку і склаўшы пратакол за працу без акрэдытацыі.

10:18 6.9.2020

Акцыя салідарнасьці зь беларусамі прайшла ў Парыжы

10:20 6.9.2020

Сьцягі над кварталам «Мэгаполіс» у Брылевічах

10:22 6.9.2020

Плян Лукашэнкі «размаўляць са студэнтамі і грамадзтвам» правальваецца

Меркаваньне аглядальніка Радыё Свабода Сяргея Навумчыка.

Нядаўняя заява Лукашэнкі, што ён ня пойдзе на перамовы з тымі, хто «парушае грамадзкі парадак», але гатовы да дыялёгу са студэнтамі і прадстаўнікамі грамадзкасьці, ня шмат каго ўвяла ў зман адносна верагодных удзельнікаў: безумоўна, меліся на ўвазе БРСМ, прапрэзыдэнцкая «Белая Русь» і заўсёды гатовы да гэткіх роляў Алег Гайдукевіч.

Цяпер, магчыма, Гайдукевічу давядзецца застацца ў адзіноце. І да жнівеньскіх падзеяў праўладныя арганізацыі ня мелі папулярнасьці ў насельніцтва, у іх уступалі пераважна прымусова — цяпер жа ўсё, што зьвязана з Лукашэнкам, успрымаецца значнай часткай грамадзтва рэзка адмоўна. Так, на выхад з БРСМ студэнты выстройваюцца ў чэргі.

Забаронай жа на ўезд у Беларусь мітрапаліта Кандрусевіча Лукашэнка зрабіў праблематычным і ўдзел у «дыялёгу» і рэлігійных канфэсіяў.

Дыялёг, у сапраўднасьць якога маглі б паверыць і беларускае грамадзтва, і міжнародная супольнасьць, магчымы толькі з тымі, хто выходзіць на плошчу і абвяшчае страйкі. Але ў пратэстоўцаў застаецца нязьменным галоўнае патрабаваньне: адстаўка Лукашэнкі, нагадвае аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

10:24 6.9.2020

Што робіць самалёт Лукашэнкі ў Базэлі?

У аэрапорце ў Базэлі, Швайцарыя, ужо тыдзень часу знаходзіцца самалёт Gulfstream G550, які выкарыстоўваецца кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам «у якасьці Air Force One» і ягоным сынам Віктарам Лукашэнкам як «бізнэс-самалёт», паведамляе швайцарскае выданьне Tages-Anzeiger.

Самалёт, паводле карэспандэнта выданьня Бэрнгарда Одэнала, вылецеў зь Менску 30 жніўня неўзабаве пасьля 13-й гадзіны і прызямліўся ў Базэлі празь дзьве гадзіны.

Міністэрства замежных справаў Швайцарыі сказала Tages-Anzeiger, што ня ведае, ці самалётам прыляцеў нехта зь сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ананімнай крыніцы, «якая добра ведае аэрапорт Базэлю», самалёт прыляцеў на тэхнічнае абслугоўваньне.

Аднак выданьне сумняваецца, што Gulfstream G550, коштам каля 60 мільёнаў даляраў, які быў пабудаваны ў ЗША вясной 2019 году і прададзены Беларусі восеньню таго самага году, патрабуе тэхнічнага абслугоўваньня.

«Капітальныя працы па тэхнічным абслугоўваньні не павінны быць неабходныя для такога маладога самалёта. А калі так, то чаму ў Швайцарыі? У аэрапорце Базэлю ёсьць кампаніі, якія спэцыялізуюцца ня толькі на рамонце, але і на шыкоўным абсталяваньні прыватных самалётаў», — піша Tages-Anzeiger.

10:58 6.9.2020

Нацбанк выпусьціць памятныя манэты да 100-годзьдзя Купалаўскага тэатру

Нацыянальны банк сёлета выпусьціць манэты ў гонар 100-годзьдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы:

  • 1100 срэбных манэт наміналам 20 рублёў,
  • 2499 медна-нікелевых манэт наміналам 1 рубель

У такой жа колькасьці адчаканяць манэты да 150-годзьдзя мастака Фэрдынанда Рушчыца.

Асноўная частка трупы тэатру звольнілася на знак салідарнасці генэральным дырэктарам тэатру Паўлам Латушкам і ў яксьці пратэсту супраць падзей, якія адбываюцца ў краіне пасля 9 жніўня. Больш за 60 супрацоўнікаў тэатру засталіся бяз працы.

Тэатар адмяніў спэктаклі да канца лістапада.

11:10 6.9.2020

Улады пасьлядоўна выштурхоўваюць найбольш небясьпечных для рэжыму людзей за мяжу

Камэнтар экспэрта Свабоды Валера Карбалевіча

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова пакінула Беларусь не па сваёй волі. Яе вывезьлі зь турмы на Акрэсьціна ў Польшчу.

Рэжым выкарыстоўвае такую тактыку не ўпершыню. Чым садзіць сваіх апанэнтаў за краты, лепш выціснуць за мяжу. Там яны менш небясьпечныя. Да таго ж можна заўсёды сказаць, што яны агенты Захаду.

Віктар Бабарыка перад сваёй пасадкай апавядаў, што яму настойліва рэкамэндавалі зьехаць за мяжу, «зьлівалі» інфармацыю, што рыхтуецца арышт. Ён не паслухаўся...

А Валер Цапкала пад пагрозай крымінальнай справы зьехаў. Усьлед за ім – ягоная жонка Вераніка.

Потым была драматычная гісторыя з вывазам за мяжу Сьвятланы Ціханоўскай. Лукашэнка нават хваліцца, маўляў, я яе вывез.

Мінулым тыднем не пусьцілі ў Беларусь мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Вось цяпер Вольгу Кавалькову вывезьлі.

Ёсьць асьцярога, што могуць не пусьціць у Беларусь Паўла Латушку.

Гэта частковы адказ на пытаньне, чаму ў беларускай рэвалюцыі няма лідэраў.

11:24 6.9.2020

У Менску ачапілі Кастрычніцкую плошчу і плошчу Незалежнасьці

11:27 6.9.2020

МУС: 5 верасьня за ўдзел у акцыях пратэсту затрымалі 91 чалавека

Паводле афіцыйных падлікаў МУС, акцыі прайшлі ў 18 населеных пунктах, у іх удзельнічалі каля 4 тысяч чалавек.

У Менску людзі зьбіраліся ў васьмі месцах.

Міліцыя затрымала 91 чалавека, зь іх 34 пакінулі за кратамі да суду.

12:15 6.9.2020

Кіраўнік МЗС Літвы выказаў расчараваньне палітыкай Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі

Паводле міністра замежных справаў Літвы Лінаса Лінкявічуса, давер да зьнешняй палітыкі Эўразьвязу падарваны адсутнасьцю дзеяньняў у дачыненьні да Беларусі, дзе Брусэлю неабходна заахвочваць дэмакратыю і супрацьстаяць уплыву Расеі.

«Часам мы рэагуем занадта позна, і нашы захады фрагмэнтарныя і ня робяць ніякага ўражаньня на грамадзтва і людзей ва ўладзе», — сказаў Лінкявічус у інтэрвію выданьню Financial Times. — Калі мы ня будзем дакладна выконваць свае нацыянальныя абавязаньні, гэта разбурыць наш уласны падмурак».

Лінкявічус падкрэсьліў, што Эўропа павінна аказаць «значную і адчувальную падтрымку беларускай апазыцыі».

«Беларускі народ не павінен адчуваць сябе пакінутым. Мы павінны даць яму пэрспэктыву быць сярод дэмакратычных дзяржаў», — дадаў ён.

12:15 6.9.2020

Сайт газэты «Народная воля» не працуе, у рэдакцыі мяркуюць, што яго ўзламалі

6 верасьня перастаў адкрывацца сайт газэты «Народная воля». У Telegram-канале выданьня гаворыцца, што, паводле папярэдняй ацэнкі, гэта ўзлом.

Пры спробе пераходу ў карыстальнікаў з антывірусам зьяўляецца надпіс: «Заблякаваны вэб-адрас, які можа быць выкарыстаны зламысьнікамі для нанясеньня шкоды кампутару і пэрсанальных дадзеных». Альбо адбываецца пераадрасацыя на іншы рэсурс.

Дзяржаўны «Беларускі дом друку» адмаўляецца друкаваць газэту «Народная воля», наклад выдаюць у Расеі. Пры гэтым службы экспэдыцыі ня хочуць дастаўляць наклад падпісчыкам і праз кіёскі.

На распараджэньне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру раней былі заблякаваныя некалькі дзясяткаў сайтаў незалежных СМІ і грамадзка-палітычных рухаў.

12:32 6.9.2020

«Гэта трагедыя ўсяго нашага народа». Што сказаў біскуп Юры Касабуцкі падчас імшы за забітых і катаваных

5 верасьня ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены адбылася імша за пацярпелых, забітых і зьняволеных на мірных акцыях пратэсту ў Беларусі.

Да іх духоўна далучыліся яшчэ каля 3 тысяч вернікаў, якія глядзелі онлайн-трансьляцыю набажэнства на партале Catholic.by.

Падчас службы з плошчы Незалежнасьці чуліся папярэджаньні «аб незаконнасьці ўдзелу ў масавым мерапрыемстве», былі падагнаныя аўтазакі.

Пакуль арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіцца ў выгнаньні і ня мае магчымасьці вярнуцца на радзіму, генэральны вікарый Юры Касабуцкі ажыцьцяўляе пастырскае кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

У прамоўленай гаміліі ён нагадаў, якія жудасьці давялося перажыць многім удзельнікам мірных акцый у розных месцах Беларусі і што некаторыя ўжо ніколі ня вернуцца дадому.

12:41 6.9.2020

У Менску закрылі станцыі мэтро

  • Плошча Якуба Коласа;
  • Плошча Перамогі;
  • Кастрычніцкая і Купалаўская;
  • Плошча Леніна
  • Пушкінская
12:52 6.9.2020

Плятформа «Голас» палічыць удзельнікаў нядзельных маршаў пратэсту

Стваральнікі інтэрнэт-плятформы «Голас» выступілі з ініцыятывай падлічыць колькасьць пратэстоўцаў у Беларусі пры дапамозе рэсурсаў Viber і Telegram.

«Каб пратэстоўца палічылі, яму трэба ўстанавіць чат-бот „Галасу“ у Viber або Telegram. У дзень прагулкі даслаць боту каманду: #ягуляю. Гэта можна зрабіць да і падчас мітынгу ці пасьля яго — калі раптам узьнікнуць цяжкасьці з інтэрнэтам», — прапанаваў адзін са стваральнікаў плятформы Павал Лібер.

Каманда будзе дзейнічаць суткі. Падлікі арганізатары будуць праводзіць па нядзелях, а таксама ў іншыя дні, пра якія будзе паведамляцца асобна.

Плятформу забясьпечаць спэцыяльным лічыльнікам, на якім у рэжыме рэальнага часу будзе адлюстроўвацца колькасьць тых, хто прагаласаваў, паабяцалі распрацоўнікі.

12:55 6.9.2020

У цэнтар Менску ідуць калёны з Аўтазаводу і Партызанскага праспэкту, Лошыцы, Новай Баравой, Сухарава. На чыгуначным вакзале грае «Перемен».

У цэнтры ж ачапілі калючым дротам і плошчу Перамогі, і Палац Рэспублікі. У палацы – вайскоўцы, перадае журналіст Свабоды.

13:11 6.9.2020

«Наша ніва» паведамляе, што на «Барысаўскім тракце» затрымалі прынамсі адну дзяўчыну з групы людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

13:33 6.9.2020

На Партызанскім праспэкце каля мотавелазаводу шыхт амапаўцаў рухаецца на ўсю шырыню ходніка ў кірунку ад цэнтра гораду

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG