Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марш адзінства» ў Менску пад дажджом
«Марш адзінства» ў Менску пад дажджом

Сотні тысяч удзельнікаў «Маршаў адзінства» і сотні затрыманых. Што адбываецца на 29-ты дзень пратэстаў

абноўлена

Што адбываецца ў Менску і іншых гарадах Беларусі на 29-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

23:09 6.9.2020

23:09 6.9.2020

Ля Заводзкага РУУС сваякі чакаюць затрыманых

Каля сотні чалавек чакаюць каля Заводзкага РУУС у Менску, калі вызваляць іх затрыманых сяброў і сваякоў.

23:08 6.9.2020

Выйшаў на волю звольнены актывіст «Белшыны». На яго склалі яшчэ 2 пратаколы, міліцыя прыходзіла дахаты

З бабруйскага ізалятара пасьля 7 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю Віталь Красьніцкі, адзін з ініцыятараў стварэньня страйкаму на «Белшыне», звольнены 27 жніўня нібыта за прагул.

Актывіст кажа, што асудзілі яго за ўдзел у мясцовай акцыі пратэсту 30 жніўня. Па ягоных словах, у аддзеле міліцыі, куды яго даставілі адразу па затрыманьні, яму абвязалі твар бел-чырвона-белым сьцягам, паклалі на падлогу і пад галаву паклалі туфлі. Паводле Красьніцкага, такім чынам міліцыянты імкнуліся ня даць яму магчымасьці нанесьці сабе цялесныя пашкоджаньні. 28 жніўня, калі Віталя Красьніцкага затрымалі першы раз, ён сам сабе разьбіў нос, каб дамагчыся вызваленьня.

Красьніцкі кажа, што пасьля ляжаньня на падлозе ў міліцыі з ізалятара выйшаў брудны. Таксама адзначае, што на яго склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы. Паводле ягоных зьвестак, міліцыя шукае падставы, каб пачаць і крымінальны перасьлед.

Пакуль Віталь Красьніцкі быў у ізалятары, да яго дамоў прыходзілі міліцыянты зь невядома якімі намерамі. У кватэры, аднак, быў брат. Гэтага, кажа суразмоўца, яны не чакалі і сышлі.

22:39 6.9.2020

У Менску сілавікі затрымалі 12-гадовага падлетка

З Цэнтральнага РУУС у суправаджэньні маці выпусьцілі 12-гадовага падлетка Яраслава, паведамляе Onliner. Ён не адмаўляе, што быў на пратэсьце: пайшоў туды сам, бязь ведама бацькоў. Да яго падышлі чацьвёра амапаўцаў, пасадзілі ў мікрааўтобус і прывезьлі ў Цэнтральнае РУУС.

У падлетка папрасілі тэлефон у разблякаваным выглядзе. Калі сілавікі ўбачылі ў ім ролік зь мітынгу, забралі смартфон «на экспэртызу», якая можа доўжыцца да 10 дзён.

Маці падлетка сказалі, што могуць быць прававыя наступствы: пастаноўка на ўлік па справах непаўналетніх.

22:34 6.9.2020

Міністар Караеў: больш гуманнай міліцыі няма ў сьвеце, а нас троляць сінякамі

У эфіры тэлеканалу СТВ міністар унутраных спраў Юры Караеў заявіў, што 30 супрацоўнікаў міністэрства па-ранейшаму знаходзяцца ў шпіталях «зь цяжкімі пашкоджаньнямі».

«Нас тут спрабуюць затроліць нейкімі сінякамі, а я скажу так: калі з 9-га па 10-га восем наездаў спэцыяльна зробленых, 11 пацярпелых, у некаторых трайныя пераломы, дзякуй Богу, што ўсе жывыя. Гэта можна параўнаць зь сінякамі? Кажуць пра жорсткасьць беларускай міліцыі, а я хачу сказаць так: больш гуманнай, вытрыманай і халаднакроўнай міліцыі няма нідзе ў сьвеце».

Раней экспэрты ААН заявілі, што ім вядома пра 450 задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, пазбаўленымі волі пасьля «спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў» 9 жніўня, якія прывялі да масавых пратэстаў і арыштаў. Месцазнаходжаньне і стан здароўя як найменей 6 чалавек невядомыя іх сваякам. Таксама экспэрты ААН атрымалі паведамленьні пра гвалт у адносінах да жанчын і дзяцей, у тым ліку пра сэксуальны гвалт і згвалтаваньне гумовымі дубінкамі.

22:16 6.9.2020

Менск: Міліцыя з дубінкамі б’е шкло і зьбівае людзей

Вось так затрымлівалі людзей падчас сёньняшніх пратэстаў у Менску.

20:56 6.9.2020

Эколяга Ірыну Сухій абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі 3 верасьня. Яе нават не было ў Менску

Дачка Ірыны расказала, што каля 13.30 6 верасьня невядомыя людзі прыйшлі ў кватэру і забралі маці «на размову». «Яна пыталася, ці браць пашпарт, зьбіраць рэчы, ёй сказалі: „Мы вас не затрымліваем, гэта проста размова“, — кажа дзяўчына. — Дазволілі ёй апрануцца пры адчыненых дзьвярах».

Сухій даставілі ў Савецкае РУУС, доўгі час дзяжурны РУУС адмаўляў сям‘і, што яна там. Празь некалькі гадзін у кватэру, дзе пражывае Ірына, прыйшлі з вобшукам. У кватэры была толькі 93-гадовая маці Ірыны Сухій. «Бабуля ўвогуле не разумела, што адбываецца, яна ня ведала, што маму затрымалі, — кажа дачка Сухій. — Я прыйшла ўжо пад канец вобшуку, калі яны ўжо адабралі ўсё, што хацелі. Не было ані панятых, нікога».

Суд над Ірынай Сухій мае адбыцца 7 верасьня. Па зьвестках сям’і, яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 3 верасьня. «Яна ў гэты вечар зьехала на хутар, шмат людзей гэта ведаюць», — кажа дачка.

20:38 6.9.2020

У адным зь людзей, якія разьбілі вітрыну на Нямізе, пазналі начальніка ГУБАЗіК

На фота і відэа нападу на кавярню заўважылі чалавека, вельмі падобнага да начальніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Мікалая Карпянкова. Менавіта чалавек у кепцы з надпісам «МВД» і пачаў біць шкляныя дзьверы.

Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці гэта Мікалай Карпянкоў біў шкляныя дзьверы ў кавярні, прэсавая сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава сказала, што «ні пацьвердзіць, ні абвергнуць» гэта пакуль ня можа.

Пазьней у камэнтары Onliner Чамаданава сказала, што, на яе думку, у кавярні O'Petit адбылося вось што: «Супрацоўнікі міліцыі перасьледавалі актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства (менш за 10 чалавек), якія іх правакавалі, а потым паспрабавалі схавацца ў кавярні».

20:17 6.9.2020

У Бабруйску машына са сьцягамі за дзень «зарабіла» 4 пратаколы

6 верасьня ў Бабруйску двойчы затрымлівалі адну машыну, якая ня мела адносінаў да шэсьця, але езьдзіла са сьцягамі.

Першы раз мікрааўтобус спынілі ля ўезду ў Бабруйск, у вёсцы Сычкава — бо пасажыр у адчыненае вакно махаў бел-чырвона-белым сьцягам. За гэта атрымаў штраф 81 рубель. Потым у горадзе машыну з малым сьцяжком на лабавым шкле і вялікім сьцягам у салёне ў бакавым вакне спынілі яшчэ раз, ажно дзьвюма машынамі ДПС і міліцыі. Агулам за сьцягі і знойдзеныя ў машыне парушэньні кампанія з 4 чалавек зарабіла 4 пратаколы.

Тры пратаколы машыне са сьцягамі, чацьверты ў гэты момант выпісваюць
Тры пратаколы машыне са сьцягамі, чацьверты ў гэты момант выпісваюць

20:06 6.9.2020

Чацьвёрты марш пасьля выбараў: сотні тысяч людзей, АМАП і вайсковая тэхніка

20:00 6.9.2020

МУС: у Менску ДАІ знайшла ў машыне сякеру, нажы і налепкі з надпісам «Страйк»

Як паведаміла ​прэс-сакратарка МУС у Тэлеграме, 6 верасьня супрацоўнікі ДПС ДАІ Ленінскага РУУС Менску на Партызанскім праспэкце зьвярнулі ўвагу на аўтамабіль Opel. Пабачыўшы міліцыянтаў, кіроўца выскачыў з машыны і ўцёк. У салёне і багажніку аўто міліцыянты знайшлі «недзяржаўную атрыбутыку, некалькі нажоў розных відаў, сякеру, налепкі з надпісамі «Страйк», «Мы патрабуем перамоваў з народам». Міліцыя праводзіць праверку.

19:47 6.9.2020

Праваабаронцы: больш за 170 чалавек затрымана толькі ў Менску

Праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы ўжо прынамсі 179 затрыманых за сёньня толькі ў Менску. Гэта не канчатковая лічба, затрыманьні працягваюцца. Сярод затрыманых у Менску – расейскі блогер Аляксей Раманаў, які ўжо шмат дзён асьвятляе беларускія пратэсты.

Таксама вядома пра затрыманых падчас акцый пратэсту ў Горадні, Берасьці, Магілёве, Віцебску, Браславе, Пінску, Баранавічах, Шчучыне.

19:34 6.9.2020

Запрацавалі ўсе станцыі мэтро

У 19.15 адкрытыя ўсе станцыі менскага мэтро. Мэтро працуе ў штатным рэжыме.

19:28 6.9.2020

МУС не называе колькасьці затрыманых падчас акцый

Прэсавая сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава сказала Свабодзе, што дакладная лічба затрыманых у Менску і па Беларусі на гэта момант невядомая: «Несанкцыянаваная акцыя яшчэ працягваецца, інфармацыя будзе заўтра раніцай».

Наконт невядомых у масках, якія дубінамі білі вітрыны і дзьверы ў кавярні ў Менску на Нямізе, яна сказала: «Ня ведаю, хто гэта быў, будзем разьбірацца».

19:06 6.9.2020

МУС: у Віцебску затрымалі больш за 10 чалавек, пратэстовец напаў на міліцыянта

Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што ў Віцебску 6 верасьня пры «спыненьні супрацьпраўных дзеяньняў з боку ўдзельнікаў несанкцыянаванага масавага мерапрыемства невядомы нанёс удар у вобласьць галавы супрацоўніку міліцыі».

Адзін з удзельнікаў акцыі, паводле МУС, аказаў актыўны супраціў і распыліў сьлезацечны газ у бок міліцыянтаў, пасьля чаго паспрабаваў схавацца. Пры затрыманьні ў дачыненьні да яго ўжывалі фізычную сілу і спэцсродкі. За гвалт у дачыненьні да міліцыянта завялі крымінальную справу.

Паводле МУС, сёньня ў Віцебску агулам затрымалі больш за 10 чалавек.

19:01 6.9.2020

Менск: затрыманьні ў розных частках гораду

Відавочцы паведамляюць, што аўтазакі едуць па праспэкце і пэрыядычна спыняюцца ля праезнай часткі. Сілавікі ў цывільным, у масках і бронекамізэльках, з дубінкамі ў руках хапаюць людзей. Частка людзей забегла ў кавярню на праспэкце Пераможцаў, гаспадары зачынілі ўваход, але сілавікі разьбілі дзьверы і выцягнулі адтуль людзей.

18:57 6.9.2020

Акцыя ў Мазыры

18:55 6.9.2020

Кароткія высновы па сьлядах пратэставай нядзелі ад экспэрта Свабоды Валера Карбалевіча

З кожным днём узмацняюцца рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Зноў пачаліся брутальныя затрыманьні. Гайкі заціскаюцца паціху, але толькі ў адзін бок. Была спроба не дазволіць розным калёнам у Менску аб'яднацца.

Аднак, нягледзячы на рост рэпрэсій, акцыя адбылася ў традыцыйным фармаце і маштабе. На вуліцы выйшла больш за 100 тысяч чалавек. Зьбіць пратэставы патэнцыял уладам пакуль не ўдаецца.

Зьяўленьне ў Менску студэнтаў было заўважна ў сярэдзіне тыдня, калі яны ладзілі розныя акцыі і надалі пратэсту новы імпульс.

Мне цікава, чаму сілавікі не прапускаюць пратэстоўцаў на плошчу Незалежнасьці, а затое дазваляюць рухацца і нават падыходзіць да Палаца Незалежнасьці? Магчыма, проста таму, што праспэкт Незалежнасьці вузейшы, яго можна лёгка перакрыць. А паспрабуй перакрыць шырачэзны праспэкт Пераможцаў.

18:32 6.9.2020

Горадня: большасьць удзельнікаў акцыі разышлася

У Горадні затрымлівалі і непаўналетніх. Некалькі дзясяткаў чалавек працягваюць стаяць каля ўнівэрсаму «Брэст», большасьць разышлася. Тут жа стаяць аўтазак і міліцэйскі аўтобус. Прыяжджалі сьледчыя, рабілі фота месца, дзе затрымлівалі людзей.

18:29 6.9.2020

Менск: да рэзыдэнцыі Лукашэнкі едзе калёна аўтазакаў, пачаліся затрыманьні

З праспэкту Машэрава паўз стэлу да Палаца Незалежнасьці паехала калёна аўтазакаў і сініх аўтобусаў без нумароў, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Там ля кардону сілавікоў яшчэ застаюцца дэманстранты.

Каля Палаца Незалежнасьці пачалі затрымліваць людзей. Хапаюць усіх: і мужчын, і жанчын.

Пасьля таго як каля стэлы і Палаца Незалежнасьці пачаліся затрыманьні, у Менску закрылі станцыю мэтро «Няміга». У раёне Нямігі таксама затрымліваюць людзей.

Некаторыя, каб пазьбегнуць затрыманьня, пачалі скакаць у ваду. Супрацоўнікі ОСВОД дастаюць людзей з вады, садзяць у човен і адвозяць на другі бераг, каб іх не затрымалі, паведамляе Nexta.

Затрыманьні працягваюцца.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG