Пад покрывам ночы невядомыя зафарбавалі ў Менску надпіс «Не забудзем» побач зь месцам гібелі Тарайкоўскага
Уначы на Пушкінскай людзі ў масках зафарбавалі надпіс «не забудзем», «не даруем» каля стыхійнага мэмарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму
Як Кавалькова з ізалятара трапіла ў Літву? Вэрсія МУС — «вызвалілі па стане здароўя»
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову адпусьцілі з ізалятара на лекаваньне, паведамілі ў МУС Беларусі карэспандэнту «Интерфакс-Запад».
«Кавалькову адпусьцілі з ЦІП на Акрэсьціна паводле стану здароўя», — сказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.
Пры канцы жніўня Кавалькову арыштавалі на 10 сутак за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. 3 верасьня, ня выпусьціўшы з-за кратаў, асудзілі яшчэ на 15 сутак.
«Пасьля суду Кавалькову зьмясьцілі зноў у ЦІП. Аднак там яна заявіла пра тое, што ёй патрэбнае лекаваньне», — сказалі ў МУС.
5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве Вольга Кавалькова сказала, што пакінула Беларусь не па сваёй волі.
«Калі я знаходзілася за кратамі, то да мяне прыйшлі прадстаўнікі ўлады і сказалі, што калі я ня выеду, калі застануся ў краіне, то я вельмі доўга ня выйду з турмы. Яны прыехалі да мяне ў ізалятар, пасадзілі ў сваю машыну, надзелі капюшон, далі маску, паклалі на задняе сядзеньне і вывезьлі з ізалятара».
Паводле Вольгі Кавальковай, яе давезьлі да памежнага пераходу ў Брузгах каля Горадні, там яна праходзіла пашпартны кантроль.
«Яны (прадстаўнікі ўлады. — РС) перавезьлі мае рэчы празь мяжу і на нэўтральнай тэрыторыі прапанавалі мне выклікаць таксоўку. Але ехаў аўтобус на Варшаву, і польскія памежнікі папрасілі польскага кіроўцу, каб ён мяне падвёз».
У Бялынічах напярэдадні Дня беларускага пісьменства затрымалі мясцовых актывістаў.
У Бялынічах 5 верасьня затрымалі мясцовых актывістаў Яўгенію Мяцеліцу і Ўладзіслава Лістраценку. 6 верасьня ў горадзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства, паведаміў «Магілёўскі рэгіён».
У супрацоўнікаў ДАІ ўзьніклі сумневы наконт VIN-нумара аўтамабіля і яны даставілі актывістаў да будынка Бялыніцкага РАУС. Там іх затрымалі міліцыянты, склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і пакінулі пад вартай.
Акцыі пратэсту супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў праходзілі ў Бялынічах на працягу некалькіх дзён з 14 да 19 жніўня.
Паводле сяброў Мяцеліцы і Лістраценкі, актывістаў затрымалі, каб унікнуць магчымых акцый падчас афіцыйнага сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства.