Андрэя Чумачэнку, ягоную жонку Ганну Селядзеўскую і сына Віктара ранкам 9 жніўня затрымалі ў іхнай кватэры на праспэкце Леніна ў Гомлі супрацоўнікі АМАП. У рапартах амапаўцы напісалі, што ўсіх траіх затрымалі на вуліцы Кірава за нібыта непадпарадкаваньне.
Андрэя Чумачэнку суд пакараў арыштам на 12 дзён. Ягонаму сыну Віктару прысудзілі 15 дзён арышту, а жонцы Ганьне — штраф 20 базавых велічыняў. 4 верасьня яны абскарджваюць рашэньні раённага суду ў абласным.
У абласны суд сям‘я прывяла сьведак — суседзяў, якія бачылі, як іх затрымалі ўва ўласнай кватэры. Але судзьдзя Васіль Бягун паведаміў, што паводле закону суд другой інстанцыі ня мае патрэбы ў сьведках. Ён папікнуў Ганну Селядзеўскую — чаму яна ня выклікала сьведак на першы суд.
«Як гэта было магчыма? Суд у мяне быў пяць хвілін, я наагул не разумела, за што мяне схапілі і судзілі», — адказала Ганна.
Урэшце судзьдзя перанёс суд «дзён на дзесяць», каб дасьледаваць справу.
«Бо як так можна ўзяць і напісаць проста зь неба?»
Сям‘я расказала нам, што здарылася зь імі 9 жніўня, ранкам, да выбараў.
«Ранкам бабуля забрала маю малодшую сястру, ёй 7 гадоў. А мы ўтраіх былі дома, пілі гарбату, — апавядае 22-гадовы Віктар Чумачэнка. — Раптам стук у дзьверы. Я падумаў, мо суседзі чаго папрасіць прыйшлі. Адчыніў дзьверы — стаяць двое, падпалкоўнік і маёр, а зь імі чатыры амапаўцы у балаклавах. Яны пачалі казаць, што на нас скардзяцца суседзі, нібыта ў нас шум у кватэры, і чамусьці разбрыліся па пакоях».
Міліцыянты і АМАП запатрабавалі, каб усе трое праехалі ў РАУС для нейкага разбору.
«Я кажу: вы ж упэўнілася, што ў нас ціха? Для чаго нам ехаць у міліцыю? Але яны настойвалі, мы мусілі ехаць. Там нас раскідалі па кабінэтах. Ува ўсіх міліцыянтаў я пыталася: за што нас затрымалі? Ніхто нічога не адказваў. Толькі адзін міліцыянт сказаў: «Я патлумачу вам потым. Але вы ўсё роўна не зразумееце», — дадала Ганна.
Потым на яе, мужа і сына склалі пратаколы ў тым, што іх затрымалі на вуліцы Кірава, 1 за «непадпарадкаваньне міліцыі» (артыкул 23.4 КаАП).
Паводле рапартаў, якія склалі на сям’ю супрацоўнікі АМАП, яны на вуліцы Кірава сустрэлі Віктара, падобнага да нейкага злачынцы, які скраў музычную калёнку. АМАП нібыта спрабаваў затрымаць маладога чалавека, але той упіраўся, абураўся, лаяўся матам. А яго бацькі ў гэты час таксама «адбівалі» сына ад АМАП.
«Я пыталася ўва ўсіх міліцыянтаў: ці праходзяць яны мэдыцынскі агляд? У прыватнасьці псыхіятра? Бо як так можна — узяць і напісаць проста з неба? Натуральна, я ведаю, што адбываецца ў нашай краіне. Але калі сутыкаесься непасрэдна... У РАУС я пыталася ў АМАПаўцаў: «Няўжо вы будзеце сьцьвярджаць, што затрымалі нас на Кірава, калі вы нас забралі ўсіх з дому?» Ён глядзеў такімі вачамі з-пад балаклавы, як у бараноў, і сказаў: «Я яшчэ падумаю», — апавяла Ганна.
«Я павесіў на балькон маленькі бел-чырвона-белы сьцяжок»
Віктар і Андрэй прасядзелі ў гомельскім СІЗА па шэсьць дзён. 15 жніўня жыхары Гомля запатрабавалі ад старшыні аблвыканкаму Генадзя Салаўя вызваліць затрыманых. І вечарам 15 жніўня большасьць арыштаваных вызвалілі.
Пасьля вызваленьня Ганна, яе муж і сын напісалі скаргі ў Цэнтральны РАУС і Сьледчы камітэт, каб прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў АМАП Архіпенку і Сердзюка, якія склалі на іх рапарты. Цэнтральны РАУС адказаў, што дзеяньні супрацоўнікаў былі правамоцныя. Сьледчы камітэт пакуль ня даў адказу.
«Рэч у тым, што я павесіў на балькон маленькі бел-чырвона-белы сьцяжок. Яго бачылі суседзі і ня толькі. Бо наш балькон выходзіць на задні двор аблвыканкаму. Нас узялі, хутчэй за ўсё, за той сьцяжок», — мяркуе Віктар.
Ганна губляецца і сёньня ў здагадках, за што іх «узялі». «Можа, гэта зьвязана з нашай актыўнай пазыцыяй — мы ўдзельнічалі ў зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў», — лічыць Ганна.