Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17-гадовы Цімур М. з допыту ў Сьледчым камітэце зноў трапіў у шпіталь. Пад канвоем


17-гадовы Цімур М., якога жорстка пабілі ў Партызанскім РУУС і які знаходзіўся ў коме, 3 верасьня са Сьледчага камітэту пад канвоем трапіў у шпіталь. У падлетка моцныя панічныя атакі. Адвакаты прыехалі ў шпіталь, але іх пакуль не дапускаюць да хлопца.

3 верасьня 17-гадовага Цімура выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт у справе ўдзелу ў масавых беспарадках (артыкул 293 КК). Позна ўвечары Сьледчы камітэт выставіў відэа.

СК сьцьвярджае, што падчас вывучэньня шматлікіх запісаў камэраў відэаназіраньня сьледчыя вызначылі, што 17-гадовы Цімур М., які запаў у кому пасьля жорсткага зьбіцьця амапаўцамі, знаходзіўся «ў эпіцэнтры масавых беспарадкаў» 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага ў Менску. Акрамя гэтага, паводле СК, сьледчыя выявілі дачыненьне Цімура М. да ўзброенага нападу на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ, які прыехаў эвакуаваць няспраўны тралейбус. На некаторых кадрах, выстаўленых Сьледчым камітэтам, няма даты відэаздымкі. Нават на першы погляд відаць нестыкоўкі: у пераходзе мэтро хлопец ідзе ў ярка-жоўтай спартовай курцы паверх тэніскі ў чырвона-чорную палоску. Дата і час здымак не пазначаныя. На наступных кадрах нібыта на вуліцы хлопец бяз курткі. Кадры пазначаныя датай 10 жніўня, часам 22.47 і 23.05.

Відэазапісаў з Партызанскага РУУС, дзе, паводле Цімура М. і яго сваякоў, хлопца білі і катавалі, СК дагэтуль не апублікаваў.

Пасьля выпіскі зь дзіцячага шпіталя хлопец знаходзіўся ў кватэры сястры — у яго здараліся частыя панічныя атакі.

4 верасьня стала вядома, што пасьля допыту ў Сьледчым камітэце Цімур зноў трапіў у шпіталь. Ужо ня ў 3-і дзіцячы, а ў 2-і клінічны шпіталь — і пад канвоем.

Сястра Цімура пацьвердзіла Свабодзе, што сваякі знаходзяцца ў шпіталі. Да Цімура прыехалі два адвакаты, але іх пакуль не дапускаюць да падабароннага.

Цімур М. 13 жніўня трапіў у рэанімацыю 3-га дзіцячага шпіталю з Партызанскага РУУС Менску. У яго некалькі цяжкіх траўмаў, у тым ліку адкрыты пералом верхнесківіцавай пазухі, сутаргавы сындром, траўматычныя эрозіі празарокі абодвух вачэй. Сваякам Цімур расказаў, што ў Партызанскім РУУС яго катавалі. З словаў маці, Цімур быў затрыманы 12 жніўня, калі зьбіраўся зь сябрам на рыбу.

26 жніўня былы міністар здароўя, а цяпер старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік, наведваючы прадпрыемства «Гродна Азот», заявіў, што пацярпелы падлетак быў пад псыхатропамі і таму «атрымаў у морду». Мэдычныя дакумэнты, якія былі ў распараджэньні бацькоў, наяўнасьці псыхатропаў у арганізьме Цімура не пацвярджаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG