Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заткні еб***, с***». 55-гадовая гарадзенка пры затрыманьні ўкусіла амапаўку. Яе зьбілі, а цяпер завялі крымінальную справу


Марына Палікарпава
Марына Палікарпава

Жыхарку Горадні Марыну Палікарпаву затрымалі 9 жніўня і зьбілі супрацоўніцы АМАП. Пазьней на яе завялі крымінальную справу, бо жанчына ўкусіла амапаўку.

Марыне Мікалаеўне 55 гадоў. Працуе правізарам у аптэцы. Увечары 9 жніўня яна з братам пайшла ў цэнтар Горадні пагуляць. У мітынгу ня ўдзельнічала, ня мела пры сабе ніякай сымболікі. Знаходзілася ў сквэры побач з Савецкай плошчай, убаку ад асноўных падзей. За ўдзел у мітынгу атрымала трое сутак. Ніжэй расказ Марыны Палікарпавай пра тое, што адбылося.

«Яны (супрацоўнікі АМАП. — РС) прыкладна ў гэты час атрымалі каманду. Рэзка ўвесь гэты ланцуг дастаў дручкі і пабеглі на гэтых людзей, біць. Я спужалася. Ззаду стаяў амапавец у шлеме, ён ня бег. Я ў яго запыталася: «Я баюся, нешта пачынае адбывацца. Куды можна прайсьці, куды можна выйсьці? Я тут выпадкова аказалася. Туды цераз сквэр можна прайсьці?» Ён мне: «Не, нельга». — «А куды». Ён паказаў на тралейбусны прыпынак. Я туды пайшла, а там машына стаіць, не аўтазак, а бус.

Мужчына бяз формы адразу мяне забраў у бус, пачаў на мяне гарлаць: «Пашпарт давай! Зараз пратакол на цябе напішам. Атрымаеш 20 базавых або 25». Я збаялася, але без усялякага супраціву села ў бус. Думала, павязе мяне ў міліцыю.

Ён мяне правёз па Савецкай вуліцы, дзе помнік Сакалоўскаму. Там стаяла іншая машына, не міліцэйская, бус. Ён мне сказаў пераходзіць. Я перайшла. Там дзьве дзяўчыны ў цывільным адзеньні, у мэдыцынскіх масках. Сьпераду сядзеў чалавек у міліцэйскай форме.

Цяпер дакладна не ўзгадаю, чаму размова пра пашпарт зайшла. Хіба яна мне сказала: «Ты, пэўна, у Польшчы жывеш». Я кажу: «Вось мой пашпарт, паглядзіце, дзе я жыву. Увогуле мне сказалі пашпарт даваць, бо пратакол будзеце складаць. Даваць пашпарт ці не даваць?» На што яна мне адказвае: «Заткні еб***, с***».

У мяне вочы па пяць капеек. Я кажу: «А гэта як разумець? Вы, дзяўчаты, так сябе паводзіце. Вы, пэўна, на працы знаходзіцеся. Чаму вы так выражаецеся? Я нешта зрабіла?». Ім не спадабалася, што я ім кажу. Пачалі мяне біць рукамі і нагамі. Ударылі першы раз у плячо і ў сьцягно, каб я ўпала ў крэсла.

Сінякі на руках пасьля трох дзён затрыманьня
Сінякі на руках пасьля трох дзён затрыманьня

Я ім тады культурна, ветліва кажу: «Даруйце мне, але калі вы мяне б’яце, то хоць прадстаўцеся, хто мяне б’е. Я заўтра пайду здымаць пабоі, то павінна буду сказаць, хто мяне біў». — «Ха-ха-ха, хі-хі-хі. Я Маша Лукашэнка, а я Насьця Лукашэнка». — «А пры чым тут Лукашэнка?» — «Не заткнесься, мы зараз на цябе кайданкі надзенем». — «Вось, надзявайце кайданкі, калі я такая небясьпечная».

Надзелі кайданкі так, што адзін расшпіліўся. Я вазьмі і бразьні: «Ня можаце нават нармальна кайданкі надзець». — «Ах, табе не падабаецца, што сьпераду кайданкі зашпілілі! Зараз надзенем так, што табе спадабаецца». Яны пачалі ўдваіх мяне мяцеліць, куды трапляла. Твар мне разьбілі. У мяне на твары былі акуляры, была ранка. Потым я старалася твар прыкрыць, бо я працую ў аптэцы. Як я пайду на працу з разьбітым тварам? Я ж ня думала, што мяне на трое сутак пасадзяць.

Мне трэба было рукі за сьпіну заламаць. Яна (супрацоўніца АМАП) пачала мяне душыць. Я галаву апусьціла. Хто ж дасьць сябе душыць? Я яе за руку і ўкусіла. Калі была вочная стаўка, мой адвакат запыталася ў міліцыянткі: «А дзе вашыя пашкоджаньні? Я ніякіх пашкоджаньняў на вас ня бачу. А Марына Мікалаеўна ўся сіняя». Другая сказала, што я ёй падрапала лоб.

Ранка пад вокам ад разьбітых акуляраў
Ранка пад вокам ад разьбітых акуляраў

Яны ўдваіх спрабавалі мяне скруціць. Усё-такі скруцілі. Паклікалі: «Віця». Ён зьверху мяне па галаве кулаком бабах. Першыя тры дні я шыяй не магла паварушыць. Ён мне зашпіліў кайданкі так, што кроў з рук пайшла. Заколку з валасоў вырвалі. У мяне валасы доўгія, наперад на твар. І ў такім стане мяне на Дубко (РАУС Ленінскага раёну Горадні. — РС) пратрымалі каля трох гадзін у кайданках.

Там затрыманыя мужыкі пачалі гарлаць: «Мянты, сумленьне згубілі. Здыміце з жанчыны кайданкі». Яны мяне ў такім стане трымалі там«.

Палікарпаву затрымалі за нібыта ўдзел у мітынгу. Яна сядзела трое сутак. Двойчы ў РАУС выклікалі «хуткую», вазілі на абсьледаваньне ў шпіталь, бо яе званітавала, кружылася галава, падскочыў ціск, апухла шыя. У шпіталі абверглі страсеньне мозгу, сказалі, што пераломаў няма. Зноў яе вярнулі ў райаддзел.

Гарадзенка сядзела ўвесь час у адзіночнай камэры. З Горадні перавезьлі ў Шчучын. Пакармілі на трэці дзень. У камэры не было вады, прыбіральні. На трэці дзень выдалі матрац, ён сьмярдзеў.

На Марыну завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненьні да міліцыянтак (артыкул 364). Паводле пастановы аб затрыманьні, яна ўкусіла за руку прапаршчыка міліцыі Дар’ю Бандарчук і ўдарыла па галаве прапаршчыка міліцыі Марыю Мазуркевіч.

Па словах Палікарпавай, падчас ейнай вочнай стаўкі зь міліцыянткамі на іх пашкоджаньняў не было відаць, а сама Марына Мікалаеўна яшчэ «ўся была сіняя».

Прапаршчык міліцыі Марыя Мазуркевіч
Прапаршчык міліцыі Марыя Мазуркевіч

Санкцыя 364 крымінальнага артыкула прадугледжвае пакараньне да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

«Буду сядзець, калі такія людзі краіне не патрэбныя», — кажа гарадзенка.

Марына Палікарпава падала заяву ў праваахоўныя органы, каб узбудзілі крымінальную справу на міліцыянтак за тое, што яе зьбілі. Амаль праз два тыдні адказу на заяву няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG