Адвакат Дзьмітры Лаеўскі, які абараняе Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, зьвярнуўся да калег-адвакатаў з заклікам дапамагчы пацярпелым ад сілавікоў распачаць крымінальныя справы.
«Адвакатаў = 2061. Затрыманых і пацярпелых у пэрыяд з 9 па 14 жніўня = каля 7000. Гатоўнасьць змагацца ёсьць не ўва ўсіх, але ў многіх.
Значыць, арытмэтыка простая: калі кожны адвакат возьме хаця б 1 ці 2 пацярпелых і суправодзіць іх „ад і да“ для распачынаньня крымінальнай справы, яе расьсьледаваньня і прыцягненьня вінаватых, то ў нас усё можа атрымацца», — напісаў Лаеўскі ў Фэйсбуку.
Ён тлумачыць, у чым давядзецца дапамагаць:
- зьбіраць доказы (самастойна апытваць людзей, запатрабоўваць дакумэнты, шукаць відэа з камэраў назіраньня і ў СМІ, шукаць іншых пацярпелых);
- ініцыяваць працэсуальныя дзеяньні ў рамках дасьледчай праверкі (накіраваньне на экспэртызу, агляд месца здарэньня, збор і аналіз рэчавых доказаў, патрабаваньне выпісу мабільных тэлефонных злучэньняў, патрабаваньне зьвестак аб перамяшчэньні падразьдзяленьняў і машын);
- абскардзіць бязьдзейнасьць тых, хто ня хоча пачынаць крымінальны перасьлед.