Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі каардынатарку страйкаму БДУ і яе мужа, сканфіскавалі тэхніку і дакумэнты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Затрымалі каардынатарку страйкаму Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сьвятлану Воўчак і яе мужа Міхаіла, паведамляе БелаПАН.

Як расказала БелаПАН сястра Міхаіла Вольга, іх затрымалі 28 жніўня каля 19.30 у вёсцы Застружжа Янаўскага (Іванаўскага) раёну Берасьцейскай вобласьці ў іхным прыватным доме, дзе яны рабілі рамонт.

«Сканфіскавалі ноўтбукі, тэлефоны, дрон і дакумэнты», — адзначыла яна.

Як удалося высьветліць Вользе, «як мінімум» Сьвятлану вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Суд адбудзецца 31 жніўня.

Паводле Вольгі, 29 жніўня каля 15 гадзіны яна прыехала да хаты брата і засьпела яго ў суправаджэньні міліцыі, людзей у цывільным і панятых каля яго машыны, дзе складалі нейкія дакумэнты.

«Што менавіта, мне не ўдалося высьветліць. Толькі тое, што спрабуюць абвінаваціць паводле крымінальнага артыкула, зьвязанага зь нібыта перабітымі нумарамі машыны. Пасьля гэтага машына і Міхаіл з суправаджэньнем адправіліся ў бок гораду Янава», — сказала яна.

Наколькі вядома Вользе, муж і жонка цяпер у мясцовым РАУС. Ніхто з праваахоўнікаў зь ёю не размаўляў, ніякай інфармацыі не даюць. Адвакатаў у Воўчак пакуль няма, пытаньне з абаронай будзе вырашацца 31 жніўня.

27 жніўня Міхаіл Воўчак паведамляў БелаПАН, што напярэдадні выкладчыкаў БДУ, якія падпісалі пэтыцыю з палітычнымі патрабаваньнямі да ўнівэрсытэцкага кіраўніцтва, пачалі праз тэлефон выклікаць у пракуратуру. «Пакуль ніхто не хадзіў, але кагосьці палохаюць нейкай крымінальнай справай. Дэталяў не казалі праз тэлефон», — сказаў ён.

Паводле Міхаіла, ягоную жонку запрашалі ў дэканат, потым — у пракуратуру Маскоўскага раёну Менску.

19 жніўня каля галоўнага корпусу БДУ ў «ланцуг салідарнасьці» сабраліся каля 300 студэнтаў і выкладчыкаў унівэрсытэту. Падчас акцыі страйкам ВНУ сабраў подпісы пад пэтыцыяй на імя рэктара з патрабаваньнямі адстаўкі Лукашэнкі, спыненьня гвалту і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых, адстаўкі ЦВК і правядзеньня паўторных справядлівых і празрыстых выбараў. У выпадку невыкананьня патрабаваньняў прадстаўнікі ўнівэрсытэту абяцалі пачаць страйк 1 верасьня.

Пэтыцыі з аналягічнымі патрабаваньнямі зьявіліся таксама ў БНТУ, БДПУ, МДЛУ, БДЭУ, БДУІР, Унівэрсытэце культуры.

Як вядома БелаПАН, пасьля зьяўленьня пэтыцый ціск пачаўся і на сябраў страйкаму БНТУ. Адна зь яго каардынатараў паведаміла БелаПАН, што 26 жніўня ёй і яшчэ некалькім студэнтам архітэктурнага факультэту з дэканату паступіла інфармацыя, што на працягу бліжэйшых дзён іх плянуюць выклікаць у КДБ «для допыту як арганізатараў страйкаму». Таксама каардынатарка паведаміла пра ціск на выкладчыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG