Сяргей Міхалок з гуртом Brutto заклікаў да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў
Сяргей Міхалок сказаў, што музы́кі Brutto не прызнаюць вынікі выбараў у 2020 году і ня лічаць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. Ён заклікаў правесьці новыя сумленныя прэзыдэнцкія выбары.
Ён лічыць, што найлепшымі кандыдатамі на новых выбарах былі б не палітыкі, а людзі, якія сваімі ўчынкамі даказалі, што яны патрыёты краіны, — такія як Сьвятлана Алексіевіч, Мікалай Халезін, Лявон Вольскі, Віталь Гуркоў.
Барыс Пастарнак: Параўнаў бы Лукашэнку з Вальдэмортам, а не з героямі Дастаеўскага
Пра падзеі ў Беларусі з пункту гледжаньня літаратуры і найноўшай гісторыі размаўляем з дырэктарам расейскага выдавецтва «Время», ураджэнцам Менску Барысам Пастарнакам.
Сьцісла
- Ня хочацца параўноўваць Лукашэнку з героямі Дастаеўскага. Зашмат гонару. Я б пайшоў у падлеткавую літаратуру і параўнаў бы яго са злыднямі ў «Трох таўстунах» Алешы ці з Вальдэмортам.
- Уваход Алексіевіч у Каардынацыйную раду мне здаецца вельмі важным і патрэбным крокам ня толькі для нас усіх, беларускага народу, але і для яе самой.
- Часам баюся, калі дачка дадому прыносіць гумавыя кулі, якія знайшла побач са сваёй машынай.
- Гэта гістарычны пералом, найважнейшая падзея ў гісторыі Беларусі. І Расеі насамрэч.
- Ёсьць таемная надзея, што гэта абыдзецца безь вялікай крыві.
Міколу Статкевіча пакінулі за кратамі яшчэ на два месяцы
Міколу Статкевічу працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на два месяцы, паведаміла ў Facebook ягоная жонка Марына Адамовіч.
На Аэрадромнай вуліцы ў Менску раней невядомыя зьнялі з дома шматмэтровы бел-чырвона-белы сцяг. Сёньня раніцай замест яго зьявіліся сотні стужак, якія разам ствараюць сьцяг.
Улады Беларусі пазбавілі акрэдытацыі чатырох карэспандэнтаў Свабоды, а таксама шэраг іншых журналістаў замежных СМІ
Рашэньнем Міжведамаснай камісіі па супрацьдзеяньні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Ўладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС для журналістаў замежных СМІ, якая дазваляе ім працаваць на тэрыторыі Беларусі.
Пазбаўленыя акрэдытацыі таксама Аляксандар Грабёнкін і Сяргей Гапон з AFP, Васіль Фядосенка і Ўладзімер Косьцін з Reuters, Тацяна Мельнічук і Тацяна Януцэвіч з ВВС, Генадзь Шарыпкін зь Міжнароднага францускага радыё, Раман Васюковіч з «Настоящего времени», Ільля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін зь нямецкага тэлеканалу ARD.
Затрыманьні журналістаў на акцыях пратэсту
27 жніўня пасьля 18-й гадзіны на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, сярод іх фатографа Радыё Свабода Ўладзімера Грыдзіна. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС «для праверкі дакумэнтаў».
На плошчы Незалежнасьці ў 19:30 зноў пачаліся затрыманьні. Сярод дзясяткаў затрыманых і журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Рабчык і Алесь Дашчынскі. Стрым Свабоды сілавікі спынілі ў жывым эфіры. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра больш як 200 затрыманых 27 жніўня.
28 жніўня затрымалі беларуса Ільлю Кузняцова, а таксама грамадзян Расеі Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаміна (усе трое былі акрэдытаваныя ў МЗС Беларусі як журналісты тэлеканалу ARD) затрымалі ў Менску напярэдадні. Ноч журналісты правялі ў РУУС, іх адпусьцілі толькі раніцай. «Склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 (актыўны ўдзел у масавай акцыі) і пазбавілі акрэдытацыі «ў мэтах гарантаваньня інфармацыйнай бяспекі краіны», — распавёў Tut.by Ільля Кузняцоў.
ДАІ затрымала 33-гадовага менчука, які пісаў на асфальце лічбу 3
Прэс-служба МУС паведаміла пра «кур'ёзны выпадак», які адбыўся 28 жніўня ў Савецкім раёне сталіцы. Патрульны нарад ДАІ зьвярнуў увагу на чалавека, які фарбай з балёнчыка размалёўваў праезную частку праспэкта Незалежнасьці.
На відэа МУС відаць, што мужчына выводзіў на дарозе лічбу 3.
Міліцыя паведамляе, што мужчына быў п’яны і неаднаразова раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.
На яго склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства, парушэньне правілаў дарожнага руху пешаходам і непадпарадкаваньне міліцыі.
Макрон: Лукашэнка адмовіўся ад пасярэдніцтва АБСЭ
Расейскае ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі было б «найгоршым варыянтам з магчымых». Такую думку выказаў у пятніцу прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.
Так францускі прэзыдэнт адрэагаваў на словы прэзыдэнта Расеі пра падрыхтоўку «рэзэрву» зь ліку супрацоўнікаў расейскіх праваахоўных органаў на выпадак абвастрэньня сытуацыі ў Беларусі.
Па словах Макрона, у тэлефоннай размове з Пуціным ён наўпрост назваў непажаданым ваеннае ці паліцэйскае расейскае ўмяшаньне ў Беларусі.
Макрон заявіў, што ён і Мэркель хочуць, каб Пуцін пераканаў Лукашэнку ў неабходнасьці прыцягнуць АБСЭ ў якасьці пасярэдніка паміж уладамі Беларусі і пратэстоўцамі. Са словаў францускага прэзыдэнта вынікае, што Пуцін данёс гэтую ідэю да Лукашэнкі, аднак той зь ёю не пагадзіўся.
Паводле прэзыдэнта Францыі, ні ён, ні канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель не жадаюць «паўтарэньня таго, што адбылося ва Ўкраіне» ў 2014 годзе, калі пасьля масавых вулічных пратэстаў з краіны ўцёк прэзыдэнт Віктар Януковіч, а Расея пад маркай «абароны расейскамоўнага насельніцтва» анэксавала Крым, а затым аказала дапамогу сэпаратыстам у Данбасе, што прывяло да ўзброенага канфлікту, які працягваецца да гэтага часу.
Ініцыятар «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» зьвярнуўся да Лукашэнкі і Пуціна
Амэрыканскі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, які ўваходзіць у Камітэт замежных спраў Кангрэсу ЗША і быў аўтарам «Акту аб дэмакратыі зь Беларусі», заклікаў Аляксандра Лукашэнку пайсьці ў адстаўку, а кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна — ня ўмешвацца ў беларускую сытуацыю.
Адвакат Міхаіл Кірылюк: «Справа Юрыя Васкрасенскага чыста палітычная»
Бізнэсоўцу Юрыя Васкрасенскаму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Цягам апошніх двух тыдняў Беларуская тэлевізія паказала два сюжэты зь нібыта прызнаньнямі бізнэсоўца Юрыя Васкрасенскага, якога назвала арганізатарам акцый пратэстаў ва Ўруччы. У сюжэтах яго называюць каардынатарам штаба Віктара Бабарыкі.
З 12 жніўня Васкрасенскі знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Прычым, паводле БТ і КДБ, Васкрасенскі сам прыйшоў з чыстасардэчным прызнаньнем. Па вэрсіі жонкі бізнэсоўца Алены Васкрасенскай, сілавікі 12-га раніцай уварваліся ў кватэру і жорстка затрымалі Юрыя.
Здымачную групу нямецкага тэлеканала ARD пазбавілі акрэдытацыі і дэпартуюць зь Беларусі
Затрыманых 28 жніўня ў Менску журналістаў здымачнай групы нямецкага тэлеканалу ARD пазбавілі акрэдытацыі. Расейскія яе прадстаўнікі будуць дэпартаваныя зь Беларусі.
На беларускага прадстаўніка склалі пратакол за нібыта ўдзел у масавай акцыі. Беларус Ільля Кузняцоў, а таксама грамадзяне Расеі Сяргей Сяргееў і Міхаіл Фамін (усе трое былі акрэдытаваныя ў МЗС Беларусі як журналісты тэлеканалу ARD) былі затрыманыя ў Менску напярэдадні. Ноч журналісты правялі ў РУУС, іх адпусьцілі толькі раніцай. «Склалі пратакол паводле арт. 23.34 (актыўны ўдзел у масавай акцыі) і пазбавілі акрэдытацыі «ў мэтах гарантаваньня інфармацыйнай бясьпекі краіны», — распавёў Tut.by Ільля Кузняцоў.
Паводле Ільлі, яго расейскіх калегаў дэпартуюць зь Беларусі з забаронай вяртацца ў краіну на працягу пяці гадоў.
МУС: за 28 жніўня на пратэстах у Беларусі затрымалі 32 чалавекі
Міністэрства ўнутраных справаў зафіксавала ўчора 42 «асяродкі палітычнай актыўнасьці грамадзянаў». Паводле МУС, на плошчы Незалежнасьці сабраліся «ня больш за 90 грамадзянаў», каля Купалаўскага тэатру — «каля 200 чалавек».
Сілавікі адзначаюць, што адбыліся і праўладныя акцыі, але дзе яны былі і колькі чалавек узялі ў іх удзел, ня пішуць.
Дырэктара рэклямнага агенцтва Vondel/Hepta Аляксандра Васілевіча зьмясьцілі пад варту
Супраць затрыманага дырэктара рэклямнага агенцтва Vondel/Hepta Аляксандра Васілевіча ўжылі меру стрыманьня «зьмяшчэньне пад варту». Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку ягоная жонка Надзея Зелянкова.
27 жніўня Аляксандар Васілевіч быў затрыманы, а ў офісах агенцтва прайшлі вобшукі. Раніцай у той дзень у офіс, які агенцтва Vondel/Hepta арандуе разам з рэдакцыяй інтэрнэт-выданьня КуКу, прыйшлі людзі з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.
У выніку частка прышлых зьехала разам з Аляксандрам Васілевічам. Раней ён адседзеў 14 сутак за тое, што прынёс у КДБ заяву з хадайніцтвам за прэтэндэнта на прэзыдэнта Віктара Бабарыку.
Фэдэрацыя футболу вынесла папярэджаньне «Крумкачам». У мінулым матчы яны выйшлі ў футболках «Мы з народам!»
Фэдэрацыя футболу вынесла папярэджаньне «Крумкачам». У мінулым матчы яны выйшлі ў футболках «Мы з народам!»
Адбылося пасяджэнне камісіі па этычных пытаннях Беларускай фэдэрацыі футболу. Па яго выніках клюбу «Крумкачы» вынесьлі папярэджаньне паведамляе сайт tribuna са спасылкай на прэс-службу АБФФ.
Артыкул 92, паводле якога агучанае папярэджаньне гучыць так:
«Невыкананьне патрабаваньняў і абавязацельстваў па арганізацыі матчаў, вызначаных дакумэнтамі ФІФА, УЭФА і Асацыяцыі, у тым ліку тэрмінаў прадастаўленьня інфармацыі пра пачатак матчу, няўдзел у арганізацыйнай нарадзе, абавязковых прэс-канфэрэнцыях або інтэрвію, незабесьпячэньне умоў правядзеньня матчу».
Футбалісты менскага клюба «Крумкачы» выйшлі на гульлю ў майках, на якіх наперадзе была нанесеная надпіс: «Мы з народам».
Члены камітэту прагаласавалі за гэтае рашэньне аднагалосна.
Пуцін прызнаў выбары ў Беларусі легітымнымі: «У сьвеце не існуе нічога ідэальнага»
Расея прызнала легітымнасьць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін, нагадаўшы, што павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай.
«Мы зыходзім з таго, што выбары адбыліся. Я адразу гэта зрабіў. Мы прызналі іх легітымнасьць. Я павіншаваў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку зь перамогай на гэтых выбарах», — сказаў Пуцін у інтэрвію тэлеканалу «Россия-1».
Кажучы пра выбары ў Беларусі, Пуцін адзначыў, што ў сьвеце наогул не існуе «нічога ідэальнага».
«Ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльнай сфэры — дзе заўгодна. Нават у прыродзе няма нічога ідэальнага, хоць гэта найбольш дасканалая, Богам створаная сфэра», — сказаў Пуцін.
Адмову БДІПЧ АБСЭ ад назіраньня за выбарамі ў Беларусі ён назваў загадзя падрыхтаванай пазыцыяй.
«Таму хтосьці можа сумнявацца ў выніках, але ў мяне ёсьць усе падставы сумнявацца ў тым, што тыя, хто сумняваюцца, былі абсалютна сумленныя», — перакананы расейскі прэзыдэнт.
Сябраў Каардынацыйнай рады Кавалькову і Дылеўскага перавялі ў жодзінскую турму
Сябраў Прэзыдыюма Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага перавялі з менскага ізалятара Акрэсціна ў Жодзіна, у турму нумар 8. Пра гэта Ітнэрфаксу паведаміла прэс-служба Каардынацыйнай рады. 25 жніўня Кавалькову і Дылеўскага суд пакараў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Абое былі затрыманыя ў панядзелак днём у раёне Менскага трактарнага завода ў рамках адміністрацыйнага працэсу. Іх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.
Міністар эканомікі Літвы пракамэнтаваў пагрозы Лукашэнкі
Міністар эканомікі і інавацыі Літвы Рымантас Сінкявічус адрэагаваў на пагрозы Аляксандра Лукашэнкі адмовіцца ад паслуг порту ў Клайпедзе для перавозкі беларускіх грузаў.
«Самі заявы пагрозьлівыя, яны прымушаюць пачаць аналіз сытуацыі. Магчыма, урад Беларусі зможа пераканаць прэзыдэнта падлічыць страты і, думаю, здаровы сэнс павінен перамагчы», – сказаў журналістам Сінкявічус, якога цытуе Delfi.
Хто ўваходзіць у камісію, якая пазбавіла акрэдытацыі замежных журналістаў
29 жніўня журналістаў шэрагу замежных СМІ, у тым ліку Свабоды, пазбавілі акрэдытацый МЗС.
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў Свабодзе, што рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі замежных журналістаў было прынятае на аснове прадстаўленьня Мiжведамаснай камiсii па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце Бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Колькі ўсяго журналістаў страціла акрэдытацыю ў выніку гэтага рашэньне, ён назваць адмовіўся.
Што гэта за камісія?
Камісія створаная ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў лістападзе 2017 года. Яна працуе пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь, а ўзначальвае яе Уладзімір Арчакоў, намеснік Дзяржсакратара СБ. Апошні раз яе склад зьмяняўся 20 траўня 2020 году.
Паводле Эўрарадыё, у камісію ўвяходзяць прадстаўнікі Савета Бясьпекі, Сьледчага камітэту, Мінабароны, МУС, ААЦ, КДБ. А таксама Андрэй Кунцэвіч і Вольга Шпілеўская з адміністрацыі прэзідэнта; Віталь Краснабаеў з прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі; Сяргей Несцяровіч з Мінсувязі; Яўген Шастакоў з Міністэрства замежных справаў; Ігар Марзалюк — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Усевалад Янчэўскі — кіраўнік Парка высокіх тэхналогій.
Удзельнічаюць у яе працы і супрацоўнікі дзяржаўных медыяў: Дзьмітры Жук — галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты «Беларусь Сегодня», Аляксандр Карлюкевіч — галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты «Звязда» (раней ён увайшоў у склад камісіі як Міністр інфармацыі) Марат Маркаў — кіраўнік АНТ.
Дзясяткі журналістаў з розных краін сьвету перад выбарамі 9 жніўня падавала ў МЗС Беларусі заяўкі на акрэдытацыі, але не атрымалі іх, таму што гэтая камісія нібыта не магла сабрацца на паседжаньне з прычыны каранавірусу.
Суд Хойніцкага раёну апраўдаў блогера-трактарыста Яўгена Васількова, пішуць Naviny.by. Васількова вінавацілі ў тым, што ён пакінуў на дарожных знаках надпіс «Саша 3%», але суд палічыў віну блогера недаказанай
У Менску мае адбыцца саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу. Крэмль: фармат удакладняецца
Фармат правядзеньня наступнай сустрэчы лідэраў краін Эўразійскага эканамічнага саюзу, які плянаваўся ўвосень у Менску, будзе ўдакладняцца. Пра гэта ТАСС паведаміў у суботу прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў.
Папярэдняе пасяджэньне Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету адбылося ў траўні ў рэжыме відэаканфэрэнцыі.
Тады БелТА паведамляла, што па яе выніках было заплянавана наступны саміт правесьці ў кастрычніку-лістападзе ў Менску ў вочным фармаце.
На пытаньне, ці плянуе Ўладзімір Пуцін візыт у Беларусь, Дзьмітрый Пяскоў адказаў:
«Пакуль плянаў паездкі няма», – сказаў прадстаўнік Крамля.
40 гадоў «Салідарнасьці». Навука пасьпяховага польскага супраціву таталітарнай сыстэме для сьвету і для Беларусі
Польшча, якая перамагла камуністычную дыктатуру і ціск СССР, адрадзілася як дэмакратычная краіна і рынкавая эканоміка, сьвяткуе юбілей «Салідарнасьці» і выказвае салідарнасьць беларусам, якія цяпер змагаюцца супраць гвалту, за свабоду і сумленныя выбары.
У артыкуле да 40-годзьдзя заснаваньня польскай «Салідарнасьці» пра гісторыю яе дзейнасьці, уплыў на падзеі ў Польшчы і сьвеце, пра яе значэньне для сучаснасьці разважаюць прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі, польскі дыплямат Павэл Яблоньскі, амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр, францускі сацыёляг Франсуа Дзюбэ. Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы амбасады Польшчы ў Беларусі.