Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21-ы дзень пратэстаў. Жаночы марш у Менску. У журналістаў забралі акрэдытацыі

Што адбываецца ў Беларусі на 21-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 

13:35 29.8.2020

«Гэта напад на беларускі народ». Кіраўніца РСЭ/РС пракамэнтавала пазбаўленьне акрэдытацыі журналістаў

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар выступіла з заявай з нагоды пазбаўленьня акрэдытацыі журналістаў.

«Пазбаўленьне нашых журналістаў акрэдытацыі без абгрунаваньня ці прычыны — гэта адчайны крок аўтарытарнага ўраду, каб задушыць незалежныя СМІ і жорстка кантраляваць доступ да вартай даверу інфармацыі ўнутры Беларусі. Гэта парушэньне міжнародных стандартаў і напад на беларускі народ, які спадзяецца на нас».

Рашэньнем МЗС Беларусі карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Ўладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС для журналістаў замежных СМІ, якая дазваляе ім працаваць на тэрыторыі Беларусі.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў Свабодзе, што рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі замежных журналістаў было прынятае на падставе прадстаўленьня Мiжведамаснай камiсii бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Колькі ўсяго журналістаў страцілі акрэдытацыю ў выніку гэтага рашэньня, ён назваць адмовіўся.​

Вядома таксама, што сёньня былі пазбаўленыя акрэдытацыі Аляксандар Грабёнкін і Сяргей Гапон з AFP, Васіль Фядосенка і Ўладзімер Косьцін ​з Reuters, Тацяна Мельнічук і Тацяна Януцэвіч з ВВС, Генадзь Шарыпкін з Міжнароднага францускага радыё, Раман Васюковіч з «Настоящего времени», Ільля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін зь нямецкага тэлеканалу ARD, Сяргей Грыц, Юры Карманаў з Associated Press.

«З МЗС Беларусі патэлефанавалі, сказалі аб ануляваньні нашай з Тацянай Януцэвіч акрэдытацыі як карэспандэнтаў ВВС, запатрабавалі вярнуць картачкі аб акрэдытацыі сёньня ці ў панядзелак, сказалі, што яны ўжо не сапраўдныя. Прычыну рашэньня не назвалі», — сказала Свабодзе Тацяна Мельнічук.

Затрыманьні журналістаў на акцыях пратэсту​

27 жніўня пасьля 18-й гадзіны на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, сярод іх фатографа Радыё Свабода Ўладзімера Грыдзіна. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС «для праверкі дакумэнтаў».

На плошчы Незалежнасьці ў 19:30 зноў пачаліся затрыманьні. Сярод дзясяткаў затрыманых і журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Рабчык і Алесь Дашчынскі. Стрым Свабоды сілавікі спынілі ў жывым эфіры. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра больш як 200 затрыманых 27 жніўня.

28 жніўня затрымалі беларуса Ільлю Кузняцова, а таксама грамадзян Расеі Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаміна (усе трое былі акрэдытаваныя ў МЗС Беларусі як журналісты тэлеканалу ARD) затрымалі ў Менску напярэдадні. Ноч журналісты правялі ў РУУС, іх адпусьцілі толькі раніцай. «Склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 (актыўны ўдзел у масавай акцыі) і пазбавілі акрэдытацыі «ў мэтах гарантаваньня інфармацыйнай бяспекі краіны», — распавёў Tut.by Ільля Кузняцоў.

13:37 29.8.2020

«Тры дні пасьля выбараў чуў стрэлы і выбухі гранат». Статкевічу на 2 месяцы працягнулі ўтрыманьне пад вартай

Яшчэ на 2 месяцы сьледчая СК працягнула тэрмін утрыманьня пад вартай для апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, якога затрымалі ў канцы чэрвеня. Пра гэта паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч са спасылкай на дасьведчаную крыніцу. Амаль два месяцы Мікалая трымалі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, а з 17 жніўня перавялі ў сьледчы ізалятар ў Жодзінскай турме. Днямі Марына Адамовіч атрымала адтуль першы ліст ад мужа, а таксама пачкам прыйшлі адразу 6 лістоў, напісаныя Статкевічам жонцы яшчэ з «Валадаркі».

«Гэтыя лісты былі напісаныя ў розныя дні, але штэмпэль на іх пастаўлены ў адзін дзень. Значыць, як Міколу вывезьлі ў Жодзіна, дык дасталі ягоныя лісты зь нейкай шуфляды і адразу адправілі з „Валадаркі“ мне, каб у іх не засталося. Зь лістоў вынікае, што ён добра ведае пра сытуацыю ў краіне, пра вынікі выбараў і змаганьне, якое пачалося пасьля таго, як людзей падманулі. Напісаў, што вельмі перажываў, што ўлада ўжыве сілу, як было ў 2010 годзе. Паведаміў, што цягам трох дзён пасьля выбараў чуў стрэлы і выбухі шумавых гранат, ведае пра загінулых, перадае спачуваньні іх сваякам. Думае, што пратэсты, якія не спыняюцца, ужо і ня спыняцца, народ абудзіўся і пераможа», — паведаміла Марына Адамовіч.

13:50 29.8.2020

ЗША заклікалі ўрад Беларусі праявіць стрыманасьць, спыніць перасьлед журналістаў

Заява Амбасады ЗША ў Беларусі ад 29 жніўня 2020 года аб неабходнасьці спыніць перасьлед і затрыманьні журналістаў і блякаваньне доступу ў інтэрнэт у Беларусі.

«Мы занепакоеныя працягам перасьледу журналістаў, блякаваньнем незалежных СМІ і апазыцыйных вэб-сайтаў, пэрыядычнымі адключэньнямі інтэрнэту і адвольнымі затрыманьнямі мірных грамадзян, якія рэалізуюць свае правы на свабоду сходаў і слова.

Мы заклікаем урад Беларусі праявіць стрыманасьць. Як запэўніў намесьнік дзяржсакратара Біган падчас свайго выступу ў АБСЭ ў Вене і як мы ўжо заяўлялі раней, Злучаныя Штаты Амэрыкі заклікаюць да неадкладнага вызваленьня несправядліва затрыманых і высьвятленьня лёсу асоб, зьніклых бязь вестак.

Мы падтрымліваем беларускі народ у яго імкненьні да дэмакратычнай, квітнеючай будучыні і падтрымліваем яго заклік да ўраду Беларусі правесьці дэмакратычныя рэформы і паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды.

Мы прытрымліваемся нашага доўгатэрміновага абавязаньня падтрымліваць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, а таксама імкненьне беларускага народу выбіраць сваіх лідэраў і выбіраць свой уласны шлях бяз вонкавага ўмяшаньня», — гаворыцца ў заяве.

14:10 29.8.2020

Хоць улады і заблякавалі «Нашу ніву» і Naviny.bу, доступ да іх ёсьць ня толькі праз VPN

«Наша ніва» адкрываецца ў некаторых правайдэраў праз адрасы m.nn.by і nashaniva.by. «Навіны» працуюць ва ўсіх правайдэраў празь люстэрка naviny.media.

І абодва выданьні маюць свае каналы ў Telegram: Наша ніва і Naviny.by.

14:11 29.8.2020

У Менску паставілі агароджы на цэнтральных плошчах

Плошча Перамогі
Плошча Перамогі
Кастрычніцкая плошча
Кастрычніцкая плошча

14:58 29.8.2020

«Такой падтрымкі ніколі ня бачыла». Вольга Севярынец расказала навіны пра мужа

«Такой падтрымкі ніколі ня бачыла». Вольга Севярынец расказала навіны пра мужа, а таксама пра тое, як трымаецца адна з малым дзіцем ужо трэці месяц.

З 20 жніўня сустаршыня БХД Павал Севярынец знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Да таго ад дня затрыманьня 7 чэрвеня Севярынец адбываў адміністрацыйныя арышты ў ізалятары на Акрэсьціна. Жонка палітыка Вольга Севярынец падзялілася радаснай навіной: днямі ад мужа прыйшоў першы за гэты час ліст.

15:06 29.8.2020

NATO адказала Лукашэнку: «Сілы ў Балтыйскім рэгіёне разгорнутыя да беларускага крызісу»

Сілы Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Балтыйскім рэгіёне маюць абарончы характар і былі разгорнутыя да крызісу ў Беларусі, заявіла афіцыйны прадстаўнік NATO Аана Люнджэску.

«Мы дзейнічаем празрыста ў тым, што тычыцца баявой падрыхтоўкі і вучэньняў, якія плянуюцца на доўгатэрміновы пэрыяд», — паведаміла Люнджэску ў адказ на просьбу «Інтэрфаксу» пракамэнтаваць заявы Лукашэнкі пра пагрозу на заходніх межах і пра імкненьне NATO выкарыстоўваць Беларусь як «трамплін у Расею».

У якасьці прыкладу Люнджэску прывяла разгортваньне сыстэмы далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня AWACS NATO для падтрымкі зьнішчальнікаў F-16 ЗША і Польшчы падчас трэніровак.

Яна спаслалася пры гэтым на словы генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга пра тое, што Паўночнаатлянтычны альянс застаецца пільным і гатовы абараняць усіх саюзьнікаў.

15:58 29.8.2020

Першыя параненыя ў Беларусі пратэстоўцы атрымалі мэдычную дапамогу ў Польшчы

Станіслаў, Аляксандар Канеўскі і Аляксей — першыя параненыя беларускія пратэстоўцы, якія атрымалі бясплатную мэдычную і псыхалягічную дапамогу ў Польшчы.

Варшава, 28 жніўня. Фота: REUTERS/Kacper Pempel
Варшава, 28 жніўня. Фота: REUTERS/Kacper Pempel

15:59 29.8.2020

Ціханоўская назвала рэжым Лукашэнкі «маральным банкрутам»

Сьвятлана Ціханоўская 29 жніўня выказалася пра адмену акрэдытацый журналістаў замежных СМІ. На яе думку, падобная тактыка ўладаў не спрацуе.

«Мяне вельмі турбуюць навіны зь Менску пра тое, што рэжым адмяняе акрэдытацыю заходніх СМІ і выганяе ўсіх журналістаў зь Беларусі. Калі гэта праўда, то гэта яшчэ адна прыкмета таго, што гэты рэжым — маральны банкрут, і адзіны спосаб, якім ён спрабуе ўтрымацца ва ўладзе, — гэта страх і запужваньне. Гэтая тактыка не спрацуе. Беларускі народ больш не баіцца. Мы пераможам. Самы цёмны час заўжды перад сьвітанкам», — напісала Ціханоўская. Падрабязнасьці тут.

16:00 29.8.2020

Жаночы гранд-марш салідарнасьці. УЖЫВУЮ

29 жніўня ў Менску праходзіць жаночы гранд-марш салідарнасьці. Старт на плошчы Перамогі а 16.00.​

16:07 29.8.2020

Жаночая акцыя і першыя затрыманьні ў Менску

Сёньня ў Менску жанчыны зладзілі акцыю «Жаночы гранд-марш салідарнасьці». Каля 16-й гадзіны яны сабраліся на плошчы Перамогі. Жанчын вітаюць матацыклісты.

Каля жанчын на праспэкце Незалежнасьці ў Менску ходзяць АМАП і «людзі ў цывільным», пад’ехалі аўтазакі. Спэцтранспарт атачыў ходнікі з абодвух бакоў праспэкту.

Пачаліся першыя затрыманьні: затрымалі хлапца, пасадзілі ў адзін аўтазак, потым перасадзілі ў іншы. Праз пэўны час сілавікі падышлі яшчэ да аднаго хлапца і папрасілі «прайсьці» зь імі, павялі ў мікрааўтобус, нягледзячы на тое, што ён казаў, што проста ідзе дадому. Затрымалі ўжо некалькі хлапцоў, жанчын пакуль не чапаюць.

Людзі падыходзяць да плошчы Перамогі зь іншых бакоў. Вось калёна, якая ідзе з плошчы Якуба Коласа.

Яшчэ адна калёна ідзе на праспэкт Незалежнасьці з боку Стэлы і праспэкту Пераможцаў.

У 16:11 Жаночая калёна пачала рух ад плошчы Перамогі ў бок плошчы Якуба Коласа. За імі крочыць калёна АМАПаўцаў. Яны перакрылі пешаходны пераход, каб жанчыны не змаглі далучыцца да шэсьця. Жанчыны перайшлі дарогу па праезнай частцы каля мэмарыялу Перамогі. Жанчыны заблякавалі рух па колавым скрыжаваньні. Жанчын атачылі таніраваныя бусікі. Цягам хвіліны праезд па колу адхілілі. На акцыю прыйшла і актывістка Ніна Багінская.

Праспэкт перакрыты ад Акадэміі навук да цырка. АМАП цалкам перагарадзіў дарогу ўдзельніцам акцыі. Праз мэгафон іх папярэджваюць пра тое, што акцыя несанкцыянаваная, пагражаюць адміністрацыйнымі справамі і патрабуюць разысьціся.

16.30 АМАП пабег па праспэкце. Жанчынаў заблякавалі на плошчы Перамогі, іх выцясьняюць з дарогі на ходнікі.

16:18 29.8.2020

У Гомлі людзі абараняюць журналістку ад затрыманьня

У Гомлі жанчыны таксама выйшлі на жаночы «ланцуг салідарнасьці». Міліцыя спрабуе затрымаць журналістку Ларысу Шчыракову, але людзі абступілі яе і не даюць затрымаць.

Ларыса Шчыракова
Ларыса Шчыракова

16:32 29.8.2020

16:37 29.8.2020

Журналістаў Радыё Свабода затрымалі ў прамым эфіры

Падчас вядзеньня прамога эфіру з акцыі «Жаночы гранд-марш салідарнасьці» ў Менску на плошчы Перамогі затрымалі журналіста Свабоды Алеся Пілецкага і відэаапэратара Андрэя Рабчыка. Стрым спынілі.

АМАП перакрыў дарогу і не дае пратэстоўцам прайсьці ў бок Кастрычніцкай.

16:48 29.8.2020

У Менску зачынілі некалькі станцый мэтро

У 16.35 на ўваход і выхад зачынілі станцыі мэтро «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Плошча Леніна» і «Плошча Перамогі». Цягнікі на іх ідуць без прыпынку. Менскі мэтрапалітэн паведамляе, што гэта зроблена «ў мэтах бясьпекі пасажыраў».

У 16.47 адкрылі станцыі мэтро «Плошча Леніна» і «Плошча Перамогі», але зачынілі на ўваход і выхад станцыю «Плошча Якуба Коласа», паведамляе Tut.by.

16:53 29.8.2020

Да 5000 жанчын удзельнічаюць у Гранд-маршы ў цэнтры Менску

Калёна жанчын ідзе ад плошчы Перамогі ў бок плошчы Якуба Коласа. Мост у бок плошчы Незалежнасьці перакрыты.

16:54 29.8.2020

У Гомлі міліцыя не дае жанчынам правесьці ланцуг салідарнасьці

Затрымалі журналістку «Белсату» Ларысу Шчыракову.

Месца збору — пляцоўка каля абласной бібліятэкі на праспэкце Перамогі — занятае выставай жывапісу. Міліцыя папярэджвае жанчын, што акцыя несанкцыянаваная. Жанчыны ўзяліся за рукі і сталі вакол карцін, адна з удзельніц чытае лекцыю пра жывапіс

Каля 50 жанчын зладзілі «карагод салідарнасці» вакол помніка Братам Лізюковым у Гомлі. За жанчынамі ходзяць міліцыянты і зноў папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная.

16:58 29.8.2020

Гранд-марш жанчын у Менску. Від зьверху

17:09 29.8.2020

Калёна дайшла да плошчы Якуба Коласа. Сярод удзельніц Марыя Калесьнікава

17:17 29.8.2020

Затрымалі журналіста Deutsche Welle

Стала вядома, што затрыманы таксама журналіст Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі. Ён пасьпеў паведаміць, што яго вязуць у Кастрычніцкае РУУС, паведамляе БАЖ.

Вельмі хутка, аднак, Быкоўскага выпусьцілі з аўтазаку. Ён паведаміў Свабодзе, што ніякіх пратаколаў на яго няма, тэхніку вярнулі, выпусьцілі і папрасілі прабачэньня: сказалі, што зь некім пераблыталі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG