Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правёў апэратыўную нараду з пастаяннымі чальцамі Савету бясьпекі гэтай дзяржавы.
Абмяркоўвалася разьвіцьцё адносінаў з суседнімі дзяржавамі дзеля выпрацоўкі «агульных падыходаў розных ведамстваў да далейшага выбудоўваньня ўзаемадзеяньня зь імі», перадае «Інтэрфакс».
«Мы абмяркуем разьвіцьцё стасункаў з пэўнымі нашымі суседзямі, зь якімі ў нас традыцыйна ў сілу геаграфічнай блізкасьці вялікі аб’ём зносінаў, — сказаў Пуцін. — Трэба ўзгадніць пазыцыі ў некаторых ключавых пытаньнях, узгадніць паміж ведамствамі, выпрацаваць падыходы для далейшага паступовага разьвіцьця ўзаемадзеяньня з нашымі партнэрамі».
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў дадаў, што на нарадзе адбыўся дэталёвы абмен думкамі ў ключавых пытаньнях разьвіцьця расейска-беларускага супрацоўніцтва.
Так, Уладзімір Пуцін паведаміў аб працягу кантактаў паміж Масквой і Менскам з нагоды рэфінансаваньня беларускага доўгу перад расейскім бокам. Пра гэта як пра вырашаную справу 27 жніўня заявіў Лукашэнка.
27 жніўня Пуцін заявіў, што на просьбу Лукашэнкі ім сфармаваная рэзэрва з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі пры неабходнасьці:
«Расейскія сілы ня будуць выкарыстоўвацца да таго часу, пакуль экстрэмісцкія элемэнты ў Беларусі не пяройдуць межаў, не пачнуць разбой. Расея зыходзіць з таго, што ўсе праблемы ў Беларусі будуць вырашацца мірным шляхам».
«Неабходнасьці ва ўжываньні расейскіх сілаў у Беларусі пакуль няма, спадзяюся, і ня будзе, і з гэтым згодныя і ў Маскве, і ў Менску», — сказаў Пуцін.
Савет бясьпекі Расеі ўжо разглядаў сытуацыю ў Беларусі 21 жніўня.