Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Менскім і Заслаўскім прызначаны япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін. Пра гэта сёньня паведаміў кіраўнік прэс-службы РПЦ Уладзімер Лягойда, дадаўшы, што прашэньне вызваліць яго з пасады падаў сам Павел.
Такое рашэньне прыняў Сьвяты Сынод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэньні ў аўторак у Маскве
Мітрапаліт Павел прызначаны кіраўніком кубанскай мітраполіі, папярэдні кіраўнік каторай памёр 8 жніўня ад ускладненьняў пасьля каранавірусу.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў мітрапаліт Павал заявіў на сустрэчы зь вернікамі, што шкадуе пра заўчаснае віншаваньне Аляксандра Лукашэнкі з перамогай, а 17 жніўня ён наведаў зьбітых АМАПам пратэстоўцаў у лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску.
Свабода сабрала некаторыя факты пра новага кіраўніка БПЦ РПЦ.
Першы беларус на пасадзе кіраўніка Беларускага экзархату РПЦ
Япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін (Тупека Віталь Іванавіч) нарадзіўся 16 верасьня 1968 года ў Лунінцы Берасьцейскай вобласьці.
«Інжынэр-радыёфізык»
Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 1 у Лунінцы ў 1985 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт на факультэт «Радыёфізыка і электроніка». Служыў у Савецкай арміі. У чэрвені 1992 году атрымаў дыплём па спэцыяльнасьці «інжынэр-радыёфізык».
Пастрыжаны ў Жыровіцкім манастыры
У жніўні 1992 годзе пачаў вучобу ў Менскай духоўнай сэмінарыі, але пасьля трэцяга курсу падаў прашэньне і быў прыняты ў лік браціі Усьпенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыру.
У 1994 годзе быў пастрыжаны ў манаства зь імем Веньямін.
Япіскап Барысаўскі
Рашэньнем Сьвятога Сыноду ад 5 сакавіка 2010 года выбраны япіскапам Барысаўскім, вікарыем Менскай эпархіі.
Кіраваў Выдавецкай радай Беларускага экзархату і Сынадальным аддзелам рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, намесьнікам старшыні царкоўнага суду Беларускага экзархату.
Крыж Эўфрасіньні і прэмія Лукашэнкі
Адзначаны шэрагам царкоўных узнагародаў, у тым ліку ордэнам Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, ордэнам Кірылы Тураўскага, а таксама сьвецкімі ўзнагародамі: прэміяй прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі «За духоўнае адраджэньне» і знакам Міністэрства ўнутраных справаў «За садзейнічаньне».