Больш за трыста чалавек — выкладчыкаў школ і ВНУ, а таксама проста неабыякавых грамадзян — сабраліся 25 жніўня каля будынка Міністэрства адукацыі Беларусі, каб выказаць сваю падтрымку сумленным настаўнікам. Свабода вяла стрым зь месца падзеі.
24 жніўня прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку, Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі — дзяржаўная адукацыя і дзяржаўная ідэалёгія. «Тыя, хто хочуць прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, — калі ласка: ідзіце выкладаць, вучыце, працуйце. Тыя, хто не хоча, — значыць, яны ў школе быць не павінны. ... Калі хтосьці перакінуўся ў іншы лягер, нам таксама трэба з імі разьбірацца», — сказаў ён.
Удзельнікі сёньняшняй акцыі прыйшлі да Мінадукацыі з бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі з надпісамі: «К вольным дням — вольныя людзі», «Прэзыдэнт не зьяўляецца гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека», «Дзякуй сумленным настаўнікам», «Хлусьня і пагрозы — гэта дзяржаўная ідэалёгія?», «Хто заплаціў 1.800 долараў за новую школьную форму Колі?», «Лукашэнка, спыні зьдзекавацца з настаўнікаў. Я супраць. Мама Колі», «Настаўнік — не раб!». Людзі пляскалі, скандавалі «Міністра!», «Карпенку!», «Лукашэнка, сыходзь!».
У прэс-службе Мінадукацыі на пытаньне БелаПАН, ці выйдзе да людзей хтосьці з кіраўніцтва, адказалі: «Не, міністар на нарадзе. Няхай пісьмова перадаюць свае патрабаваньні».
Акцыя пачалася ў 15.00. Праз паўгадзіны да будынка падагналі спэцтэхніку і вайсковыя грузавікі. Міліцыянэр у мэгафон заклікаў прысутных разысьціся, паколькі мерапрыемства не санкцыянаванае. У адказ людзі крычалі «Ганьба!» і «Не трэба нас палохаць!».
Каля 16.00 прысутныя правялі хвіліну маўчаньня — пры гэтым яны паднялі ўверх рукі. Затым зноў пачалі пляскаць і разыходзіцца.