Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мора людзей на маршы ў Менску. Міністар абароны пагражае войскам. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 15-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся два тыдні таму.

18:50 23.8.2020

«Ланцуг салідарнасьці» ў Маскве

Сёньня людзі сабраліся ў «Ланцуг салідарнасьці» каля амбасады Беларусі ў Маскве.

18:53 23.8.2020

19:04 23.8.2020

Сёньняшні мітынг у Гомлі. Фота

19:11 23.8.2020

Жыхары Горадні і іншых гарадоў прадэманстравалі, што не спужаліся пагрозаў, — аглядальнік Свабоды

На мітынгу ў Горадні на просьбу ўзьняць рукі тым, хто баяўся сёньня выйсьці на плошчу, рукі паднялі большасьць удзельнікаў. Гэта значыць, што да пэўнай ступені ўчорашняя прамова Лукашэнкі з апэляваньнем да прымяненьня рэпрэсіяў мела пэўны ўплыў. Аднак людзі перамаглі ўласны страх: паводле незалежных журналістаў, сабралася ня менш як 15 тысяч чалавек, адзначае палітычны аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

Масавыя акцыі за адстаўку Лукашэнкі прайшлі сёньня і ў іншых абласных цэнтрах ды гарадах, і гэта сьведчыць, што пратэставы патэнцыял у рэгіёнах зусім ня вычарпаны.

Акцыя ў Горадні 23 жніўня
Акцыя ў Горадні 23 жніўня

У гэтым прынцыповае адрозьненьне сёлетніх пратэстаў ад таго, што было ў нулявыя і дзясятыя гады, калі акцыі апазыцыі закраналі толькі Менск, не ахопліваючы правінцыю. Выступы супраць дэкрэту аб «дармаедах» ды сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР ужо адбываліся ня толькі ў сталіцы.

Цяперашнія пратэсты зь іх выразнай акцэнтацыяй на палітычных патрабаваньнях праходзяць па ўсёй краіне, і гэта дазваляе апанэнтам улады разьлічваць на нашмат мацнейшую падтрымку, чым раней, — лічыць Сяргей Навумчык.

19:16 23.8.2020

Дзясяткі тысяч людзей у Літве сталі ў жывы ланцуг ад Вільні да мяжы зь Беларусьсю. ФАТАФАКТ

У Літве абвясьцілі пра кампанію ў падтрымку Беларусі пад назвай «Шлях свабоды». Ініцыятыва выклікала вялікую зацікаўленасьць – больш як 30 000 чалавек зарэгістраваліся ў жывы ланцуг. У ланцуг сталі таксама былыя кіраўнікі Літвы Валдас Адамкус, Вітаўтас Ландсбергіс, Даля Грыбаўскайце.

19:28 23.8.2020

Менск: людзі вяртаюцца ад стэлы ў цэнтар

19.20 Людзі вяртаюцца ад стэлы ў цэнтар гораду. Калёна заняла ўвесь праспэкт Пераможцаў. Тысячы людзей ідуць са сьцягамі, крычаць «Перамога». Іх вітаюць машыны.

Ад адміністрацыі Лукашэнкі адводзяць вадамёты, іншую спэцтэхніку і АМАП са шчытамі.

Каля стэлы салдаты ў ачапленьні ўсё яшчэ стаяць. Да іх актыўна падыходзяць дэманстранты і пра нешта гутараць.

19:29 23.8.2020

Акцыя салідарнасьці зь беларусамі ў Барсэлёне. Фатафакт

19:43 23.8.2020

«Ланцуг салідарнасьці» ў Кіеве

Украінцы, беларусы і азэрбайджанцы прыйшлі да амбасады Беларусі ў Кіеве перад пачаткам чарговага «ланцуга салідарнасьці».

19:46 23.8.2020

Акцыя салідарнасьці ў Львове

Ва ўкраінскім Львове каля 2 дзясяткаў чалавек, нягледзячы на моцны дождж, сталі ў ланцуг на праспэкце Свабоды каля помніка Шаўчэнку.

19:47 23.8.2020

Лукашэнка прыляцеў у палац Незалежнасьці з аўтаматам. Відэа

Блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого» выклаў відэа, на якім бачна, як ён прыляцеў у палац Незалежнасьці на верталёце — у бронекамізэльцы і з аўтаматам у руках (праўда, без магазына з патронамі). Раней відавочцы паведамлялі, што верталёт праляцеў над пратэстоўцамі.

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант пацьвердзіла ў эфіры БТ, што малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай быў разам зь ім у Палацы Незалежнасьці.

Яна распавяла, што ўвесь сёньняшні дзень з самай раніцы Лукашэнка працаваў у сытуацыйным цэнтры ў Палацы незалежнасьці, «кантраляваў абстаноўку». Камэнтар прэс-сакратаркі апублікаваў і «Пул Первого».

Раней у тэлеграм-канале «Пул Первого» зьявілася відэа, на якім быў бачны малады чалавек са зброяй і ў бронекамізэльцы. Блогеры дапускалі, што гэта Мікалай Лукашэнка. Цяпер гэта пацьверджана афіцыйна.

20:13 23.8.2020

А1 патлумачыла перабоі з інтэрнэтам «забесьпячэньнем нацыянальнай бясьпекі»

23 жніўня пасьля 18-й гадзіны ў Менску пачаліся перабоі з інтэрнэтам. Праблемы, як з мабільным, так і са стацыянарным інтэрнэтам мелі карыстальнікі шэрагу буйных апэратараў.

Прэс-служба мабільнага апэратара A1 «з шкадаваньнем паведаміла» на афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку, што «згодна з патрабаваньнем дзяржаўных органаў у сувязі з забесьпячэньнем нацыянальнай бясьпекі істотна зьніжаная прапускная здольнасьць 3G-сеткі А1 на тэрыторыі некаторых раёнаў Менску. Выкананьне дадзенага патрабаваньня прыводзіць да пагаршэньня якасьці сэрвісу перадачы дадзеных.

Аб аднаўленьні карэктнага доступу да паслугі будзе паведамлена дадаткова. Прыносім прабачэньні і спадзяемся на хуткае аднаўленьне абслугоўваньня».

20:42 23.8.2020

Мірны характар масавых пратэстаў умацоўвае пазыцыі апанэнтаў Лукашэнкі, — аглядальнік Свабоды

Нават калі б сёньня акцыі праціўнікаў Лукашэнкі былі нешматлюднымі, гэта не зьмяніла б стаўленьня лідэраў дэмакратычных краінаў да вынікаў выбараў: Лукашэнка ня можа лічыцца абраным прэзыдэнтам з прычыны татальных фальсыфікацыяў, лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

Між іншым, гэтая пазыцыя карэнным чынам адрозьніваецца ад той, якую Захад займаў на ранейшых выбарах — тады гаварылася пра іх недэмакратычнасьць, ціск на апанэнтаў, нядопуск назіральнікаў, але факт перамогі Лукашэнкі збольшага не аспрэчваўся. Цяпер кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Жузэп Бурэль наўпрост заявіў, што Эўропа не прызнае Лукашэнку абраным прэзыдэнтам.

Акцыя ў Менску 23 жніўня
Акцыя ў Менску 23 жніўня

Масавыя акцыі пратэсту, якія цягнуцца ў Беларусі ўжо два тыдні і ня сьцішваюцца, пераканалі сусьветную супольнасьць у тым, што калі і ня ўвесь беларускі народ, дык значная ягоная частка не прымае Лукашэнку ў якасьці кіраўніка дзяржавы.

І асаблівае ўражаньне робіць мірны характар пратэстаў: стотысячныя шэсьці — і ніводнай разьбітай вітрыны, ніводнага перакуленага аўтамабіля. Эўропа такога ня бачыла даўно. ЗША, зрэшты, таксама, — падсумоўвае аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

20:51 23.8.2020

У Маскве затрымалі 11 удзельнікаў «ланцугу салідарнасьці» ля амбасады Беларусі

У Маскве каля амбасады Беларусі, дзе праходзіць акцыя салідарнасьці з пратэстоўцамі супраць Аляксандра Лукашэнкі, затрымалі сама меней 11 чалавек, паведаміў «ОВД-Инфо» адзін з затрыманых, музыка гурту Rodonitza Алег Клімаў. Акцыя ля амбасады Беларусі пачалася каля 15-ай гадзіны, да яе далучыліся каля 150 чалавек.

20:59 23.8.2020

«Пазыцыя робіцца больш жорсткай». Як глядзіць Масква на беларускі палітычны крызіс

Юры Дракахруст аналізуе заявы міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова наконт сытуацыі ў Беларусі, зробленыя сёньня на міжнародным моладзевым форуме «Тэрыторыя сэнсаў».

Сьцісла:

  • Тэзы Лаўрова хутчэй пацьвярджаюць інфармацыю пра тое, што Ўладзімір Пуцін прыняў рашэньне падтрымаць у беларускім супрацьстаяньні Аляксандра Лукашэнку
  • Некаторыя выказваньні Лаўрова дакладна супадаюць з асноўнымі наратывамі, якія прасоўваюць у Беларусі расейскія адмыслоўцы па прапагандзе
  • Пазыцыя Масквы робіцца больш жорсткай — яна адмаўляецца нават ад вельмі мяккай крытыкі Лукашэнкі і ад ідэі вонкавага пасярэдніцтва ў беларускім крызісе
  • Лукашэнку даецца індульгенцыя на прымальную для яго форму дыялёгу з грамадзтвам
  • Масква ня робіцца сабакам, якім круціць хвост, яна захоўвае свабоду манэўру ў залежнасьці ад хады падзеяў у Беларусі і прапановаў заходніх партнэраў.

Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

21:04 23.8.2020

У Кіеве працягваецца акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю. Фота

21:57 23.8.2020

«Мы да канца! Мы з вамі да канца!» — АМАПаўцы Лукашэнку

Як паведаміла прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, ён увесь дзень з самай раніцы быў у Палацы незалежнасьці, «кантраляваў абстаноўку». Бліжэй да вечара, як кажа Эйсмант, «калі так званыя мітынгоўцы пайшлі можна сказаць на своеасаблівы штурм будынка», Лукашэнка таксама знаходзіўся ў Палацы. Пасьля ён выклікаў верталёт і абляцеў горад.

«З вышыні паглядзеў на так званы мітынг. Таксама кантраляваў абстаноўку. Вярнуўшыся неўзабаве ў Палац Незалежнасьці, перш за ўсё прэзыдэнт падзякаваў хлапцам — тых, хто абараняў Палац па пэрымэтры. Таксама падышоў і да хлопцаў з АМАПу, пагутарыў зь імі, падзякаваў і ім», — сказала Эйсмант.

«Мы да канца! Мы з вамі да канца!» — закрычалі яму ў адказ АМАПаўцы.

«Разьбярэмся», — дадаў Лукашэнка.

22:08 23.8.2020

22:12 23.8.2020

Вялікі фотарэпартаж Свабоды з «Маршу новай Беларусі» ў Менску

22:18 23.8.2020

У Берасьці на «Марш новай Беларусі» выйшлі каля 10 тысяч чалавек

Акцыя ў Берасьці пачалася пасьля 14.00 на плошчы Леніна. Людзі прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і скандавалі «Сыходзь!», «Лукашэнка — у аўтазак!», «Жыве Беларусь!», «Няма гвалту!» і інш. У 16.30 прысутныя калёнай пад вялікім бел-чырвона-белым сьцягам рушылі па горадзе, падчас руху да калёны далучаліся новыя людзі. Шэсьце завяршылася каля 21.30 на плошчы Леніна. Агулам у маршы прынялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек, паведамляе БелаПАН.

22:22 23.8.2020

«Рэжыму адназначна прыйшоў канец», — сьпявачка Анжаліка Агурбаш на акцыі пратэсту ў Маскве

Заслужаная артыстка Беларусі, сьпявачка Анжаліка Агурбаш, якая шмат гадоў жыве ў Маскве, прыйшла на акцыю пратэсту да беларускай амбасады, каб «падтрымаць мірных беларусаў, якія сёньня выходзяць на мітынгі і маршы, рабочых, якія бастуюць у Беларусі».

«Усе мы змагаемся за сябе, за сваіх дзяцей, за будучыню ўсімі любімай Беларусі, — сказала яна тэлеканалу „Дождь“. — У кожнага з нас баліць душа і сэрца за тое, што цяпер робіцца. (...) Мы хочам жыць бяз страху ў свабоднай, дэмакратычнай краіне. Мы хочам сумленных выбараў, мы хочам жыць, працаваць, любіць, сьпяваць любімыя песьні бяз страху, без тэрору, гвалту і агрэсіі», — дадала артыстка.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG