Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мора людзей на маршы ў Менску. Міністар абароны пагражае войскам. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 15-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся два тыдні таму.

22:25 23.8.2020

Лукашэнка з аўтаматам — кепскі піяр ці грознае папярэджаньне? — палітычны аглядальнік Свабоды

Расейскія і беларускія прапагандысты ўпарта ўплішчваюць у розумы аўдыторыі, што пратэст ідзе на спад. Тое самае сказаў і міністар замежных справаў Расеі, маўляў, сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца, адзначае палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст. І тут карцінка, якая разбурае ўсю гэтую паліттэхналягічную прыгажосьць. Вярхоўны галоўнакамандуючы бярэ зброю ў рукі толькі ў самы апошні момант, на краі. Гэта проста ніяк не стасуецца з байкай пра спад.

Але ня выключана, што Лукашэнка думае зусім не пра піяр. Карцінка з аўтаматам стасуецца з заявай міністра абароны Хрэніна аб магчымасьці ўжываньня войска супраць пратэстоўцаў.

Войска — гэта не паліцыя. Яго функцыя не падаўляць, не нэўтралізоўваць, не прадухіляць. Ужо як гэта робяць праваахоўнікі, усе даведаліся 9-11 жніўня. Але функцыя ў войска наагул іншая і адна — забіваць ворага. У сьвятле заявы Хрэніна дэманстратыўна паказаная зброя ў руках Лукашэнкі можа проста азначаць гатоўнасьць прабіць яшчэ адно дно.

Некалі даўно былы рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч распавядаў мне пра жалезнае правіла з кодэксу «злодзеяў у законе». Якубовіч ведаў гэта па сваёй службе ўва ўнутраных войсках. Дык вось правіла — ні ў якім выпадку нельга палохаць зброяй. Дастаў нож — бі, дастаў пісталет — страляй. Па гэтым законе жыве сьвет злодзеяў.

Напэўна, Якубовіч і Лукашэнку пра гэта закон распавядаў. Пытаньне — якую выснову зрабіў Лукашэнка з гэтага распавяду — піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

22:27 23.8.2020

Затрыманьняў на акцыі апазыцыі ў Менску не было — МУС Беларусі

Афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі Вольга Чамаданава паведаміла, што на акцыі пратэсту ў Менску затрыманых няма. «У Менску ніхто не затрымліваўся. Па краіне інфармацыя яшчэ ўдакладняецца», — сказала яна «Інтэрфаксу».

Чамаданава ўдакладніла, што таксама пакуль няма інфармацыі аб колькасьці мітынгоўцаў. Гэта інфармацыя, як чакаецца, будзе агучана ведамствам 24 жніўня.

22:53 23.8.2020

Плякаты ля КДБ Беларусі. Фатафакт

Сёньня ля будынку КДБ Беларусі пратэстоўцы пакінулі плякаты з надпісамі «За справядлівы суд над карнікамі» і «Злачынствы – без пакараньняў, пакараньні – без злачынстваў. Беларусь 1994-2020». Побач да маленькіх цацачных шкілетаў прымацаваныя стужкі з імёнамі загінулых падчас пратэстаў у Беларусі.

23:19 23.8.2020

Самыя яскравыя моманты «Маршу новай Беларусі»

Дзясяткі тысяч беларусаў гуляюць у цэнтры Менску, танцуюць каля калючага дроту і выступаюць за мірныя перамены. Глядзіце, што сёньня адбывалася ў Менску.

23:35 23.8.2020

Удзельнікі шэсьця зрабілі правільна, што не паспрабавалі паўтарыць «марш да тэлецэнтру», — аглядальнік Свабоды

У сацыяльных сетках выказваецца меркаваньне, што ўжо другая запар шматтысячная масавая акцыя праходзіць бяз «моцнага фіналу» — у адрозьненьні, напрыклад, ад рэкорднай на свой час маніфэстацыі ў лютым 1990-га, калі ўдзельнікі з плошчы перад Домам ураду рушылі да тэлецэнтру і дамагліся прамога эфіру для лідэраў БНФ.

Аднак прамыя паралелі з цяперашнім часам немагчымыя: пасьля разгону мітынгу ля Курапатаў з ужываньнем газавых балёнчыкаў на Дзяды-88, які атрымаў міжнародны розгалас, кіраўніцтва ЦК КПБ не выкарыстоўвала супраць мітынгтоўцаў сілу, ня кажучы ўжо пра спэцсродкі кшталту гумавых куляў, разважае аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

Падчас акцыі ў Менску 23 жніўня
Падчас акцыі ў Менску 23 жніўня

Для Лукашэнкі дапусьціць апанэнтаў у прамы эфір — азначае паказаць намэнклятуры і, што асабліва для яго небясьпечна, сілавікам, сваю слабасьць.

Таму няма сумневу, што ў выпадку аблогі тэлецэнтру была б прымененая сіла, супастаўляльная з той, якую беларусы ўбачылі ў першыя дні пасьля выбараў. А магчыма, і больш жорсткая.

На карысьць такога прагнозу сьведчыць і спроба дамагчыся эфіру, зробленая мітынгтоўцамі на Дзень Волі-96: тады спэцназ жорстка зьбіў дзясяткі людзей. А падставаў хвалявацца за ўладу ў Лукашэнкі ў 96-м было значна меней, чым сёньня, — лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

XS
SM
MD
LG