Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі адбываецца генацыд». Ад Курапатаў да Акрэсьціна стаў «Ланцуг пакаяньня». ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Увечары 21 жніўня ў Менску ад мэмарыялу ў Курапатах да турмы на Акрэсьціна людзі становяцца ў «ланцуг пакаяньня». Свабода вяла жывую трансьляцыю.​

Паводле задумы арганізатараў, «Ланцуг пакаяньня» павінен расьцягнуцца больш як на 13 км ад Курапат да 1-га завулка Акрэсьціна, дзе разьмешчаны Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Сюды масава звозілі дэманстрантаў, затрыманых пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Выходзячы з ЦВП, людзі расказвалі пра гвалт і зьдзекі сілавікоў.

19.50 Актор Купалаўскага тэатру ў ланцугу каля помніка Максіму Багдановічу Павал Харланчук кажа, што пакуль ён мае менш аргумэнтаў, каб застацца ў тэатры, «пасьля таго, што дзяржава робіць з нашымі людзьмі». «Я не магу сабе ўявіць сытуацыю, што той чалавек, які прымаў мяне на Акрэсьціна, будзе сядзець у залі, а я перад ім буду рабіць выгляд, што ўсё добра. Прынамсі, мусяць быць пакаяньне і прабачэньне. Тады размова можа ісьці далей. Калі нічога не адбылося і яны лічаць, што ўсё адбылося правільна... Так адбываецца на ўсёй постсавецкай прасторы. Яны ніколі ня просяць прабачэньня, нават калі даказана, што яны памыляюцца...»

19.40 Людзі далучаюцца да ланцуга ў розных раёнах Менску. Каля Курапатаў людзі стаяць паабапал МКАД.

19.20 Маці Паўла Севярынца Тацяна Севярынец у ланцугу ў Курапатах кажа, што сёньня была ў Сьледчым камітэце, каб сустрэцца са сьледчым, але не дамаглася ніякай інфармацыі.

«Паша — лідэр, які мог натхніць на новую хвалю пратэстаў людзей. Таму яны прыдумалі для яго 392 артыкул Крымінальнага кодэксу, каб трымаць яго за кратамі. Гэта артыкул прыдумаў Лукашэнка, ён сам падпадае пад гэты артыкул сто разоў, і пад 357 артыкул (перавышэньне паўнамоцтваў). Народ не ягоная ўласнасьць, ён наш слуга. Мне, даросламу чалавеку, не зразумела, як генэралы, сілавікі страцілі павагу да чалавека, да жыцьця. Яны не павінны забываць, што за ганебныя грошы ім плацяць. Ганьба тым, хто даваў прысягу народу, а служыць аднаму злачынцу. Ён ня мае ніякага права займаць гэтую пасаду», — кажа Тацяна Севярынец.

Настаўніца і літаратарка Ганна Севярынец кажа, што сёньня Курапаты кажуць беларусам: ня толькі ў Лукашэнку праблема. «Ня толькі цяпер у сілавікоў і іхных памагатых зьмяніліся каштоўнасьці. Яны заўсёды думалі, што чалавечае жыцьцё нічога ня вартае, іх так выхавалі. Шмат дзяцей у Беларусі выхоўваюцца ў сем'ях, дзе ім не даюць зразумець вартасьць іх жыцьця. У нас хворае ўсё грамадзтва, яшчэ з часоў прыгоньніцкага права. Рабская сьвядомасьць ніяк з нас ня выйдзе, бо мы ніяк не засвоім гістарычных урокаў. У Курапатах ляжаць людзі, якія ад гэтага загінулі, якіх не абаранілі, не адмалілі, не аплакалі ў свой час. Трэба назваць імёны злачынцаў, але пакуль мы не прызнаем, што за гэтыя 26 год мы самі вінаватыя... За гады перад намі вінаватае тое пакаленьне... Мы як народ мусім па кроплі выціскаць зь сябе раба... Мы зьдзіўляемся, што за пачвары павылазілі. Гэта людзі, якія лупяць дома дзяцей. Людзі пытаюцца, як цяпер ісьці да настаўнікаў? Дык вы раней да іх хадзілі, яны не зьмяніліся. Гэта ў вас расплюшчыліся вочы, гэта віна ўсяго грамадзтва».

19.12 Беларускі пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, які стаіць у ланцугу насупраць Траецкага прадмесьця, кажа, што прыйшоў сюды, кіруючыся болем, гвалтам і салідарнасьцю. Паводле яго, такія ланцугі дапамагаюць адчуваць сябе нацыяй.

«Але хочацца нейкага наступнага кроку. Бо можам так стаяць да бясконцасьці, але наша мірная рэвалюцыя павінна пераходзіць да нейкага наступнага этапу... Цягам 26 год мы бачылі, як рэжым рыхтаваўся да гвалту, назапашваў сілы, выхоўваў жорсткасьць у сваіх ланцужных сабаках. Як пісьменьнік я шмат пісаў пра сутнасьць гэтага рэжыму. Гадоў 15–20 таму было ясна, да чаго гэта ідзе. Што прыйдзе час, калі трэба будзе ўжываць сілу і гвалт, каб захавацца. Бо людзі не дурныя. падрасло некалькі новых пакаленьняў беларусаў, якія ня хочуць жыць так і далей так жыць ня будуць. Менск ніколі ня будзе ранейшым. Гэта будзе эўрапейскі, вольны, крэатыўны горад. Гэтымі днямі ён паказаў, якім бы ён быў, калі б не душылася ўсё самае прыгожае і таленавітае. На нашым баку самыя прыгожыя і таленавітыя людзі. На іх баку — бяздарнасьці, жорсткія і не зусім чалавечыя істоты».

19.00 У Курапатах удзельнікі акцыі сьпяваюць «Магутны Божа».

18.50. Тым часам па праспэкце Незалежнасьці шэсьцем ідзе калёна прыхільнікаў Лукашэнкі з чырвона-зялёнымі сьцягамі.

18.45 Жанчына ў Курапатах з партрэтам прадзеда, якога ў 1938 годзе расстралялі як польскага шпіёна, расказала, што ўпершыню прыйшла ў Курапаты. Яна была ў КДБ, дзе азнаёмілася са справай рэпрэсаванага сваяка. Апошнія падзеі ў Беларусі яна называе генацыдам. «Я ведала, што ў нас дыктатура, але не чакала, што можна так зьдзекавацца зь людзей. Лукашэнка і сілавікі мусяць адказаць за злачынствы, якія яны ўчынілі».

18.36 Карэспандэнт Свабоды паведамляе, што ланцуг цягнецца ад Гарадзкога Вала да вуліцы Багдановіча.

Мужчына на Нямізе кажа, што прыйшоў падтрымаць свабоду ў Беларусі. Называе зьбіцьцё людзей, іх зьнішчэньне генацыдам беларускага народу і фашызмам.

18.30 Абаронца Курапатаў і ўдзельніца «Курапацкай варты» Ганна Шапуцька кажа, што ўдзельнічала ў акцыях ва ўрочышчы пад Менскам з 2006 году. Паводле яе, у 2020 годзе «ўлады фактычна стварылі ўмовы, пры якіх могуць паўстаць новыя катаваньні. У наш час, у цэнтры Эўропы. Зьбіцьці, згвалтаваньні, сьмерці — ці было падобнае ў сталінскія часы? Хто ты такі, Лукашэнка, што маеш права забіраць нашыя жыцьці? Ён парушае ўсё, ён жыве «по понятиям». Гэта злачынца і тыран, які мусіць трапіць пад трыбунал разам са сваімі служкамі. Беларусь ніколі ня будзе такой, як раней».

Яна кажа, што не разумела выбарчую кампанію, не падтрымлівала кандыдатаў, але «калі здарылася гэтая бойня, кожны зь беларусаў ня мае права маўчаць».

18.25 Мужчына кажа, што за 55 год не адчуваў такога эмацыйнага ўдару. Кажа, што пакаленьне 20-гадовых аказалася сьмелымі хлопцамі і дзяўчатамі, якія ня будуць жыць пры камунізьме.

18.20 Дзяўчына ў Курапатах згадвае сталінскія рэпрэсіі, кажа пра іх падабенства да сёньняшніх падзей у Беларусі. Называе зьбіцьцё і арышты людзей за выказваньне сваёй думкі незаконнымі.

Маршрут «Ланцуга пакаяньня» пралягае праз вуліцы Мірашнічэнкі — Кальцова — Шырокую — плошчу Бангалор — Белую Вежу — Нямігу — плошчу Багушэвіча — станцыю мэтро «Грушаўка». У гэтых месцах таксама зьбіраюцца групы людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG