Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пералом ужо наступіў, зваротнага шляху няма». Павал Латушка адказаў на пытаньні Свабоды. ВІДЭА


Павал Латушка
Павал Латушка

Сябра Каардынацыйнай рады для пераходу ўлады Павал Латушка ў жывым эфіры адказаў на пытаньні Свабоды.

Пра крымінальную справу аб закліку да «захопу ўлады»

Павал Латушка расказаў у інтэрвію Свабодзе, што, адрозна ад калегаў па Каардынацыйнай радзе, пакуль не запрошаны на допыт у Сьледчы камітэт — напярэдадні Генэральная пракуратура пачала справу за спробы «захопу ўлады».

Латушка сам мае адукацыю юрыста і перакананы, што ніякіх падставаў да прыцягненьня паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу — заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі — няма.

«На жаль, гэта адзін з элемэнтаў, каб паўплываць на дзейнасьць Каардынацыйнай рады, — перакананы Павал Латушка. — Насамрэч ідэя рады зусім іншая: даць сыгнал аб тым, што мы гатовыя абмяркоўваць і вырашаць палітычны крызіс шляхам дыялёгу. Дарэчы, цікава: у адносінах да нашай дзейнасьці крымінальная справа ўзбуджаецца, але дагэтуль няма ніякага расьсьледаваньня ў адносінах да тых, хто чыніў гвалт супраць мірных дэманстрантаў і выпадковых людзей. Праўная сыстэма, у сутнасьці, перастала функцыянаваць».

«Больш жорсткія падыходы з нашага боку прывядуць да прадказальных наступстваў»

Павал Латушка падзяляе думку, што прэзыдэнцкія выбары былі сфальсыфікаваныя, таму неабходна казаць пра новыя, празрыстыя і сумленныя выбары з удзелам альтэрнатыўных кандыдатаў, пазбаўленых зараз такога права.

«Мы накіравалі адпаведны зварот да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, кіраўнікам МУС, КДБ, Сьледчага камітэту і Генэральнай пракуратуры, ніякага адказу пакуль няма, — працягвае ён. — Мы зыходзім з таго, што гэта пытаньне ўнутранай палітыкі — якім шляхам нам ісьці і ў якім кірунку разьвівацца. Нас крытыкуюць, што не хапае рашучасьці... Больш жорсткія падыходы, вядома, магчымыя, але мы разумеем, якія будуць наступствы ад такіх заяваў і тым больш рухаў. Таму ўсё робіцца ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўстам».

Чальцы прэзідыюму Каардынацыйнай рады, 18 жніўня
Чальцы прэзідыюму Каардынацыйнай рады, 18 жніўня

«Кардынальны пералом ужо наступіў у сэрцах і душах большасьці беларусаў»

Які сцэнар мяркуе абраць Каардынацыйная рада ў выпадку паступовага заціханьня народнай актыўнасьці? Ня бачачы аднамомантавых вынікаў, людзі апускаюць рукі.

«Пералом ужо наступіў — перш за ўсё, у сэрцах і душах большасьці беларусаў, — лічыць Павал Латушка. — Людзі ня хочуць вяртацца назад, яны жадаюць разьвіцьця, пераменаў. Стаміліся баяцца, думаць пра наступствы. І тая салідарнасьць, якая цяпер выяўляецца, — гэта ўпершыню. „Дыджэяў пераменаў“ падтрымалі імгненна — і сродкамі, і працай. Калі размалявалі мой дом, людзі адразу адгукнуліся, прапанавалі прыехаць і ўсё аднавіць... Гэта адкінуць немагчыма. Ёсьць статус зыходнай пазыцыі, ад якой пачнецца рух наперад. Хто кіруе дзяржавай, павінны гэта зразумець».

Цяпер людзі заклапочаныя палітычным крызісам і міліцэйскім гвалтам. Але наступны выбух можа быць справакаваны эканомікай. Каб гэтага не дапусьціць, трэба сядаць за стол перамоваў, кажа Павал Латушка.

«Нават у людзей сыстэмы назапашваецца крытычная маса, якая прыводзіць да выбуху»

Карэспандэнт Свабоды пацікавіўся ў Паўла Латушкі пра ягоныя лідэрскія амбіцыі — ці гатовы ён сам прэтэндаваць на пасады прэзыдэнта або прэм’ер-міністра?

«Унутраная гатоўнасьць высьпявае з таго, што ты робіш, што твае словы, рухі, дзеяньні адпавядаюць пазыцыі людзей, гатовых цябе падтрымаць, — патлумачыў ён. — Калі ўсё сумяшчаецца разам, магчыма, акурат тады і зьяўляецца лідэр. Давайце спачатку вырашым тую сытуацыю, якая склалася на сёньняшні дзень. Калі мы пройдзем гэты этап і ня знойдзем выйсьця, то наступіць новы. Але, паўтаруся, зваротнага шляху няма. Адбыліся псыхалягічныя зьмены — у тым ліку і ў дзяржаўным апараце. Я гэта ведаю, бо людзі самі на мяне выходзяць, выказваюць падтрымку».

Павал Латушка перакананы: як і ў ягоным выпадку, нават у людзей сыстэмы назапашваецца крытычная маса, якая прыводзіць да выбуху. Іншымі словамі, да перасэнсаваньня ўсяго папярэдняга жыцьця. Якраз з гэтага шэрагу адстаўкі ў дыпляматычным корпусе, сілавых структурах.

«Няма плянаў эміграцыі, бо не парушаю ніякіх законаў»

Павал Латушка зазначыў, што кожны, хто пайшоў супраць рэжыму, мусіць быць гатовым да горшага варыянту разьвіцьця падзеяў.

«Ёсьць небясьпека, адчуваньне пагрозы, — прызнаў ён. — Мяне многія ведаюць, нават адгаворвалі далучацца да Каардынацыйнай рады — маўляў, зараз пад’едзе аўтамабіль, сядайце і тэрмінова зьяжджайце! І калі такое прапанавалі маёй сям’і, я гэта зрабіў — прынамсі задаволены, што магу за іх не турбавацца і засяродзіцца на сваіх задачах. Зь іншага боку, зьявіліся дзіўныя людзі, якія спрабавалі аказваць псыхалягічыны ціск. Але калі я не паддаўся, яны некуды зьніклі».

Павал Латушка запэўнівае, што няма плянаў эміграцыі, бо ён не парушае ніякіх законаў, а выказвае грамадзянскую пазыцыю. «Быў і застаюся грамадзянінам і патрыётам», — падсумаваў ён.

«Ціханоўскую падтрымала бальшыня выбарнікаў, пра што сьведчыў антураж гарадоў»

Хто для Каардынацыйнай рады Сьвятлана Ціханоўская? Абраны прэзыдэнт, да чаго схіляюцца яе прыхільнікі, альбо маральны аўтарытэт, важны для ўспрыняцьця Беларусі на Захадзе?

«Юрыдычна факт яе прэзыдэнцтва не зафіксаваны ніводным дакумэнтам, але яна ёсьць лідэрам з гледзішча тых, хто за яе прагаласаваў і чый голас быў бессаромна скрадзены, — адказаў Латушка. — Даказаць гэта пратаколамі ў большасьці выпадкаў таксама немагчыма, бо іх папросту зьнішчылі. Але тое, што яе падтрымала бальшыня выбарнікаў, бачна было ўжо з таго, што адбывалася на вуліцах нашых гарадоў. Тым ня меней яна не зьяўляецца лідэрам Рады, бо гэта аб’яднаньне людзей не пад Ціханоўскую, а дзеля пачатку перамоўнага працэсу».

Латушка дадаў, што ў складзе Рады цяпер працуе цэлы шэраг сэкцыяў, якія займаюцца маніторынгам ў розных сфэрах — падтрымка страйкамаў, рэгістрацыя парушэньняў свабоды слова і правоў чалавека.

«Мае былыя калегі на высокім узроўні аналізуюць тое, чаго не існуе ў прыродзе»

Пры канцы гутаркі Павал Латушка запярэчыў заявам кіраўніка ўраду Рамана Галоўчанкі наконт таго, што дзейнасьць Каардынацыйнай рады мае антырасейскі падтэкст. Зь яго словаў, на парадку дня пытаньне замежнай палітыкі калі і стаіць, то вельмі далёкім пунктам.

«Я вельмі зьдзіўлены, што мае былыя калегі на такім высокім узроўні пачынаюць аналізаваць тое, чаго не існуе ў прыродзе, — не хаваў зьдзіўленьня суразмоўца Свабоды. — Прэм’ер-міністар, дэпутаты парлямэнту на поўным сур’ёзе абмяркоўваюць, што мы хочам правесьці нацыяналізацыю і беларусізацыю, што зьбіраемся нацягнуць дрот паміж Беларусьсю і Расеяй, нават падлічылі, колькі каштуе абсталяваньне пунктаў кантролю на мяжы — ваў! Ніколі такой праграмы не існавала!».

Паводле Паўла Латушкі, на парадку Рады два галоўныя тэзісы. Па-першае, правы чалавека — міліцэйскі гвалт, парушэньні свабодаў і палітвязьні. Па-другое, пытаньне новых сумленных выбараў. Гэтыя патрабаваньні пастулявалі пратэстоўцы, і цяпер яны рэтрансьлююцца на адрас улады.

Хто такі Павал Латушка

Павал Латушка ўвайшоў у склад прэзыдыюму Каардынацыйнай рады пасьля таго, як загадам міністра культуры быў звольнены з пасады дырэктара Купалаўскага тэатру.

Прычынай сталі ягоныя выказваньні супраць міліцэйскага гвалту і фальсыфікацыі выбараў, ён асабіста прыйшоў да мітынгоўцаў на плошчу Незалежнасьці. На знак салідарнасьці з сваім кіраўніком з тэатру звольніліся больш за 100 актораў і тэхнічных супрацоўнікаў.

Да таго Павал Латушка быў міністрам культуры, працаваў амбасадарам Беларусі ў Польшчы і Францыі.

Павал Латушка нарадзіўся ў 1973 годзе, закончыў юрыдычны факультэт БДУ і Менскі лінгвістычны ўнівэрсытэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG