Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9-ы дзень пратэстаў. Ціханоўская гатовая стаць нацыянальным лідэрам. Рабочыя на сустрэчы з Лукашэнкам: «Сыходзь!»

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што гатовая стаць нацыянальным лідэрам. На Менскім заводзе колавых цягачоў, які ўзбунтаваўся 14 жніўня, адбылася сустрэча з Лукашэнкам. Рабочыя крычалі яму: «Сыходзь!» 

19:30 17.8.2020

«Рыхтавалі да вайны супраць свайго народу». Падпалкоўнік міліцыі расказаў, як рыхтаваліся да выбараў і зьбіцьця

«Ідэалягічная падрыхтоўка была такая: калі дзейная ўлада пацерпіць паразу, то кожнага з нас [супрацоўнікаў міліцыі] будуць вешаць на суках пры дарозе. Таму абараняць гэтую ўладу трэба любымі сродкамі і спосабамі». Партал tut.by запісаў аповед падпалкоўніка міліцыі зь Ліды, камандзіра роты Юрыя Махнача.

Яшчэ ў чэрвені яму ад намесьніка начальніка Лідзкага РАУС Дзяніса Аўраменкава паступіў загад разганяць мірны пікет у Лідзе. Туды выйшлі, паводле Махнача, мірныя людзі — пэнсіянэры, мужчыны, жанчыны зь дзецьмі і вазочкамі, якія нічога дрэннага не рабілі. Ён адмовіўся выконваць загад начальства, які, у сваю чаргу, прыйшоў зьверху, ад намесьніка начальніка УУС Горадзенскага аблвыканкаму Аляксандра Шастайлы.

«У Лідзе адбываліся страшныя рэчы: білі людзей на тэрыторыі РАУС, зьбівалі і катавалі ў аўтазаках, на мыйцы аўтатранспарту РАУС». Юры Іванавіч кажа, што гэта рабілі супрацоўнікі АМАПу Горадзенскага аблвыканкаму і супрацоўнікі Лідзкага РАУС. Цалкам чытайце па спасылцы.

19:09 17.8.2020

На плошчы Незалежнасьці працягваюцца пратэсты

На плошчы Незалежнасьці ля Дому ўраду ў Менску працягваюць зьбірацца пратэстоўцы.

Ля помніка Леніну ў рэжыме «вольнага мікрафона» пачалі выступаць усе ахвотныя.

19:04 17.8.2020

18:35 17.8.2020

Расейскі пісьменьнік: ва ўсіх выклікае захапленьне і зайздрасьць тое, як беларусы ўпэўнена, упарта і прыгожа бароняць сябе

Расейкі пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў у інтэрвію беларускай Свабодзе падзяліўся сваімі асьцярогамі адносна магчымага ўмяшаньня Расеі ў сытуацыю ў Беларусі і паразважаў пра палітычнае і культурнае значэньне беларускага супраціву дыктатуры.

Сьцісла

  • У нас ва ўсіх выклікае захапленьне і зайздрасьць тое, як беларусы ўпэўнена, упарта і прыгожа бароняць сябе
  • Варыянтаў расейскага ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі шмат, і яны яшчэ ня вычарпаныя
  • Абсалютна перакананы, што вэнэсуэльскага сцэнару ў Беларусі ня будзе. Беларусы не вэнэсуэльцы, беларусы маюць нардычны, больш халодны тэмпэрамэнт, даўжэй цярпяць і больш адчайна самі гатовыя ісьці да канца
  • Падзеі ў Беларусі маюць велізарнае значэньне для Расеі, але там такога адзінства давядзецца дамагацца значна даўжэй.
  • Рэвалюцыя не нясе паляпшэньня побыту, яна нясе паляпшэньне самаадчуваньня
  • Перамога над Лукашэнкам будзе мець магутнае культурнае значэньне для Беларусі.

Інтэрвію цалкам чытайце па спасылцы.

18:32 17.8.2020

18:32 17.8.2020

18:23 17.8.2020

На «Беларуськаліі» абвясьцілі бестэрміновы страйк

На цэнтральнай плошчы Салігорску пачаўся мітынг шахтараў. На плошчы сабралася некалькі тысяч чалавек.

Выступіла прадстаўніца незалежнага прафсаюзу гарнякоў і паведаміла, што ад сёньняшняга дня ўсе 6 руднікоў «Беларуськалію» абвясьцілі бестэрміновую забастоўку.

Прадстаўніца незалежнага прафсаюзу кажа, што сьпісы ўсіх шахтараў, якія не падтрымаюць забастоўку і працягнуць працаваць, будуць вывешаныя на рудаўпраўленьнях.

Прэм'ер-міністар Галоўчанка нібыта ўжо зьехаў з Салігорску і ня будзе выступаць.

18:14 17.8.2020

«Ня бойцеся! Нас не пакінуць у бядзе», — штаб Ціханоўскай зьвярнуўся да страйкоўцаў

Кіраўніца штабу кандыдаткі на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай Марыя Мароз зьвярнулася да страйкоцаў, якія дамагаюцца сумленных выбараў і спыненьня гвалту.

18:11 17.8.2020

Звольнілі дырэктара Купалаўскага, які падтрымаў пратэстоўцаў

Звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру, былога амбасадара Беларусі ў Польшчы і Францыі Паўла Латушку. Пра гэта калектыву паведаміў прадстаўнік Міністэрства культуры.

Каля 50 супрацоўнікаў Купалаўскага тэатру (у асноўным акторы) на чале з мастацкім кіраўніком тэатра Мікалаем Пінігіным і кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі Вольгай Бабковай напісалі заявы аб звальненьні. Гэта пацьвердзілі Свабодзе акторы Раман Падаляка, Алег Гарбуз і Вольга Бабкова.

У Купалаўскі тэатар на перамовы прыехаў прадстаўнік Міністэрства культуры. У тэатры знаходзяцца амаль усе акторы і іншыя супрацоўнікі тэатру. Падрыхтаваная стопка заяваў на звальненьне.

Каля Купалаўскага тэатру сабраліся людзі, якія выступаюць супраць звальненьня Паўла Латушкі, усяго падтрымаць яго прыехалі некалькі сотняў чалавек, у тым ліку паэт Уладзімер Някляеў.

Як паведаміў Павал Латушка, яго звольнілі паводле артыкулу 259 Працоўнага кодэксу Беларусі, «які фактычна кажа пра тое, што звальненьне можа адбыцца па ініцыятыве ўласьніка, нават безь віны супрацоўніка».

На сустрэчы з Паўлам Латушкам прадстаўнік Міністэрства культуры паведаміў, што звальненьне Латушкі прынятае прэмьер-міністрам Беларусі. Гэта зьвязана з выказваньнем Латушкі наконт выбараў і міліцэйскага гвалту ў Менску. Цалкам чытайце па спасылцы.

Некалькі соцень чалавек прыехалі да Купалаўскага тэатру, каб падтрымаць звольненага Паўла Латушку, сярод іх – паэт Уладзімер Някляеў. Актор Купалаўскага тэатру Павал Харланчук ветліва папрасіў усіх разысьціся. Цяпер у тэатры прымаюць нейкія рашэньні.

Павал Харланчук
Павал Харланчук
Людзі прыехалі падтрымаць Паўла Латушку
Людзі прыехалі падтрымаць Паўла Латушку
Людзі не разышліся, чакаюць побач у Купалаўскім сквэры
Людзі не разышліся, чакаюць побач у Купалаўскім сквэры
Плякат на будынку Купалаўскага
Плякат на будынку Купалаўскага
18:10 17.8.2020

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу: Мы падтрымліваем жыхароў Беларусі, якія хочуць пераменаў ужо цяпер

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Жузэп Барэль 17 жніўня заявіў, што Эўразьвяз падтрымлівае жыхароў Беларусі, якія выйшлі на дэманстрацыі ў Беларусі 16 жніўня.

«У гэтых мірных дэманстрацый былі выразныя патрабаваньні: вызваленьне ўсіх незаконна затрыманых, судовы перасьлед вінаватых у жорсткасьці міліцыі і правядзеньне новых прэзыдэнцкіх выбараў. Чыстыя лічбы ясна паказваюць, што жыхары Беларусі хочуць пераменаў ужо цяпер. ЭЗ падтрымлівае іх», — гаворыцца ў заяве Барэля.

Эўразьвяз чакае стараннага і празрыстага расьсьледаваньня ўсіх парушэньняў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, і працуе над новымі санкцыйнымі сьпісамі ў адносінах да асобаў, адказных за «гвалт, задушэньне мірных пратэстаў і фальсыфікацыю вынікаў выбараў». Цалкам чытайце па спасылцы.

18:07 17.8.2020

Зварот Марыі Калесьнікавай да мэдыкаў

18:00 17.8.2020

Упершыню за 10 дзён да палітвязьня Віктара Бабарыкі дапусьцілі адвакатаў, ён ня ведаў пра падзеі ў краіне

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Адвакаты зьняволенага ў СІЗА КДБ паводле фармальнага падазрэньня ў крымінальных злачынствах былога ўдзельніка выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі ўпершыню з 7 жніўня наведалі свайго падабароннага і распавялі яму, што цяпер адбываецца ў краіне. Цягам больш чым тыдня яны не маглі гэтага зрабіць, нягледзячы на ўсе намаганьні.

«Як і ўвесь народ Беларусі, Віктар Бабарыка смуткуе па загінулых суайчыньніках і выказвае спачуваньні пацярпелым, іх родным і блізкім. Ён перакананы, што недапушчальна ўладзе ваяваць супраць народу. Катаваньні нічым і ніколі ня могуць быць апраўданыя, такое ня мае прабачэньня.

Ён схіляе калена перад усімі, хто ў гэтыя дні застаўся верны ідэалам свабоды і адчуў сябе чалавекам. Чакаецца, што вялікія справы робяць вялікія людзі, але цяпер пацьвярджаецца, што вялікія справы зьдзяйсьняюць простыя людзі – людзі, якія перамаглі страх.(...) Ён захоплены мужнасьцю простага чалавека і ён ганарыцца тым, што ён – беларус», – перадаў Зьміцер Лаеўскі пазыцыю Віктара Бабарыкі. Цалкам чытайце па спасылцы.

17:51 17.8.2020

У тэлерадыёкампаніі «Гродна» трох вядоўцаў адхілілі ад эфіру пасьля заявы, што хочуць асьвятляць падзеі аб’ектыўна

Супрацоўнікі дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з Горадні падтрымалі агульнанацыянальныя патрабаваньні і заявілі, што гатовыя прадаставіць пляцоўку для аб’ектыўнага асьвятленьня падзеяў.

Адначасова, як расказаў вядоўца ТРК «Гродна» Дзьмітры Лютомскі, трох вядоўцаў кампаніі Дзьмітрыя Чэкана, Дзьмітрыя Лютомскага і Сяргея Гадзяева кіраўніцтва адхіліла ад эфіраў.

Супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі не абвяшчалі страйк, бо мяркуюць, што могуць быць карыснымі, даючы праўдзівую інфармацыю. Паводле Лютомскага, цяпер і так кампанія фактычна страйкуе, у эфір выходзяць толькі навіны надвор’я. Цалкам чытайце па спасылцы.

17:49 17.8.2020

Затрымлівалі работніка МЗКЦ, які здымаў Лукашэнку на тэлефон

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі пра затрыманьне работніка Менскага заводу колавых цягачоў Андрэя Судаса. Менавіта ён здымаў на тэлефон Аляксандра Лукашэнку падчас слоўнага канфлікту з работнікамі.

На якой афіцыйнай падставе затрымлівалі Андрэя Судаса, пакуль невядома. Ён знаходзіўся ў РУУС Заводзкага раёну Менску. Пазьней ягоны сябар, які размаўляў з жонкай Судаса, паведаміў, што той ўжо дома, але не дае камэнтароў.

17:47 17.8.2020

Украіна ўпершыню ў гісторыі дыпляматычных стасункаў зь Беларусьсю адклікала свайго амбасадара зь Менску

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба заяўляе, што Аляксандар Лукашэнка падарваў давер між Беларусьсю і Ўкраінай, перадаўшы Расеі затрыманых «вагнэрацаў», чым нанёс «сур'ёзны ўдар па двухбаковых дачыненьнях».

«Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка неаднаразова і цалкам беспадстаўна абвінавачваў Украіну ў недружалюбных кроках супраць Беларусі. Якасна новыя пагрозы як асабістай бясьпецы грамадзян, так і рэгіянальнай бясьпецы ў цэлым вынікаюць з афіцыйных паведамленьняў аб магчымым актыўным удзеле Расеі і АДКБ у вырашэньні сытуацыі ў Беларусі», – заявіў Дзьмітры Кулеба.

Паводле яго, спалучэньне гэтых фактаў і дзеяньняў, а таксама разьвіцьцё падзей у Беларусі, грамадзтва якой выказала вотум недаверу афіцыйным вынікам прэзыдэнцкіх выбараў, рэзка зьмяняе сытуацыю ва ўкраінска-беларускіх дачыненьнях:

«Улічваючы гэта, я вырашыў выклікаць амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацый у Кіеў для ацэнкі пэрспэктыў украінска-беларускіх дачыненьняў у новай рэчаіснасьці, распрацаваць адпаведныя рашэньні з улікам цэлага комплексу фактараў. Мы ўпершыню ў гісторыі робім такі крок у адносінах з Беларусьсю і робім гэта выключна з-за недапушчальных дзеяньняў Менску».

17:45 17.8.2020

Трамп: «Сытуацыя ў Беларусі жахлівая»

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Дональд Трамп упершыню выказаўся пра сытуацыю ў Беларусію Ён заявіў 17 жніўня, што ЗША назіраюць за сытуацыяй у Беларусі, і што гэтая сытуацыя «жахлівая», піша Reuters.

17:42 17.8.2020

Штаб Ціханоўскай: у Каардынацыйную раду па забесьпячэньні транзыту ўлады ў Беларусі запісалася больш за 30 чалавек

Давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова паведаміла ў Фэйсбуку, што ў Каардынацыйную раду, якая закліканая забясьпечыць транзыт улады ў Беларусі, ужо запісалася больш за 30 чалавек.

Пра патрэбу фармаваньня Каардынацыйнай рады Сьвятлана Ціханоўская заявіла 14 жніўня. Паводле Кавальковай, пасяджэньне каардынацыйнай рады адбудзецца ў бліжэйшы час, сьпіс удзельнікаў не закрыты.

Паводле яе словаў, у раду ўвайшлі кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава, драматург Андрэй Курэйчык, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, мастак Уладзімер Цэсьлер, бізнэсоўцы, творчыя людзі, прадстаўнікі ІТ, лекары, — агулам больш за 30 чалавек.

17:34 17.8.2020

ВІЦЕБСК. Людзі сабраліся ля аблвыканкаму і чакаюць сустрэчы з уладамі

Віцябляне чакаюць сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады каля будынку аблвыканкаму. А 17-ай гадзіне старшыня аблвыканкаму згадзіўся сустрэцца з дэлегацыяй ад гараджан з 15 чалавек. Журналістаў незалежных СМІ на сустрэчу не пусьцілі. Асьвятляць яе будзе абласное тэлебачаньне. Гараджане скандуюць «Шарсьнёў, выходзь!»

Гараджане разгарнулі вялікі сьцяг перад аблвыканкамам у Віцебску. Сярод 15 прадстаўнікоў на сустрэчы са старшынёй аблвыканкаму Мікалаем Шарсьнёвым віцебскія праваабаронцы Павел Левінаў і Ірына Трацьцякова, старшыня партыі БНФ у Віцебску Кастусь Смолікаў, грамадзкая актывістка Яўгенія Пачэпка, блогерка Алена Янушкоўская.

17:29 17.8.2020

Міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік выйшаў да пратэстоўцаў, якія сабраліся каля Міністэрства здароўя патрабаваць яго адстаўкі. Людзі задавалі яму жорсткія пытаньні па пацярпелых ад гвалту сілавікоў. У выніку Каранік зьбег ад людзей пад крыкі «Ганьба!»

Ягоную машыну паспрабавалі заблякаваць, але ён здолеў зьехаць.

17:27 17.8.2020

Праваабаронцы: Падчас вулічных пратэстаў загінулі ня менш за пяць чалавек, сем — у крытычным стане

Падчас вулічных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі загінулі прынамсі пяць чалавек, сем — знаходзяцца ў крытычным стане ў рэанімацыі. Такія зьвесткі прыводзяцца ў дакладзе асьветніцка-сацыяльнага грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно», які ёсьць у распараджэньні БелаПАН.

Даклад прысьвечаны парушэньню правоў удзельнікаў пратэстаў у Беларусі ў пэрыяд з 7 па 14 жніўня. Валянтэры «Зьвяна» адшукалі ў лякарнях Менску 120 чалавек і апыталі 30 пацярпелых, якія атрымалі траўмы рознай ступені сур’ёзнасьці.

Афіцыйна ўлады паведамілі толькі пра аднаго загінулага, у Менску на Пушкінскай — Аляксандра Тарайкоўскага. Старшыня рады «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская расказала БелаПАН, што 25-гадоваму Аляксандру Віхору, які загінуў у Гомлі, было адмоўлена ў мэдычнай дапамозе. З гэтай нагоды, як і ў выпадку гібелі Тарайкоўскага, не праводзіцца расьсьледаваньне і адмоўлена ў судова-мэдычнай экспэртызе прычынаў сьмерці.

Праваабаронцы маюць сьведчаньні людзей, якія трапілі ў лякарні зь пераломамі рэбраў, рук, пашкоджаньнямі вачніц і іншымі траўмамі, пры якіх патрабуецца неадкладная мэдычная дапамога. Усе яны сьцьвярджаюць, што мэдычная дапамога аказвалася праз 6–12 гадзін пасьля атрыманьня траўмы, некаторым толькі пасьля страты прытомнасьці. Цалкам чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG