Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9-ы дзень пратэстаў. Ціханоўская гатовая стаць нацыянальным лідэрам. Рабочыя на сустрэчы з Лукашэнкам: «Сыходзь!»

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што гатовая стаць нацыянальным лідэрам. На Менскім заводзе колавых цягачоў, які ўзбунтаваўся 14 жніўня, адбылася сустрэча з Лукашэнкам. Рабочыя крычалі яму: «Сыходзь!» 

17:24 17.8.2020

Кіраўнікі фракцый Эўрапарлямэнту заклікалі да новых выбараў у Беларусі

Лідэры 5 асноўных палітычных фракцый Эўрапарлямэнту 17 жніўня апублікавалі сумесную заяву з заклікам да правядзеньня новых, свабодных выбараў у Беларусі і асуджэньнем гвалту супраць мірных маніфэстантаў.

«Мы аплядуем беларускаму народу за яго мужнасьць і рашучасьць і моцна падтрымліваем яго імкненьне да дэмакратычных пераменаў і свабоды. Прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і вартыя даверу справаздачы паказваюць на перамогу Святланы Ціханоўскай. Таму мы не прызнаем Аляксандра Лукашэнку пераабраным прэзыдэнтам Беларусі і лічым яго пэрсонай нон грата ў Эўразьвязе, — гаворыцца ў дакумэнце, апублікаваным на сайце Эўрапейскай народнай партыі.

Кіраўнікі палітычных фракцый Эўрапарлямэнту заявілі, што «далучаюцца да беларускага народу ў яго патрабаваньні новых і свабодных выбараў пад наглядам незалежных назіральнікаў». Пра што яшчэ гаворыцца ў заяве, чытайце па спасылцы.

17:19 17.8.2020

Практычна на ўсіх прадпрыемствах пачалі ствараць страйкавыя камітэты

Практычна на ўсіх прадпрыемствах ствараюцца страйкавыя камітэты, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў. Паводле яго, сёньня да сваіх адміністрацыяў людзі выходзілі на «Нафтане» і «Паліміры» ў Наваполацку.

«Выступалі, выстаўлялі патрабаваньні. Пагражаюць бестэрміновым страйкам у выпадку іх невыкананьня. На „Гродна Азоце” — тое ж самае. „Беларуськалій” (Салігорск) ужо пачаў спыняць вытворчасьць», — паведаміў прафсаюзны лідэр.

«Практычна на ўсіх прадпрыемствах ствараюцца страйкамы, празь якія будуць каардынавацца дзеяньні рабочых. І гэтыя прадпрыемствы будуць спыняцца. Рашучасьць у людзей сур’ёзная. Людзі не даруюць такога гвалту з боку сілавікоў, які быў на вуліцах нашых гарадоў», — заявіў Пазьнякоў.

17:16 17.8.2020

«Дабіваць параненага — гэта апошняя стадыя нізасьці». Доктар-рэаніматоляг пра траўмы і пакуты пацярпелых ад сілавікоў

Доктар-рэаніматоляг Юры Сіраш апавядае, як на месца выбухаў не прапускалі машыны хуткай дапамогі, як АМАП зьбіваў валянтэраў і дабіваў параненых, у якім стане прывозілі людзей з Акрэсьціна. І чаму, на яго думку, ўлада страціла павагу.

«Я дзяжурыў 9 жніўня, быў адказным лекарам па шпіталі. Брыгады хуткай дапамогі пачалі прывозіць увечары траўмаваных сьвятлашумавымі гранатамі. Мы чакалі большай колькасьці пацыентаў, але асноўны ўдар прыняў на сябе вайсковы шпіталь. І гэта правільна, бо міна-выбуховая траўма, агнястрэлы — гэта іхны профіль. Адзінае, мы разумелі — калі будзе вельмі вялікая колькасьць пацярпелых, вайсковы шпіталь мае пэўныя памеры, ня зможа ўсіх прыняць. Наш шпіталь усе гэтыя дні адпрацаваў з запасам, з рэзэрвам», — распавядае Юры Сіраш.

Усю інфармацыю атрымлівалі праз «вуснае радыё», бо афіцыйнай інфармацыі не было — нуль, інтэрнэт вырубаўся, ТБ верыць нельга. Асноўная інфармацыя, якая да нас прыходзіла, — менавіта ад брыгадаў хуткай дапамогі. Прыяжджалі «хуткія», казалі: «Зараз узрываюцца сьвятлашумавыя граматы, нам трэба рыхтавацца да таго і таго, пусьцілі сьлезацечны газ — да іншага. Дзякуй хлопцам з «хуткай» — яны інфармавалі нас. Я хачу падзякаваць усім сваім калегам. 9-га ўсё аддзяленьне выйшла на працу, у наступныя дні таксама людзі тут начавалі, выходзілі не ў свае зьмены.

Далей чытайце па спасылцы.

17:12 17.8.2020

Шахтары «Беларуськалію» заявілі, што ад заўтра будуць прыходзіць на працу, але ня будуць працаваць

На 4 рудаўпраўленьні прадстаўнік стачкаму пасьля перамоваў з кіраўніцтвам «Беларуськалія» сказаў, што шахтары ад заўтра будуць прыходзіць на працу, але яны ня будуць працаваць.

Страйк шахтараў "Беларуськалію"
Страйк шахтараў "Беларуськалію"

Яны будуць зьбірацца ля будынку адміністрацыі завода. 1, 2, 3 і 5-ты руднікі таксама спыненыя. Кіраўніцтва прадпрыемства не пагадзілася з шахтарамі, выклікае іх на размовы.

У Салігорск прыехаў прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка, будзе весьці перамовы з шахтарамі.

17:07 17.8.2020

Акцыя мэдыкаў супраць гвалту. УЖЫВУЮ

Мэдыкі выступаюць супраць гвалту каля будынку Міністэрства аховы здароўя. Яны сьведчаць пра прэцэдэнтныя траўмы, якія нанесьлі людзям сілавікі падчас разгону пратэстаў.

17:05 17.8.2020

17:01 17.8.2020

Рабочыя менскіх заводаў прыйшлі да БТ падтрымаць журналістаў, якія бастуюць

Рабочыя менскіх заводаў, якія ўдзельнічаюць у забастоўцы супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, прыйшлі да будынка «Белтэлерадыёкампаніі» на вуліцы Макаёнка падтрымаць журналістаў, якія бастуюць.

Іх сустракалі аплядысмэнтамі і воклічамі «Завадчане, малайцы!». Супрацоўніца «Белтэлерадыёкампаніі» паведаміла, што да забастоўкі далучылася каля 300 супрацоўнікаў, якія ня хочуць звальняцца, а жадаюць працаваць па прафэсіі, даючы аб’ектыўную інфармацыю. Яны патрабуюць ад старшыні НДТРК Івана Эйсманта выйсьці да людзей.

У шэсьці па горадзе ўдзельнічала каля 10 тысяч чалавек, цяпер колькасьць людзей каля будынка НДТРК ацаніць складана.

16:52 17.8.2020

У Горадні па-італьянску страйкуе «Гроднажылбуд»

Работнікі застаюцца на працоўных месцах, але запэўніваюць, што ніхто, акрамя кіраўніцтва, не працуе. Некалькі сотняў работнікаў «Гроднажылбуду» сустрэліся з кіраўніцтвам прадпрыемства і вобласьці ўдзень 17 жніўня.

Тры галоўныя патрабаваньні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваліць вязьняў, спыніць гвалт над мірнымі грамадзянамі. Людзі выгукалі: «Лукашэнка, сыходзь!»

«Міністар сказаў, што пацярпелі 120 амапаўцаў. Хто адкажа за 7,5 тысяч, забітых маральна і пацярпелых фізычна?.. Мы не выстаўляем патрабаваньні наконт заробку. У нас адно патрабаваньне — зьняць падманнае кіраўніцтва: ЦВК, урад... Ён (Лукашэнка. — РС) ня можа нават нармальна зьвярнуцца да людзей, адныя пагрозы», — выказаўся работнік «Гроднажылбуд» з 20-гадовым стажам Генрых Станіслававіч. Цалкам чытайце па спасылцы.

Генэральны дырэктар «Гроднажылбуд» Алег Ушкевіч
Генэральны дырэктар «Гроднажылбуд» Алег Ушкевіч

16:38 17.8.2020

Люксэмбург заклікае Лукашэнку да дыялёгу зь Ціханоўскай і грамадзянскай супольнасьцю

Міністар замежных спраў Люксэмбургу Жан Асэльборн (Jean Asselborn) лічыць мэтазгодным, каб Эўразьвяз заклікаў да дыялёгу са Сьвятланай Ціханоўскай і грамадзянскай супольнасьцю.

«Мы можам прапанаваць дыялёг, дыялёг з гэтай вельмі адважнай жанчынай, якая цяпер знаходзіцца ў Літве, і з грамадзянскай супольнасьцю. Гэта тое, што мы можам зрабіць», — сказаў міністар у апублікаваным на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Люксэмбургу інтэрвію нямецкаму радыё Deutschlandfunk. https://gouvernement.lu/de/actualites/toutes_actualites/interviews/2020/08-aout/17-asselborn-deutschlandfunk.html

15:59 17.8.2020

Страйк на Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне. ВІДЭА

Страйк на Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне. ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:25 0:00

15:38 17.8.2020

NATO уважліва сочыць за сытуацыяй у Беларусі, – Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг сказаў, што альянс уважліва сочыць за сытуацыяй у Беларусі. Пра гэта паведаміла ў Твітэры ягоная прэс-прадстаўніца Оана Люнгеску.

15 жніўня Аляксандар Лукашэнка назваў сытуацыю на заходніх межах напружанай і заявіў, што дасьць даручэньне перакінуць зь Віцебску ў Горадню паветрана-дэсантную брыгаду.

На сайце Міністэрства абароны Беларусі паведамляецца, што на вайсковых палігонах каля Баранавічаў, Астраўца і Горадні 17–20 жніўня пройдуць вайсковыя вучэньні.

15:32 17.8.2020

«Беларусы заслугоўваюць на нашу падтрымку». Прэзыдэнт Нямеччыны заклікаў Лукашэнку да дыялёгу з пратэстоўцамі

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заклікаў Аляксандра Лукашэнку пайсьці на дыялёг з пратэстоўцамі і адмовіцца ад гвалту праваахоўных органаў над дэманстрантамі.

15:31 17.8.2020

Як Лукашэнка, сам таго ня хочучы, вярнуў нацыянальную сымболіку

«Усё, што шальмуе дзейная ўлада, набывае пашану ў яе праціўнікаў. І чым больш яны чуюць афіцыйнай зьнявагі, тым больш цэняць зьняважанае», — піша ў сваім блогу Валянціна Аксак.

15:30 17.8.2020

На БМЗ прыпынілі працу печы, працоўныя заблякавалі ўезд транспарту

На Беларускім мэталюргічным заводзе прыпынілі працу ўсе тры печы, — паведаміла Свабодзе крыніца на БМЗ. Ранкам у працоўных былі перамовы з кіраўніцтвам, іх каля заводаўпраўленьня сабралася некалькі соцень. Дыялёгу не атрымалася, працоўныя крычалі «Забастоўка!». Кіраўніцтва заводу сказала, што не забараняе забастоўку — гэта права працоўных, але трэба, каб яны сабралі подпісы. Працоўныя пайшлі актыўна зьбіраць подпісы па цэхах, перагарадзілі дарогу транспарту з мэталаломам, прыпынілі працу трох печаў.

15:13 17.8.2020

Вэтэраны беларускай «Альфы» КДБ заклікалі сілавікоў прытрымлівацца законнасьці

Вэтэраны антытэрарыстычнага падразьдзяленьня «Альфа» асудзілі гвалтоўныя дзеяньні сілавікоў у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў і заклікалі прыцягнуць вінаватых да адказнасьці паводле закону, паведамляе Tut.by.

«Зьвяртаемся да кіраўнікоў і супрацоўнікаў органаў бясьпекі і правапарадку, камандзіраў спэцпадразьдзяленьняў прытрымлівацца прынцыпу законнасьці ў сваіх дзеяньнях», – напісалі былыя антытэрарысты ў заяве.

15:13 17.8.2020

Магілёўскі «губэрнатар» сустрэнецца з пратэстоўцамі, «калі загадае Лукашэнка»

Пра гэта старшыня аблвыканкаму Леанід Заяц заявіў падчас сустрэчы зь мясцовым актывістам Валадаром Цурпанавым. Чыноўнік настойвае: няма фактаў, якія пацьвярджаюць зьбіцьцё сілавікамі ўдзельнікаў пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і дадае, што «ў горадзе ніхто не загінуў». Цурпанаў сьцьвярджае, што сустракаўся з чыноўнікамі, маючы паўнамоцтвы «плошчы», і агучыў яе патрабаваньні:

  • Забясьпечыць правядзеньне мірных сходаў без абмежаваньняў
  • Узяць пад хатні арышт усіх начальнікаў мясцовых аддзелаў міліцыі
  • Ліквідаваць пасады і структуры ідэолягаў
  • Аднавіць працу інтэрнэту, зьняўшы блякаду
  • Вызваліць палітвязьняў
15:11 17.8.2020

МУС «Засталіся 122 затрыманыя»

Паводле прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных справаў, у ізалятарах завяршаюць вызваленьне затрыманых на акцыях пратэсту пасьля выбараў. На 14:00 «застаецца 122 чалавекі». У сьпісе затрыманых, які дае Генэральная пракуратура, няма ранейшых палітычных зьняволеных (Бабарыкі, Лосіка, Севярынца, Статкевіча, Ціханоўскага і іншых), якія застаюцца за кратамі.

15:09 17.8.2020

У Горадні прадстаўнікі пратэстоўцаў ня здолелі дамовіцца з уладамі наконт сваіх патрабаваньняў

У Горадзенскім гарвыканкаме 17 жніўня прайшла сустрэча прадстаўнікоў пратэстоўцаў і ўладаў. Першыя спрабавалі атрымаць адказы на свае патрабаваньні, але не пачулі іх і сышлі.

14:56 17.8.2020

Рабочыя-страйкоўцы рухаюцца паўз завод «Слодыч», аўтамабілісты спыняюцца, ставяць упакоўкі вады. Рабочыя пойдуць вуліцай Філімонава да БТ на Макаёнка. На чале калёны — кіраўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі

14:54 17.8.2020

Усе шахты «Беларуськалію» спынілі выдаваць руду

Паведамляюць з Салігорску карэспандэнты Свабоды.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG