Апазыцыйны палітык Валер Цапкала заявіў, што ягоны Фронт нацыянальнага ўратаваньня Беларусі рыхтуе матэрыялы для адкрыцьця крымінальнай справы на Аляксандра Лукашэнку.
«Фронт нацыянальнага ўратаваньня Беларусі рыхтуе матэрыялы для адкрыцьця крымінальнай справы на грамадзяніна Беларусі Лукашэнку. Перадусім гэта дакумэнтальныя фота- і відэаматэрыялы, якія пацьвярджаюць факты зьдзяйсьненьня крымінальных злачынстваў супраць беларускага народу», — цытуе «Інтэрфакс» заяву Цапкалы.
Па словах палітыка, у яго ёсьць дамоўленасьць з шэрагам замежных юрыстаў адносна падрыхтоўкі дакумэнтаў для фармаваньня абвінавачваньня Лукашэнкі ў Міжнародным судзе ў Гаазе.
«Просім беларускіх юрыстаў далучыцца да гэтага працэсу зь пералікам нормаў беларускага і міжнароднага заканадаўства, якія парушыў грамадзянін Лукашэнка, — працягнуў Цапкала. — Просім таксама ўсіх беларусаў прадастаўляць нам фота- і відэаматэрыялы пра факты зьдзяйсьненьня Лукашэнкам крымінальных злачынстваў, а таксама парушэньні правоў і законных інтарэсаў беларускіх грамадзянаў».
Раней Цапкала паведаміў аб стварэньні фонду дапамогі пацярпелым падчас акцый пратэстаў у Беларусі, сябрам выбарчых камісій, якія не бралі ўдзелу ў фальсыфікацыі выбараў, і супрацоўнікам беларускага АМАПу, якія адмовіліся ўжываць сілу супраць мітынгоўцаў.