У часе сёлетняй выбарчай кампаніі зьяўляюцца ўсё новыя песьні з рэакцыяй на палітычныя падзеі і стан грамадзтва. Мы сабралі 14 песень, розных стылем і настроем, якія зьявіліся ў апошнія дні перад выбарамі.
1) Гурт Tor Band з Рагачова Гомельскай вобласьці быў на чале і нашага мінулага сьпісу песень пратэставага лета. Жорсткія палітычныя песьні Tor Band апошнімі месяцамі набіралі дзясяткі, а часам сотні тысяч праглядаў. А 31 ліпеня на Youtube-канале гурту зьявіўся першы кліп па-беларуску — «Жыве».
«Жыве Беларусь у маім вялізным сэрцы,
Жыве Беларусь — ёй ніколі не памерці».
2) 7 жніўня гурт Rostany з удзелам Naka выпусьцілі ў сьвет сваю вэрсію рэлігійнага гімну «Магутны Божа» на словы Натальлі Арсеньневай і мэлёдыю Міколы Равенскага. Музыкі пішуць:
«Наш "Магутны Божа" — гэта летапіс сучаснасьці. Гэты трэк не падобны на ўсе іншыя яго рэінкарнацыі, бо ён менавіта пра час, у якім жывем мы цяпер, пра 2020, калі ўсё затаілася ў чаканьні змены гісторыі і мы ўсе маем магчымасьць стаць часткай гэтых пераменаў».
3) Рэпэр Vinsent пасьля доўгага перапынку 3 жніўня разам з Сашай Захарык выпусьціў новую песьню «Не пакіну».
«І ня мае сэнсу, якім і калі будзе фініш,
Мне б толькі ведаць, што я зрабіў усё.
Калі яны казалі маўчы ці, мажліва, загінеш,
Я ведаў, што лепей свабода ці сьмерць, чым забыцьцё».
4) Песьня «Перемен» Віктара Цоя стала фактычна адным з гімнаў сёлетніх пратэстаў. Але заснаваны ў Магілёве гурт «Грязь» 29 ліпеня выпусьціў іншую песьню пад такой назвай — яна наўпрост тычыцца беларускай палітыкі.
«Ты сказал: не допустишь войны
Ты сказал: не видать им страны
Но ведь они — это мы».
5) Лявон Вольскі звычайна рэагуе на бягучыя падзеі ў сваім сатырычным праекце «Саўка ды Грышка» на Радыё Свабода. А 31 ліпеня ён выдаў ужо ад свайго імя на Youtube-канале «Годна» новую песьню, «Іржавая дзяржава». «Шмат людзей апошнім часам прасілі мяне выказацца з нагоды падзеяў, што адбываюцца вакол нас, і я вырашыў выказацца такім чынам, — патлумачыў Вольскі.
«Пад ветрам задрыжала
Іржавая дзяржава.
Ёй дыхае ў сьпіну
Сапраўдная краіна».
6) 5 жніўня на Youtube-канале рок-гурту J: морс апублікавалі кліп на песьню «Дыхаем зноў», якую выканалі дуэтам вакаліст гэтага гурту Ўладзімер Пугач і Лявон Вольскі.
У камэнтары Tut.by Ўладзімер Пугач расказаў, што падзеі апошніх месяцаў не маглі не адбіцца на творчасьці, а песьня была напісаная «практычна на адным дыханьні».
«Спалоханыя, бяскрылыя —
Ці вартыя гэтай долі мы?
Дыхай свабодна, мілая,
Прагна, глыткамі доўгімі,
Дыхай на поўныя грудзі, нам
Ветразі да аблокаў — дом.
Ляці, не глядзі ў мінулае,
Нібы матылёк на свае сьвятло».
7) 1 жніўня на YouTube адбылася прэм’ера песьні-звароту да беларусаў «Слухай праўду». Песьню выконваюць Ларыса Грыбалёва, Андрэй Маркуц, Вікторыя Расолька, Рыгор Лайкоў, Алег Хаменка, аўтарка словаў Тацьцяна Булаўкіна, і Яўген Чалышаў, які, апрача сьпеву, заняўся і студыйнай вытворчасьцю.
Тэкст песьні Тацьцяна Булаўкіна напісала амаль 2 гады таму, менавіта яна і стала ініцыятаркай запісу. У песьні сьпяваецца пра тое, што «толькі слабы баіцца зьмены».
8) А 7 жніўня зьявілася яшчэ адна песьня салідарнасьці ў супольным выкананьні. Гэтую песьню напісала Ганна Шаркунова, запісаўшы яе з удзелам тых, хто страціў працу ці меў праблемы за сваю пазіцыю і перакананьні. Сярод удзельнікаў запісу Ўладзімер Пугач, Вадзім Галыгін, Дзяніс Дудзінскі, Кацярына Раецкая, Андрэй Скараход, NAVIBAND, Вольга Хіжынкова, Уладзімер Цэсьлер, Валер Дайнэка, Іскуі Абалян, Сьвятлана Зелянкоўская, Дзьмітры Кахно, Каця Пытлева, Віталь Гуркоў, NIZKIZ, KANAPLEV+LEYDIK, Антон Мартыненка, Уладзімер Кубышкін, Зьмiцер Вайцюшкевiч, Павал Касьцевіч, Кацярына Галкіна, Андрэй Бонд, Сяргей Маліноўскі, Сяргей Андрыянаў.
9) 5 жніўня міжнародны музычны праект Slavalaсhia выпусьціў сваю вэрсію клясычнай песьні-пратэсту амэрыканскіх страйкоўцаў Which side are you on? («На чыім ты баку?»). Флёрэнс Рыс напісала гэтую песьню ў 1931 годзе.
У праекце Slavalachia ўдзельнічаюць беларус Сяргей Доўгушаў, а таксама музыкі амэрыканскага гурту Hill Spirits і ўкраінскага гурту Torban, таму песьня гучыць на трох мовах — ангельскай, беларускай і ўкраінскай. Беларускі і ўкраінскі тэксты напісаў Алесь Плотка.
10) 5 жніўня гурт Rise in Rage выпусьціў песьню «Крылы». Музыкі пішуць, што ўсе грошы ад продажу будуць пераведзеныя на дапамогу рэпрэсаваным і іхным сем’ям у Беларусі.
«У шэры асфальт закаталі твой голас,
пад цягам агіды апусьцяцца рукі,
іржавае зуб’е пакорлівых колаў
крышыцца ў пыл, замінае дыханьню.
Бездапаможнасьць усім авалодае,
чорным смаўжом захіне небасхіл,
п’яўкай упілася ў сэрцы халодныя,
дзе вывяргае атруту і цьвіль.
Ці зараз ня час, каб узьняць галаву
і выпрастаць плечы, нібы тыя крылы?
Зашмат мы трывалі, ідучы ка дну,
зашмат марнавалі мы сілы».
11) Вядомы блюз-рок-музыка, аранжыроўшчык, краязнаўца, пісьменьнік Юры Несьцярэнка прысьвяціў адну зь нявыдадзеных раней спартовых песень камандзе Сьвятланы Ціханоўскай і ўсім вязьням сёлетняй выбарнай кампаніі.
«Нам перамога як паветра патрэбна!
У гэтым упэўнены мы, адпаведна,
Разам чакаем лепшай сваёй гульні!»
12) 3 жніўня на Youtube-канале #изкомы зьявіўся жорсткі палітычны рэп пад назвай «Ветер перемен — 2020». На відэа — кадры сучаснай Беларусі.
«26 лет беспросветной лжи.
Паши за еду, бате сапоги лижи».
13) 5 жніўня гурт Inomarki прэзэнтаваў свой першы беларускамоўны сынгл LOVE зь відэакліпам, прысьвечаным усім беларусам, у тым ліку палітзьняволеным.
14) 28 ліпеня зьявіўся парадыйны кліп «Александр» выканаўцы пад іранічным псэўданімам Лэдзі Гаага.
«Страну ани не палучат» — аркуш паперы з такім надпісам вісіць на вакне вясковай хаты ў відэа.