Калі б я быў грамадзянінам Беларусі, я пайшоў бы ў гэтую нядзелю галасаваць. Калі б не было Ціханоўскай, галасаваў бы за Дзьмітрыева. Не было б Дзьмітрыева — за Чэрачня. Не было б Чэрачня — за Канапацкую. А калі б нейкім неверагодным чынам сам-насам апынуліся Лукашэнка супраць Сталіна ці Гітлера, галасаваў бы за Лукашэнку. Чаму?
Першае
У сфэрычным вакуўме Ціханоўская не ідэальная кандыдатка, але дэмакратыя — гэта заўсёды кампраміс і выбар паміж некалькімі не заўжды ідэальнымі опцыямі.
У вас ніколі ня будзе кандыдатам Езус Хрыстус, таму трэба вучыцца кампрамісу.
Ціханоўская не кандыдат Крамля. Кандыдат Крамля — Лукашэнка. Дастаткова пазнаёміцца з наратывам расейскай прапаганды вакол выбараў.
Любы новы прэзыдэнт у Менску — гэта як мінімум акно магчымасьцяў для перазагрузкі адносінаў з Захадам і патэнцыйнага выхаду Беларусі зь міжнароднае ізаляцыі. Крэмль на гэта ня можа пагадзіцца.
Другое
Я не разумею, як прыход на ўчастак мог бы дапамагчы легітымізацыі афіцыйнага заведама сфальсыфікаванага выніку выбараў.
Без майго прыходу яны не нарысуюць яўку? Не пакажуць па тэлевізіі патрэбную карцінку?
Ці, можа, прыйшоўшы і прагаласаваўшы, а потым пабачыўшы афіцыйны вынік «80% за Лукашэнку, а вас усіх няма», я пачну рваць не існуючыя на маёй галаве валасы з крыкам: «Ах! Аказваецца, Аляксандар Рыгоравіч набраў больш галасоў»?
Ды ніколі. Давер да беларускай выбарчай сыстэмы ў мяне страчаны гадоў дваццаць таму.
Затое фармальны прыход і фармальны ўдзел у галасаваньні, вынікі якога потым будуць відавочна сфальсыфікаваныя, дадуць мне максымальнае маральнае і эмацыйнае права патрабаваць сумленнага падліку галасоў або прызначэньня новых выбараў. «Я прагаласаваў. Вы мой голас узялі і сфальсыфікавалі».
Трэцяе
Сацыялёгіі ў Беларусі няма, але ўсім зразумела (і лепей за ўсіх зразумела Аляксандру Лукашэнку), што ня можа ў першым туры перамагчы кандыдат, на дэманстрацыі супраць якога выходзяць тысячы людзей нават у невялікіх райцэнтрах. На аднаго, хто выйшаў, прыпадае пяць тых, хто ня змог, захварэў, пабаяўся ці мусіў сядзець зь дзіцём.
Таму пры сумленным падліку галасоў нават пры цяперашнім раскладзе другі тур выбараў быў бы непазьбежным.
А сумленны падлік немагчымы, калі ў скрынцы няма вашага бюлетэня з голасам за Ціханоўскую (ці Дзьмітрыева, Чэрачня або Канапацкую — у першым туры ня важна).
Ёсьць бюлетэнь — значыць, зь ім трэба нешта фізычна рабіць: ці выкідаць, ці закідваць дадатковыя фэйкавыя бюлетэні. Ці заведама пісаць у пратакол ня тое, што падлічана (але пабачыўшы на ўласныя вочы, колькі на самой справе было бюлетэняў не за Лукашэнку).
А няма бюлетэня — няма праблемы.
Таму тое, што вы прыйдзеце і прагаласуеце — гэта хоць і невялічкая, але праблема для фальсыфікатараў. Тым большая праблема, калі людзі яшчэ і сфатаграфуюць свае бюлетэні, як да таго заклікаюць стваральнікі плятформы «Голас».
Чацьвёртае
Самае галоўнае пачнецца непасрэдна пасьля галасаваньня. Афіцыйныя вынікі выбараў будуць сфальсыфікаваныя, тут сумневаў мала. Ці будуць людзі абараняць свае галасы шляхам грамадзкага непадпарадкаваньня? Ці будзе Плошча? Ці адважацца рабочыя на страйк, як у Польшчы ў васьмідзясятыя?
На ўсе гэтыя пытаньні адказаў пакуль няма. Шанцы на перамогу прыхільнікаў сумленных выбараў невялікія, але яны пакуль застаюцца.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.