Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не ўяўляю, як можна кіраваць краінай, калі цябе ненавідзяць суайчыньнікі», — былы дэпутат Бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір


Аляксандар Чыгір
Аляксандар Чыгір

У інтэрвію Свабодзе апазыцыйны палітык 2000-х Аляксандар Чыгір дзеліцца назіраньнямі за выбарчай кампаніяй, называе кандыдата, за якога будзе галасаваць, згадвае мінулае ды параўноўвае яго з сучаснасьцю.

За плячыма ў 48-гадовага Аляксандра Чыгіра дэпутацтва ў Бабруйскім гарсавеце, кіраваньне штабамі трох вылучэнцаў на прэзыдэнцтва, звальненьне са школы «за палітыку», арганізацыя запамінальных акцыяў пратэсту, стома ад публічнасьці і 9-гадовая праца ў спартовай журналістыцы.

Пра Аляксандра Чыгіра. Сьцісла

  • Нарадзіўся на Гомельшчыне ў райцэнтры Рэчыца.
  • Два гады адвучыўся ў вайсковай вучэльні. Калі зразумеў, што Савецкі Саюз развальваецца, вярнуўся на радзіму.
  • Завочна скончыў гістфак Гомельскага пэдагагічнага інстытуту. 13 год адрабіў настаўнікам.
  • У 2003-м стаў дэпутатам Бабруйскага гарсавету. Перамог на трох з 52 участкаў для галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • Кіраваў у Бабруйску штабамі кандыдатаў у прэзыдэнты Сямёна Домаша, Аляксандра Мілінкевіча і Алеся Міхалевіча.
  • Са школы звольнілі за ўдзел у «плошчы» 2006 году. На знак пратэсту прыкаваў сябе да слупа на плошчы Леніна.

«Галоўным стаў не канкрэтны ўдзельнік выбарчай кампаніі, а настрой выбарцаў»

За падзеямі сёлетняй выбарчай кампаніі Аляксандар Чыгір пільна сочыць і кажа, што «грамадзкае ўзрушэньне радуе». Яму падабаецца лёзунг: «Хто заўгодна, толькі не Лукашэнка».

«На гэтых выбарах мой кандыдат: „Толькі ня ён!“, — кажа актывіст. — Таму буду галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую».

На ягоную думку, сёлета галоўны герой выбарчай кампаніі — настрой грамадзтва і ўчынкі людзей, якія раней былі па-за палітыкай.

Суразмоўца згадвае часы сваёй «палітычнай маладосьці», калі людзі таксама выходзілі пратэставаць ды станавіліся ў ланцугі салідарнасьці. Тады знаходзіліся мінакі, якія «шыпелі» на пратэстоўцаў — маўляў, выбраліся за «амэрыканскія пячэнькі».

«Цяпер жа на іх глядзяць з павагай, — адзначае ён. — Нежаданьне людзей бачыць Лукашэнку прэзыдэнтам дужа вялікае».

На ягоны погляд, улада будзе гуляць «па старых схемах, але праблема людзкой незадаволенасьці застанецца надоўга». Ён не ўяўляе, «як можна кіраваць краінай, калі цябе ненавідзяць суайчыньнікі».

«Лукашэнка не наважыцца раздаць зброю сілавікам, бо невядома, куды яе накіруюць»

Аляксандар Чыгір не бярэцца прадказваць, якая будзе рэакцыя Лукашэнкі на масавы пратэст, калі агучаць вынікі галасаваньня і яны пададуцца прыхільнікам альтэрнатыўных кандыдатаў сумнеўнымі. Ён, аднак, спадзяецца, што да страляніны ня дойдзе. Такую выснову робіць з таго, што цяперашні кіраўнік дзяржавы прыйшоў да ўлады легітымным шляхам — без крыві.

«Лукашэнка — чалавек недаверлівы і масава раздаваць сілавікам зброю не наважыцца, бо невядома, куды тыя яе накіруюць», — лічыць ён.

Разам з тым размах рэпрэсіяў яго ня дзівіць. Чыгір кажа, што перасьлед іншадумцаў удасканальваўся і раскручваўся ад выбараў да выбараў. Спыніць яго пры цяперашняй уладзе немагчыма.

Сям’я Чыгіра. Дзеці цяпер дарослыя
Сям’я Чыгіра. Дзеці цяпер дарослыя

Суразмоўца згадвае, што першы раз яго затрымалі на Дні Волі ў Бабруйску ў 2000 годзе. Ён быў адным з арганізатараў і актыўным удзельнікам несанкцыянаванай акцыі. За «парушэньне грамадзкага парадку» яму вынесьлі толькі папярэджаньне.

«Цяпер адназначна гэта быў бы адміністрацыйны арышт ці крымінальны перасьлед, у залежнасьці ад настрою ўлады, — кажа палітык. — Дваццаць гадоў таму 10 сутак успрымаліся як жорсткае пакараньне, а сёньня гэта будзённасьць. Дый крымінальным справам ужо ня так зьдзіўляюцца».

«Калі прыходзіць новы начальнік, калектыў цікавяць не ягоныя дзелавыя якасьці, а хто за ім стаіць»

Аляксандар Чыгір упэўнены, што людзкую незадаволенасьць спарадзіў сам рэжым Лукашэнкі. Цягам дзесяці апошніх гадоў улада дэманстратыўна супрацьпастаўляла сябе народу: адкрыта хлусіла зь дзяржаўных каналаў, прымала непапулярныя законы, зьневажала людзей.

На ягоную думку, кіраваньне Лукашэнкі прывяло да дэградацыі кіроўнага апарату і «адмоўнай сэлекцыі». На начальніцкіх пасадах «збольшага шэрыя прыстасаванцы», бо такімі прасьцей кіраваць. У выніку такой палітыкі ў 21 стагодзьдзі Беларусь ня мае пэрспэктываў, кажа суразмоўца.

«Палітычная маладосьць» Аляксандра Чыгіра. Каманда Алеся Мілінкевіча, 1996 год
«Палітычная маладосьць» Аляксандра Чыгіра. Каманда Алеся Мілінкевіча, 1996 год

«Калі прыходзіць новы начальнік на прадпрыемства, то ў калектыве адразу пытаньне: хто за ім стаіць, чый ён сваяк? Пра ягоныя дзелавыя якасьці гаворкі няма. Сваю дзейнасьць на новай пасадзе такі начальнік пачынае з прыніжэньня калектыву. Сябе ён атачае тымі, у кім упэўнены, што яго не падседзяць».

Аляксандар Чыгір працаваў настаўнікам да 2006 году. Ён кажа: навучальнай установе былі патрэбныя прафэсіяналы, і адміністрацыя мірылася, што падначалены кіраваў падчас дзьвюх прэзыдэнцкіх кампаній гарадзкімі штабамі апазыцыйных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва. Цяпер жа нават у думках дапусьціць такое немагчыма.

«На лацкане гарнітура ў мяне быў бел-чырвона-белы сьцяжок. Сваіх перакананьняў я не хаваў перад калегамі і вучнямі. Адміністрацыя да гэтага ставілася цярпліва», — згадвае настаўніцкае мінулае палітык.

Фармальна зь ім спынілі працоўныя адносіны па сканчэньні кантракту, але кіраўніцтва не хавала, што падставай быў удзел настаўніка ў пратэставых акцыях у Менску ў сакавіку 2006 году. Тады ён быў дэпутатам гарсавету. Каб абараніць годнасьць настаўніка і дэпутата, прыкаваў сябе ланцугом да слупа на плошчы Леніна. Гэты ўчынак надоўга застаўся ў памяці чыноўнікаў. У школу Чыгіру вярнуцца не далі.

Алесь Чыгір, 2006 год
Алесь Чыгір, 2006 год


«Падчас Плошчы-2006 беларусы праявілі салідарнасьць»

Дэпутатам гарсавету Аляксандар Чыгір стаў у 2003 годзе. Ён настойвае: гэта быў не экспэрымэнт улады, а вынік працы ўсёй ягонай каманды. Ён з паплечнікамі абышлі кватэры 5 тысяч выбарцаў.

«Улада адчувала, што амбітны малады чалавек можа вывесьці людзей да гарвыканкаму, і ёй было прасьцей мяне прапусьціць у гарсавет ды паназіраць там», — мяркуе былы дэпутат мясцовага савету.

Ён нагадвае, што ў 2003 годзе дэпутатамі мясцовых саветаў, акрамя яго, стала цэлая грамада маладых апазыцыянэраў, не знаёмых паміж сабой. У Гомельскі гарсавет трапіў Юры Глушакоў, у Горадзенскі — Сяргей Антусевіч, у Менскі райсавет — Юрась Зяньковіч, Алесь Зарамбюк — у Мастоцкі райсавет, у Мар’інай Горцы перамог Алесь Міхалевіч, у Белаазёрску — Юрась Губарэвіч, а ў Гарадку — Леанід Гаравы.

Гэтая група мясцовых палітыкаў стала касьцяком каманды Алеся Мілінкевіча, калі той у 2006 годзе як кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў змагаўся за прэзыдэнцтва з Лукашэнкам.

З дэпутацкага мінулага Аляксандра Чыгіра
З дэпутацкага мінулага Аляксандра Чыгіра

Бабруйчанін цьвердзіць, што тая прэзыдэнцкая кампанія была адной з самых запамінальных. Ён нагадвае, што тады моладзь разгарнула на Кастрычніцкай плошчы намётавы гарадок і цягам шасьці дзён дамагалася справядлівых выбараў. Пратэст гвалтоўна спыніла міліцыя.

«Цяпер шмат гаворыцца пра салідарнасьць, але ўпершыню беларусы яе праявілі найбольш яскрава з тымі, хто тады быў на „плошчы Каліноўскага“ ў атачэньні спэцназаўцаў, — лічыць Чыгір. — І цяперашнія пратэсты былі б немагчымыя безь мінулых, як бы цяпер ні дзялілі іх удзельнікаў на „старых“ і „новых“».

«Ад роспачы выратавала спартовая журналістыка»

Аляксандар Чыгір кажа, што пасьля разгону Плошчы-2010 яго апанавала роспач. Цяжка было прыняць, што нямала паплечнікаў апынуліся ў зьняволеньні, а затым вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі. Сярод іх быў і прэтэндэнт на прэзыдэнцтва Алесь Міхалевіч, у чыёй камандзе ён працаваў.

Уганараваньне за спорт
Уганараваньне за спорт

Ён прызнаецца, што падзеі дзесяцігадовай даўнасьці змусілі яго прыпыніць актыўную палітычную дзейнасьць і прыстасоўвацца да новых рэаліяў. Паўстала дылема: зьяжджаць з краіны ці шукаць сабе іншы занятак.

Суразмоўца дадае, што на той момант стаміўся ад публічнасьці. Папярэдняе дзесяцігодзьдзе для яго было надзвычай дынамічным. Амаль увесь час даводзілася быць на людзях.

У 2011-м Чыгіра прынялі на працу прэс-аташэ ў футбольны клюб «Белшына». Да гэтага ў палітыка быў досьвед працы журналістам. Ён супрацоўнічаў зь мясцовымі выданьнямі ды рэдагаваў «Бабруйскі рэгіянальны партал».

Тады ён ня думаў, што прабудзе ў спартовай журналістыцы 9 гадоў. Пазнаёміцца зь «вядомымі і цікавымі людзьмі», атрымае магчымасьць урэчаісьніць «карысныя задумы». Ягоная праца ў клюбе супала з хваляй беларусізацыі футбольных клюбаў.

Аляксандар Чыгір
Аляксандар Чыгір

«Белшына» стала адным зь лідэраў укараненьня беларускай мовы. Беларушчына прапісалася ў сацыяльных сетках клюбу, праграмках, абвестках, афішах. Сам Чыгір спрабаваў камэнтаваць матчы па-беларуску, але зразумеў, што неабходна падцягваць маўленьне і ўзбагачаць запас спартовай тэрміналёгіі.

«Спартовая журналістыка не засьмечаная стэрэатыпамі, у тым ліку што тычыцца беларускай мовы, — адзначае ён. — У ёй журналісты больш разьняволеныя, і ў саміх клюбах ня ставяцца да мовы варожа ці перадузята. Не разглядаюць яе як прыкмету апазыцыйнасьці».

«Хацеў бы вярнуцца ў настаўніцтва, але ня вытрымаю бюракратыі»

Аляксандар Чыгір звольніўся з клюбу сёлета ў траўні, бо зразумеў, што «закісае» на адным месцы і не разьвіваецца.

Неўзабаве з каманды звольнілі ягонага паплечніка — трэнэра-відэаапэратара Сяргея Лацінскага. У дзень, калі затрымлівалі блогера Сяргея Ціханоўскага, ён зрабіў на старонцы клюбу ў Instagram допіс: «Забіраюць Ціханоўскага!!! #Мысупраць». Афіцыйна з Лацінскім спынілі працоўныя адносіны па згодзе бакоў.

«Зь Сяргеем сябрую 16 гадоў, сем зь якіх працавалі ў адным клюбе. Я разумею ягоны ўчынак і падтрымліваю. Ён ведаў, што будзе за такі допіс, але іначай паступіць ня мог», — камэнтуе звальненьне сябра суразмоўца.

Аляксандар Чыгір прызнаецца, што цяпер на раздарожжы. Ёсьць ідэі, чым сябе заняць, але «іх рэалізацыя зьвязаная з тым, як скончацца так званыя выбары». Зьбіраецца больш увагі аддаваць краязнаўчым праектам. Хацеў бы вярнуцца ў настаўніцтва, але сумняваецца, што вытрымае цяперашнія бюракратычныя патрабаваньні да пэдагогаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG