Дасьледчыкі сталінскіх рэпрэсіяў заяўляюць, што Нацыянальны архіў Беларусі абмежаваў доступ да «Зьвестак аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі». Тыя зьвесткі сабралі ў адну базу для публічнага карыстаньня, аднак ад 2018 году архіў адмаўляецца іх выдаваць. Дасьледчыкі праз суд намагаюцца выправіць сытуацыю.
«База ўтрымлівае 180 951 рэгістрацыйную картку з пэрсанальнымі дадзенымі рэпрэсаваных»
Паводле нашчадка рэпрэсаваных, каардынатара грамадзкай кампаніі «Забітыя, але не забытыя» Ігара Станкевіча, які зьбірае зьвесткі пра ахвяраў сталінізму ў Воршы і Аршанскім раёне, афіцыйная база стваралася дзеля таго, каб людзі маглі як найпрасьцей даведацца пра рэпрэсаваных продкаў. Яна ўтрымлівае 180 951 рэгістрацыйную картку з пэрсанальнымі дадзенымі ахвяраў дзяржаўнага перасьледу ў сталінскія часы. Гэта найбольш поўная такая база ў Беларусі.
Пачало ствараць базу на пачатку 1990-х гадоў Галоўнае архіўнае ўпраўленьне пры Савеце міністраў БССР. Згодна з пастановай Вярхоўнага Савету БССР, такія зьвесткі павінны былі публікавацца ў кнігах памяці і сродках масавай інфармацыі. У 2006 годзе базу перадалі ў Нацыянальны архіў. Афіцыйна яна ніколі не публікавалася.
Дасьледчык адзначае, што на круглым стале аб разьвіцьці мэмарыялу Курапаты ў 2017 годзе тагачасны намесьнік старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Ігар Сергеенка (цяпер кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта. — РС) паведаміў, што ў архівах ведамства захоўваюцца 275 тысяч спраў рэпрэсаваных, зь якіх 176 тысяч — рэабілітаваных. Гэта адзіныя лічбы пра рэпрэсаваных, якія дзяржава агучыла. Аднак доступу да спраў рэпрэсаваных гісторыкі і дасьледчыкі ня маюць.
Ігар Станкевіч кажа: да 2018 году праблемаў з доступам да «Зьвестак аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі» не было. Любы, хто шукаў іх, мог зьвярнуцца ў Нацыянальны архіў без дакумэнтальнага пацьверджаньня аб сваяцтве з рэпрэсаваным. У архівах жа КДБ без пацьверджаньня сваяцтва падобных зьвестак не выдаюць.
Пра базу дадзеных аб рэпрэсаваных паводле Нацыянальнага архіву
На сайце Нацыянальнага архіву няма інфармацыі, што доступ да «Зьвестак аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі» абмежаваны ці закрыты. Пад пазнакай «Важна» адзначаецца: установа ня мае архіўных дакумэнтаў аб палітычных рэпрэсіях 20–50-х гадоў, а карыстальнікам выдаецца інфармацыя пра месца захоўваньня крымінальных спраў.
У разьдзеле «Тэматычныя базы дадзеных» гаворыцца: «Зьвесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі» сфармаваныя на падставе матэрыялаў дзяржаўных архіваў ды архіваў КДБ і МУС. Такія дадзеныя зьбіралі цягам 1992–2012 гадоў. У базе 180 951 запіс.
«Дзяржава спачатку расстраляла нашых продкаў, а цяпер забівае нашу памяць»
Тым ня менш, як сьцьвярджае Ігар Станкевіч, праблемы з доступам да базы Нацыянальнага архіву ёсьць. Сам Станкевіч сутыкнуўся зь імі ў 2018 годзе, калі спрабаваў высьветліць лёс сваіх родных. Замест, як раней, разгорнутай даведкі яму паведамілі, што сьледчыя справы на рэпрэсаваных захоўваюцца ў архівах КДБ і яму трэба зьвяртацца туды. Паводле Станкевіча, ня толькі яму адмовіліся ў архіве выдаваць зьвесткі, а і шэрагу іншых нашчадкаў рэпрэсаваных.
Такую пазыцыю ўстановы ён успрымае як пазбаўленьне законнай магчымасьці атрымаць адкрытыя зьвесткі — таму і зьвярнуўся ў суд. Ягоным прадстаўніком на працэсе быў праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, які таксама зьбірае дадзеныя пра сваіх рэпрэсаваных родзічаў і распрацаваў памятку, як атрымаць з архіваў зьвесткі пра рэпрэсаваных.
У сакавіку 2019 году Першамайскі суд Менску пакінуў ягоныя прэтэнзіі да архіву без задавальненьня. Паводле судовага рашэньня, адказчык дзейнічаў згодна з законам. 27 ліпеня 2020 году Менскі гарадзкі суд пакінуў рашэньне суду першай інстанцыі бяьз зьменаў.
«Выходзіць, дзяржава спачатку расстраляла ці закатавала нашых продкаў, а сёньня яна робіць спробу забіць нашу памяць», — абураецца Ігар Станкевіч.
Што высьветлілі ў судах дасьледчыкі сталінскіх рэпрэсіяў
- Абмежаваньні на доступ да «Зьвестак аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі» Нацыянальны архіў увёў на падставе ўнутранага дакумэнту. Згодна зь ім база цяпер дасяжная толькі для службовага карыстаньня. Доступ да яе маюць усяго некалькі супрацоўнікаў архіваў. Сама база, як вынікае з унутранага дакумэнту, не прызначаная для статыстычнага аналізу зьвестак і вывучэньня гісторыкамі.
- Абмежаваньні ўвялі таму, што ў 2018 годзе людзі пачалі масава зьвяртацца ў архіў па даведкі, якія пацьвярджаюць, што іхныя продкі палякі. Такія дакумэнты спрашчалі атрыманьне «карты паляка».
- Архіў лічыць, што рэгістрацыйныя карткі не зьяўляюцца паўнавартаснымі дакумэнтамі, бо толькі адсылаюць да першакрыніцы, якая захоўваецца ў архіве КДБ. Акрамя таго, у іх шмат памылак і недакладнасьцяў.
Што дасьледчыкі будуць рабіць далей
Ігар Станкевіч кажа, што разам з гісторыкам Зьмітром Драздом ды праваабаронцам Гары Паганяйлам зьвернецца ў Вярхоўны суд, хоць спадзеву вырашыць там праблему няшмат. Калі ня ўдасца прымусіць архіў зьмяніць пазыцыю, то будуць пісаць у міжнародныя структуры, якія займаюцца праблемамі атрыманьня інфармацыі. Ён адзначае, што зьбіраньне зьвестак пра рэпрэсіі на сёньняшні дзень застаецца справай грамадзянаў, дзяржава ж ня хоча гаварыць на гэтую, каб «не ўзьнікалі паралелі зь яе сучаснай палітыкай».
«Архіў пазбаўляе мяне памяці пра неабгрунтавана рэпрэсаваных, — падсумоўвае ён. — КДБ не дае доступу да сьледчых спраў, а Нацыянальны архіў захоўваў канцэнтраваную памяць пра рэпрэсіі. Гэтага цяпер яны нас пазбаўляюць».