30 гадоў таму, 27 ліпеня 1990 году, Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Гэтая дэклярацыя не зрабіла Беларусь незалежнай на наступны ж дзень — такую моц яна займела толькі больш як праз год. Але ўзьнікла яна не на пустым месцы, яшчэ за некалькі гадоў да гэтага ў грамадзтве пачаліся працэсы разьняволеньня.
«Гэты асаблівы час знайшоў сваё адлюстраваньне і ў музыцы — прычым як дзяржаўных ансамбляў, так і ў андэграўндзе, — кажа вядоўца Belsat Music Live, заснавальнік праекту TuzinFM Сяргей Будкін. — Музыка, створаная ў пэрыяд 1988–1994 гадоў, мае свой непаўторны калярыт і атмасфэру, у якой спалучыліся ўражаньні ад адкрыцьця сваёй гісторыі і спадзевы на новы час, у якім усё будзе па-іншаму. Пасьля 1994 году ўжо зьявіліся іншыя эмоцыі».
Сяргей Будкін падказаў Свабодзе, якія запісы тых часоў варта згадаць.
1990 — год нараджэньня фэстывалю беларускай музыкі «Басовішча» ў польскім Гарадку, што на Беласточчыне, каля самай мяжы зь Беларусьсю. На ім гурт Ulis, які ўтварыўся за год да таго, сьпяваў пра «Краіну ў кратах», «Пляц Францыска» і пра «Радыё Свабода». Пасьля «Басовішча» пройдзе ў Гарадку яшчэ 29 разоў.
Гурт Ulis запісаў першыя тры альбомы — «Чужаніца», «Краіна доўгай белай хмары» і «Танцы на даху» — у польскім Ольштыне. У 1991-м "Чужаніцу" выдала на кружэлках маскоўская фірма «Мелодия» — галоўны лэйбл СССР. І гэта пры тым, што на альбоме была песьня «Калі імпэрыя зьнікне»:
У 1990 годзе ў іншых удзельнікаў першага «Басовішча», рок-гурту «Мроя» зь Лявонам Вольскім на чале, выйшла на «Мелодии» кружэлка «Дваццаць восьмая зорка». Назва чацьвёртага альбома «Мроі» адсылала да 28-га зьезду Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу, але гэты зьезд не вітала: «Дваццаць восьмая зорка ўпала зь нябёсаў — восень, восень, панове, халодная восень». Пра сваю ж краіну гурт тады яшчэ сьпяваў: «Як пачнеш сьпяваць — не абудзяцца»:
У тым жа годзе «Мроя» запісала наступны альбом, «Біяполе», які выдала годам пазьней. У ім гурт расказвае пра «Краіну крывавых дажджоў» — аўтар тэксту Алезіс (Алег) Дземідовіч меркаваў, што песьня будзе драйвовай і цяжкай, у выніку ж атрымалася баляда. А да ператварэньня «Мроі» ў больш панкаўскі, «сьцёбны» і пратэставы N.R.M. заставалася чатыры гады.
У 1990 годзе на «Басовішчы» выступілі і Алесь Камоцкі, і Кася Камоцкая. У 1991-м Камоцкая запіша свой першы альбом, «Дзеці чорнага гораду». Песьні «Чарга па хлеб», «Не, гэта ня сьмерць» і «Шостае падарожжа» яна будзе выконваць яшчэ шмат гадоў.
Тады выступаў і бард Сяржук Сокалаў-Воюш. Захаваўся, праўда, толькі відэазапіс яго выступу на наступным «Басовішчы», у 1991 годзе. Песьня «Аксамітны летні вечар» хутка здабыла папулярнасьць у канцы 1980-х, яе запісваў і Данчык дуэтам зь Леанідам Барткевічам (у 1989 годзе яны выдалі альбом «Мы адной табе належым»), выконвала Іна Афанасьева.
Данчык, які запісаў свой першы альбом яшчэ ў 1977 годзе, жыў і выступаў у ЗША, а дазвол на ўезд у Беларусь упершыню атрымаў толькі ў 1989 годзе — і правёў пасьпяховыя гастролі.
Захавалася і відэа таго, як дуэт Данчыка і Барткевіча гучаў роўна 30 гадоў таму, у 1990-м.
Самымі ж вядомымі беларускімі музыкамі ў Беларусі, СССР і цэлым сьвеце былі «Песьняры». У 1990 годзе яны давалі канцэрт на сваё 20-годзьдзе ў цэнтральнай канцэртнай залі Масквы — «Россия» — з рок-паэмай «Слова Скарыны». Зь ёй жа выступалі ў Белдзяржфілярмоніі. Але ў тым жа годзе ансамбль сьпяваў і пра Курапаты — месца масавых расстрэлаў падчас сталінскіх рэпрэсіяў:
Пра Курапаты першымі засьпявалі не «Песьняры». Гісторыя месца масавых забойстваў стала публічнай у 1988 годзе, у тым жа годзе песьню «Курапаты» запісаў гурт «Бонда». А так пра Курапаты сьпяваў у 1990 годзе гурт «Акцэнт»:
У 1991 годзе «Песьняры» выступалі ўжо з праграмай «Вянок» на вершы Максіма Багдановіча, сьпявалі ў тым ліку гімн «Пагоня». Яе паказалі двойчы: прэзэнтавалі ў бібліятэцы ААН у Нью-Ёрку і ў Белдзяржфілярмоніі.
Верш Багдановіча «Пагоня» натхняў на песьні розных музыкаў: сваю «Пагоню» сьпяваў і Данчык, і Ігар Варашкевіч — былы вакаліст «Бонды». У 1991-м апошні далучыўся да гурту «Рокіс», зь якога пазьней утварылася «Крама».
«Бонда» існавала з 1984 году па 1989-ы, запісала нямала песень, але першае «афіцыйнае» выданьне альбома адбылося толькі ў 1996 годзе. Тая ж «Слуцкая брама» спачатку зьявілася ў альбоме «Крамы» «Гэй, там, налівай», і толькі праз два гады выйшла «афіцыйная» касэта з запісам той песьні «Бондай».
«Крама» ж пачала граць ужо ў часы незалежнай Беларусі. Так яна гучала ў 1993 годзе:
На мяжы 1980-х і 90-х набірае папулярнасьць гурт «Мясцовы час». У 1990-м ён запісваў ужо трэці альбом «Мой дом» і выступіў на першым фэстывалі «Рок-кола» ў родным Наваполацку (той фэстываль правядуць яшчэ 16 разоў да забароны ў 2007-м). У 1991-м гурт запісаў свой самы пасьпяховы альбом «Наша ўскраіна», выступіў на «Басовішчы».
У тыя часы і гурт «Сябры» на чале з Анатолем Ярмоленкам сьпяваў патрыятычныя рэчы — такія, як «Авэ Марыя» на словы Зянона Пазьняка або «Шлях да Беларусі» на словы Ніла Гілевіча. У сярэдзіне 1990-х «Сябры» сьпявалі «Гомельскі вальс» разам з «Крамай», але з канца 1990-х перайшлі на больш нэўтральны рэпэртуар, а ў 2006-м выканалі прапагандысцкую песьню «Слушай батьку», якая стала мэмам.
У 1992 годзе на фэстывалях музыкі незалежнай Беларусі была такая атмасфэра:
А так гучала песьня «Радыё Свабода» ў 1993 годзе на канцэрце ў гонар 75-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, які трансьлявалі на БТ: