Маці і дзяўчына Фурманава прыехалі ў сталіцу з Горадні. Яны плянуюць знаходзіцца каля СІЗА на вуліцы Валадарскага, пакуль Фурманава ня выпусьцяць.
Маці Зьмітра Фурманава Вольга Фурманава, а таксама ягоная дзяўчына Вольга Каракіна абвясьцілі пра бестэрміновую галадоўку. Яны патрабуюць вызваліць Зьмітра і ўсіх палітвязьняў, а таксама — спыніць крымінальны перасьлед зьняволеных па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу.
Апавяшчэньне пра сваю акцыю яны накіравалі ў Горадзенскі аблвыканкам, Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Рэспублікі, СІЗА № 1, МУС, Сьледчы камітэт, Генэральную пракуратуру, прадстаўніку Эўразьвязу ў Беларусі, прадстаўніку ААН па правах чалавека ў Беларусі, Вярхоўны суд, спэцыяльнаму дакладчыку па правах чалавека ў Беларусі.
Вольга Фурманава і Вольга Каракіна зьявіліся каля прахадной СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага загадзя. Яны кажуць, што будуць знаходзіцца тут максымальна доўга.
«Мы плянуем бестэрміновую галадоўку, а там як атрымаецца, — сказала Свабодзе Вольга Фурманава. — Будзем тут знаходзіцца, каля СІЗА. Што будзе далей, ці нам дазволяць тут быць, мы ня ведаем. Як атрымаецца. Будзем старацца знаходзіцца тут».
Дзяўчына Зьмітра Вольга Каракіна кажа, што прыкладам для іх сталі галадоўкі, арганізаваныя рухам «Маці 328». Яна разам з маці свайго хлопца лічаць, што такім чынам могуць паўплываць на дзеяньні ўладаў.
«Гэта радыкальны крок, так, — прызнае Вольга Каракіна. — Але мы бачылі, як галадаюць „Маці 328“. Яны галадаюць ужо трэці раз. Мы вырашылі зрабіць па іх прыкладзе. Будзем такім самым чынам дамагацца праўды. Чалавек сядзіць ні за што. Ужо два месяцы».
Яна таксама расказвае, што родныя маюць сувязь са Зьмітром, ад яго рэдка, але даходзяць лісты. Палітвязень піша, што ў яго ўсё добра. «Як на самой справе, ніхто не ведае», — кажа Вольга Каракіна.
Улады пакуль ніяк не адрэагавалі на дзеяньні жанчын. У першыя хвіліны галадоўкі ім не перашкаджалі знаходзіцца каля СІЗА. Вольга Каракіна спрабавала трапіць на прахадную, аднак ёй ніхто не адчыніў.
«Ад уладаў пакуль няма ніякай рэакцыі на наш крок, — кажа Вольга. — Лісты ў дзяржаўныя органы мы разаслалі ў пятніцу. Цяпер выходныя. Магчыма, яны заўтра неяк адрэагуюць. Зьміцер таксама ня ведае пра наш крок. Верагодна, ён будзе хвалявацца, перажываць. Не ведаю, як ён ацэніць гэта. Але я спадзяюся, што станоўча».
Неўзабаве пасьля пачатку галадоўкі да родных Фурманава прыйшлі актывісткі руху «Маці 328», каб прапанаваць ім дапамогу з начлегам і падтрымку.
Зьмітра Фурманава затрымалі 29 траўня ў Горадні на пікеце Ціханоўскай. Паводле ягонага бацькі Аляксандра Фурманава, яго схапілі людзі ў цывільным і вынесьлі разам з крэслам з-за стала, дзе Зьміцер зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.