Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што Польшча падтрымлівае пазыцыю Літвы — не набываць электраэнэргію зь БелАЭС. Міністар таксама лічыць, што фізычны запуск электрастанцыі можа адбыцца ў жніўні, піша партал Delfi.
«Яны падтрымліваюць нашу пазыцыю не купляць электраэнэргію з гэтага небясьпечнага аб’екта, гэта сурʼёзная падтрымка. У нас ёсьць свае законы... аб пагрозе нацыянальнай бясьпецы, ёсьць законы, якія забараняюць купляць электраэнэргію з гэтага абʼекта. Усё гэта сурʼёзна ўскладняе ў эканамічным пляне АЭС, якую, магчыма, запусьцяць у наступным месяцы», — сказаў Лінкявічус.
«Тут мы ня бачым ніякай магчымасьці для адступленьня. Гэта павінны зразумець усе — і Беларусь, і ўсе астатнія, хто назірае за працэсам», — дадаў ён. Па словах міністра, хацелася б бачыць больш рэальных дзеяньняў з боку краінаў Балтыі.
«Для іх важныя стандарты ядзернай бясьпекі, важна, каб Беларусь адпавядала ім, але мы б хацелі бачыць больш відавочныя прыкметы разуменьня, бо гаворка ідзе пра ўплыў на абʼект, які адпачатку будавалі, парушаючы стандарты і нормы. Гэта ня толькі двухбаковая праблема. Гэта рэгіянальная праблема, гэта праблема ЭЗ, кіраўнікі ЭЗ пра гэта ня раз казалі. Але гэта хочацца бачыць на практыцы. Мы працягнем працу з Латвіяй і Эстоніяй», — сказаў Лінкявічус.
Ён падкрэсьліў, што размаўляць з краінамі Балтыі аб адмове ад куплі электраэнэргіі зь БелАЭС «ніколі ня позна».
«Гэта толькі фізычны запуск, энэргетычны адбудзецца на пачатку наступнага году, камэрцыйны — яшчэ пазьней, ёсьць пляны ў сувязі з будаўніцтвам іншых рэактараў, таму гаварыць ніколі ня позна, і праблем яшчэ шмат. Па-першае, гэта аспэкты бясьпекі, а таксама эканамічныя аспэкты, што будзе вялікім цяжарам для Беларусі, бо ў яе няма пэрспэктыў у пляне продажу электраэнэргіі, калі станцыя пачне працаваць», — сказаў міністар.
Па словах Лінкявічуса, рыторыка Беларусі ў пытаньні АЭС зьмянілася, але рэальных спраў пакуль не відаць.
«Рыторыка зьмянілася, беларусы не хаваюць, што яны павінны больш рабіць для бясьпекі, каб увесьці плян дзеяньняў, прадставіць рэкамэндацыі, правесьці стрэс-тэсты. Усё гэта яны павінны зрабіць, аднак яны гэтага пакуль не зрабілі, і ў рэальнасьці мы ня бачым такіх намаганьняў. Тут няма месца для кампрамісу, няма месца для дамоваў, пакуль пазыцыя суседзяў ня зьменіцца», — сказаў міністар.