Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч — пра цяперашнюю выбарчую кампанію ў інтэрвію Свабодзе
Сьцісла
- Калі б у нас былі сумленныя выбары, калі б не было гэтай несумленнай сьвістапляскі, я, зразумела, галасавала б за Бабарыку
- У гэтай сытуацыі я буду галасаваць за Ціханоўскую, якая абяцае ажыцьцявіць транзыт улады
- Я б хацела, каб дзяўчат як мага больш падтрымлівала нашае грамадзтва, каб яны не аказаліся самотнымі
- Трэба, каб народны голас, голас народнай улады прарваў гэтую плаціну
- Пазьняк не застаўся тым Пазьняком, якога мы любілі і ў якога мы верылі ў 90-я гады. Гэта чалавек, які закахаўся ў сябе, у прыдуманы беларускі народ, якога ў прыродзе няма
- Наступае час жанчын. Яны зрабілі тое, чаго вы, мужчыны, не зрабілі
- Як бы я ні ставілася да Лукашэнкі, трэба прызнаць, што паколькі супалі яго інтарэсы і інтарэсы народу ў дадзеным выпадку, ён стаяў на абароне Беларусі
- Думаю, што ў Сьвятланы хопіць розуму і цьвярозага погляду на жыцьцё сабраць гэтую каманду, як гэта імкнецца зрабіць Зяленскі ва Ўкраіне
- Нам трэба даганяць тое, што мы страцілі. І мы здолеем гэта зрабіць, калі ва ўладзе будуць найлепшыя
- Так, мова, але спачатку дэмакратыя, потым мова. Без дэмакратыі ня будзе нашай мовы. Мы ўсе хочам, каб Беларусь ня зьнікла з мапы сьвету, ня стала губэрняй, каб гэта была квітнеючая краіна
- Павінны быць сумленныя выбары, каб не было крыві. І тут адказнасьць Лукашэнкі перад гісторыяй. Ніхто ня хоча крыві. Я спадзяюся, што ён таксама ня хоча
— Выбарчая кампанія выйшла на фінішную прамую. Ёсьць 5 кандыдатаў. Вакол штабу адной зь іх — Сьвятланы Ціханоўскай — аб’ядналіся штабы прэтэндэнтаў, якія не былі зарэгістраваныя — Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Што вы думаеце пра гэтую кампанію, каму аддаяце перавагу?
— Калі б у нас былі сумленныя выбары, калі б не было гэтай несумленнай сьвістапляскі, я, зразумела, галасавала б за Бабарыку. Краіне патрэбны такі мэнэджар, чалавек з гуманітарным ахопам, з годнымі чалавечымі якасьцямі, крыху рамантык, што даволі дзіўна для нашага часу. Я мела магчымасьць зь ім працаваць, калі ён вырашыў выдаць мой беларускі пяцітомнік.
Ён умее даказваць. Усе казалі — нічога не атрымаецца. А ён адказваў — чаму не атрымаецца? Казалі — не дазволяць. А ён пісаў, дамагаўся. Ён хаця чалавек і немалады, але ён чалавек іншай фармацыі, чым тая рабская, што склалася ў савецкі і постсавецкі час. Такія людзі ўзьніклі, як мы зараз бачым і па лістах Пракопʼева. Мы недаацэньваем нашае грамадзтва. У ім шмат цікавых і нечаканых людзей.
Улада павяла сябе несумленна, і ўсе найбольш цікавыя прэтэндэнты-мужчыны апынуліся ў турме ці не дапушчаныя да выбараў, як Цапкала. І раптам атрымаўся нечаканы варыянт. Жанчыны прынялі на сябе цяжар мужчын.
У нашай беларускай гісторыі, мінуўшчыне, былі жанчыны, пачынаючы з Эўфрасіньні Полацкай, якія ў тыя нежаночыя стагодзьдзі былі годнымі свайго часу.
Гэтак і цяпер атрымалася. Жанчыны ўсьвядомілі, што яны могуць і павінны нешта зрабіць, каб потым сказаць сваім дзецям: мы зрабілі ўсё, што маглі.
У гэтай сытуацыі я буду галасаваць за Ціханоўскую, якая абяцае ажыцьцявіць транзыт улады. Сама яна не рыхтавалася да ўлады і ня думала пра гэта. Але ў гэтай сытуацыі яна абяцае зрабіць транзыт улады, і я б галасавала за яе.
І я б хацела, каб дзяўчат як мага больш падтрымлівала нашае грамадзтва, каб яны не аказаліся самотнымі. Вось яны зрабілі такі выбар, усе імі любуюцца, але я бачу мала падтрымкі ім. Трэба, каб іх падтрымалі простыя людзі, настаўнікі, ня толькі беларускія пісьменьнікі і апазыцыянэры. Вось гэтага няма. І шкада.
Я б хацела, каб яны ішлі шчыльнай камандай. Іх будуць спрабаваць разьбіць, пасварыць. Ні ў якім выпадку гэтага нельга дапусьціць, ім трэба ісьці разам.
Калі я пісала кнігу «У вайны не жаночы твар» пра тое, як мільён жанчын пайшлі на вайну, я пераканалася, што жанчыны аказаліся наперадзе свайго грамадзтва. Яны прынесьлі ахвяру на алтар Перамогі, і яна пасьля вайны не была ацэненая і была забытая дзяржавай і мужчынамі. Я б хацела, каб гэтага не адбылося зноў.
— Святлана Ціханоўская ў сваім тэлевыступе заклікала людзей абараніць свой голас, свой выбар. А як можна гэта зрабіць?
— Я таксама пачула гэтыя яе словы. Я памятаю гэтыя карціны, калі стаялі кілямэтровыя чэргі, каб падпісацца за Бабарыку, Цапкалу ці Ціханоўскую, як ішоў паток зваротаў у ЦВК, каб зарэгістравалі Бабарыку і Цапкалу. Ніхто ня верыў у справядлівасьць, але людзі хацелі прадэманстраваць, што яны чакаюць гэтай справядлівасьці.
Лукашэнка думаў, што гэтае маўклівае грамадзтва можна падманваць, можна расказваць яму казкі, можна запалохваць. Нічога падобнага. Вырасьлі новыя пакаленьні, людзі сярэдніх пакаленьняў апрытомнелі, гэта ня тыя людзі, якія былі 26 гадоў таму, калі Лукашэнка пачынаў уладарыць.
У гэтых людзей ёсьць голас, сваё разуменьне рэчаў. Яны ведаюць цану ўсяму таму, што адбываецца. Калі мы ў гэтым пераканаліся, калі мы гэта паказалі, мы павінны гэта паказаць і на выбарах. Трэба прыдумаць, як кантраляваць, каб не было гэтых укідаў, каб не было падману на ўзроўні падліку галасоў. Трэба, каб народны голас, голас народнай улады прарваў гэтую плаціну.
Крыніца ўлады ў краіне — народ, а не прэзыдэнт.
Калі нас будзе шмат, калі мы падтрымаем гэтых дзяўчат, то перамены ў нас будуць ісьці мірным шляхам. Калі нас будзе няшмат, то ўсё можа быць. А ўсе мы хацелі б мірных пераменаў. І як бы нас ні правакавала ўлада, мы не павінны паддавацца на гэтыя правакацыі.
— Уражаньне, што Беларусь прачынаецца, было і ў 2006-м, і ў 2010-м гадах. Цяпер адбываецца нешта падобнае ці нешта новае?
— Я хадзіла па вуліцах, калі стаялі гэтыя чэргі, глядзела рэпартажы з гэтага збору подпісаў. Я чула, як людзі гаварылі. Гэта ўжо не асобныя групы, не асобныя людзі, гэта сапраўды нязгода народу. Гэта людзі, у якіх ёсьць годнасьць, яна сфармавалася нягледзячы ні на што.
Мы жывём у іншым сьвеце, мы зьвязаныя з усім сьветам. Дэмакратыя цярпіць паразу на многіх кірунках, але час нельга павярнуць назад. Усё роўна ўсё ўсплыве, усё будзе названа сваімі імёнамі, мы пра ўсё даведаемся, як у свой час даведаліся пра тое, што тварыў Сталін.
Час, на шчасьце, працуе на праўду.
— Зянон Пазьняк рэзка скрытыкаваў прэтэндэнтаў Бабарыку і Цапкалу, а потым асудзіў і Ціханоўскую, якая пайшла на абʼяднаньне свайго штабу зь іх штабамі. Пазьняк назваў гэтае абʼяднаньне «ідыятычным нонсэнсам». Што вы можаце сказаць наконт гэтай крытыкі?
— Пазьняк — прыклад таго, як людзі губляюць сувязь са сваім народам, калі яны далёка. Рэдка каму ўдаецца не згубіць. Можа Быкаў, калі быў за мяжой, усё роўна заставаўся Быкавым. Пазьняк не застаўся тым Пазьняком, якога мы любілі і ў якога мы верылі ў 90-я гады. Гэта чалавек, які закахаўся ў сябе, у прыдуманы беларускі народ, якога ў прыродзе няма. Народ зусім іншы. Ён і вялікі, і жахлівы, і рабскі, і здольны ўзьняцца. Чалавек жывы, чалавек цякучы, як казаў Талстой.
Я ведаю па сабе — калі ты жывеш далёка, ты губляеш адчуваньне прасторы, зь якой ты выйшаў. І ты жывеш тым, што ў цябе ў галаве, а ня тым, што ў нас тут на вуліцах адбываецца.
У гэтым стаўленьні Пазьняка ёсьць фанабэрыстасьць, маўляў, што гэтыя жанчыны? Так, наступае час жанчын. Яны зрабілі тое, чаго вы, мужчыны, не зрабілі. У кожнай зь іх свае матывы, у адной — каханьне да мужа, у іншай — перакананьні. Гэта ўжо іншыя жанчыны, ня тыя, што былі 25 гадоў таму. Пазьняк проста згубіўся ў часе. Ён ужо проста не жыве ў Беларусі. Ён жыве ў мінулым.
— У лютым у інтэрвію нашаму радыё вы сказалі: «Я ня ведаю, хто мог бы супраціўляцца Маскве так, як Лукашэнка». Вы лічыце, што Ціханоўская зможа?
— Як бы я ні ставілася да Лукашэнкі, трэба прызнаць, што паколькі супалі яго інтарэсы і інтарэсы народу ў дадзеным выпадку, ён стаяў на абароне Беларусі. Хаця я думаю, што калі-небудзь мы даведаемся шмат рэчаў пра тое, як пакрысе здавалася Беларусь.
Калі мы гаворым пра Ціханоўскую, трэба казаць пра каманду. Многім здаецца, што яна слабая, што не хапае ёй палітычнай культуры і палітычнага досьведу. Да ўлады ідзе каманда. Думаю, што ў Сьвятланы хопіць розуму і цьвярозага погляду на жыцьцё сабраць гэтую каманду, як гэта імкнецца зрабіць Зяленскі ва Ўкраіне. Яны зробяць транзыт улады, новыя выбары. І грамадзтва абярэ найлепшых.
Грамадзтва ўсьвядоміць сябе, усьвядоміць, што мы страцілі шмат часу. І нам трэба даганяць тое, што мы страцілі. І мы здолеем гэта зрабіць, калі ва ўладзе будуць найлепшыя.
— Пісьменьнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі днямі напісаў блог пад загалоўкам: «Перамены адбудуцца тады, калі „нацыяналісты“ і „бабарыкінцы“ паразумеюцца». Ці сапраўды патрэбнае гэтае паразуменьне? І якой можа быць яго формула?
— А «бабарыкінцы» — гэта хто?
— Магчыма, вы. Магчыма, іншыя людзі — прыхільнікі Бабарыкі. Магчыма, тыя, што ў мінулую нядзелю прыйшлі на мітынг Ціханоўскай.
— Я яшчэ 30 гадоў таму спрачалася з тым жа Пазьняком. Ён казаў — мова, мова, мова. Я казала — так, мова, але спачатку дэмакратыя, потым мова. Без дэмакратыі ня будзе нашай мовы. Будзе толькі суцэльны енк па мове. Людзі сёньняшняга часу ўжо інакш глядзяць на ўсё. Бабарыка — ён і мэнэджэр, і шчыры беларус, усё ў ім. Я мяркую, што нам час ісьці насустрач адны адным. Мы ўсе хочам, каб Беларусь ня зьнікла з мапы сьвету, ня стала губэрняй, каб гэта была маленькая, квітнеючая краіна.
— Як вы ацэньваеце іншых альтэрнатыўных кандыдатаў — Андрэя Дзьмітрыева, Ганну Канапацкую і Сяргея Чэрачня?
— Я не хацела б пераходзіць на асобы і паўтараць тое, чым поўны наш друк. Я лічу, што ў нас у нас былі толькі тры сурʼёзныя кандыдаты. Цяпер засталася адна. Жанчына кінулася на гэтую амбразуру. Сур’ёзна можна было гаварыць толькі пра трох.
— З нагоды цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі — што б вы хацелі сказаць дзейнаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку?
— Я б хацела яму сказаць, што ўлада належыць народу. І ніхто не павінен пра гэта забываць. Раней ці пазьней народ забярэ ўладу. Нават калі ён сьпіць летаргічным сном, але ён прачнецца. У краіне павінны быць сумленныя выбары. Яны ўжо адбываюцца несумленна. Павінны быць сумленныя выбары, каб не было крыві. І тут яго адказнасьць перад гісторыяй. Ніхто ня хоча крыві. Я спадзяюся, што ён таксама ня хоча.