Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 песень пратэставага лета: выйсьці на вуліцу, прагнаць таракана, разбурыць муры


Блогер Сяргей Ціханоўскі, які застаецца за кратамі і якога праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязьнем
Блогер Сяргей Ціханоўскі, які застаецца за кратамі і якога праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязьнем

У часе сёлетняй выбарчай кампаніі ўжо шмат хто зь беларускіх музыкаў запісаў песьні з рэакцыяй на палітычныя падзеі — пратэсты, затрыманьні, звальненьні. Мы сабралі 11 песень, розных па стылі і настроі — ад наўпрост пратэставых і жорстка крытычных да больш лірычных. Ёсьць сярод іх і ўхвальная песьня для Аляксандра Лукашэнкі.

1) Празь некалькі дзён пасьля арышту 29 траўня патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага на Youtube зьявілася новая вэрсія знакамітай каталянскай песьні пратэсту, якая ў варыянце Яцэка Качмарскага ў 80-я гады стала фактычным гімнам польскага руху «Салідарнасьць».

«Муры» ў перакладзе Андрэя Хадановіча тут у выкананьні розных сьпевакоў, пачынаючы зь Зьмітра Вайцюшкевіча, а ў прыпеве гучыць голас самога Ціханоўскага, які дагэтуль застаецца за кратамі.

2) Гурт Tor Band з Рагачова Гомельскай вобласьці стаў папулярны ў выбарчае лета такімі палітычнымі песьнямі, як «Мы не „народзец“!», «Хто, калі ня ты?!» і «Выбары». Але яшчэ 5 чэрвеня гурт выклаў на свой Youtube-канал песьню з простай назвай «Сыходзь!!!».

3) Берасьцейскі гурт «Дай дарогу!» анансаваў, што ў жніўні выйдзе яго новы альбом. А 18 ліпеня зьявілася відэа на песьню «Баю-бай» з будучага альбома, з тэкстам ад імя міліцыянта.

«Поясню на роднай мове, кабы ты допёр

Хто здесь парушальник, наркоман и саботёр»

У відэа старая, мэдыкі, маладыя дзяўчаты, рабочыя ўцякаюць ад АМАПу з дубінкамі і міліцыянтаў на камбайнах.

4) Лявон Вольскі ўвесь час рэагуе на бягучыя падзеі песьнямі ў сатырычным праекце «Саўка ды Грышка» на Радыё Свабода. Падчас цяперашняй выбарчай кампаніі былі ў яго песьні і пра правакацыю на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Горадні, і пра нерэгістрацыю альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты. А адна з самых вострых песень абыгрывае лёзунг Ціханоўскага «Стоп таракан».

5) Ня ўсе палітычныя песьні гэтага лета крытычныя да цяперашняй улады. Сьпявак Віталь Варанко запісаў ухвальную песьню, у якой дзякуе «за дороги и чистоту! За мирное небо над головой!»

Але і ў ёй ёсьць крамольны радок: «Вчера кричали: „Саня останется с нами!“ Сегодня Саню видеть не хотят».

6) Пасьля таго як музыкі гурту Litesound у сацыяльных сетках крытычна выказаліся пра дзеяньні ўладаў, ім скасавалі шэраг канцэртаў. Тым часам Litesound урэшце выпусьціў беларускамоўную вэрсію песьні, зь якой гурт выступаў на Эўравізіі-2012, — «Мы героі».

7) Сьпявачка з канадзкага Таронта Валянціна Шаўчэнка запісала песьню на словы Сержука Сокалава-Воюша «Не спыняйся». У відэа, якое яна зрабіла, песьня гучыць на кадрах перадвыбарчых пікетаў і пратэстаў у Беларусі.

8) Гурт Naka зь лідэрамі гуртоў DZIECIUKI, «Петля пристрастия», «РСП» і Rostany запісалі песьню на верш Уладзімера Някляева «Вам», якая стала рэакцыяй на палітычныя падзеі апошніх месяцаў у Беларусі.

9) Песьня Віктара Цоя «Перемен» гучала падчас сёлетніх пратэстаў і ў арыгінале, і ў перакладзе на беларускую. А гусьляр Алесь Чумакоў пад свой інструмэнт запісаў беларускамоўную вэрсію ў перакладзе Сержука-Сокалава-Воюша.

10) Магілёўскі гурт Nizkiz у канцы чэрвеня прэзэнтаваў новую песьню «Правілы», у якой шмат хто пачуў алюзіі на пратэсты гэтага лета.

«Мы выйшлі на вуліцу, і кожны з нас ня ведаў, куды ісьці. Напэўна, праз гадзіну згубіліся б, але ж хтосьці ўздыме сьцяг».

11) Менскі гурт Naviband звычайна пазьбягаў палітычных тэмаў. «Але ў нас ня ўкладваецца ў галаве жорсткасьць і гвалт да звычайных людзей. Нам становіцца страшна. Маўчаць ужо немагчыма!» Так напісалі музыкі пра песьню «Іншымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG