Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына патлумачыла, як стаць назіральнікам на выбарчых участках за мяжой


Кіраўніцтва Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» атрымала шмат запытаў з-за мяжы ад суайчыньнікаў, якія хацелі б стаць назіральнікамі за выбарах прэзыдэнта Беларусі ў іншых краінах.

З гэтай нагоды арганізацыя напісала запыт ў Цэнтравыбаркам. Прыйшоў адказ з подпісам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Сярод іншага, было пытаньне, ці можа вылучаць назіральнікаў само згуртаваньне — міжнародная арганізацыя з чальцамі ў розных кутках сьвету.

Старшыня ЦВК патлумачыла, што на паседжаньнях утворанай за межамі Беларусі ўчастковай камісіі, як і пры галасаваньні, акрамя давераных асобаў кандыдатаў у прэзыдэнты і замежных (міжнародных) назіральнікаў, акрэдытаваных Цэнтральнай камісіяй, маюць права прысутнічаць назіральнікі, вылучаныя грамадзянамі Беларусі (ня меней за 10 чалавек).

Да выбарнікаў, якія пражываюць на тэрыторыі замежнага ўчастку для галасаваньня i маюць права накіроўваць назіральнікаў, адносяцца грамадзяне, якія стаяць на консульскім уліку на дату падачы заявы, а таксама грамадзяне, якіх уключылі ў сьпіс выбарнікаў пры прад’яўленьні беларускага пашпарта і дакумэнта аб пражываньні на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

Такім чынам, пражываць на тэрыторыі замежнага ўчастка для галасаваньня неабавязкова. Пры гэтым пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь можа быць любой сэрыі.

Як гаворыцца ў лісьце Ярмошынай, выбраўшы ўчастак для галасаваньня, трэба напісаць заяву на імя старшыні выбарчай камісіі:

«Прашу зарэгістраваць мяне назіральнікам на ўчастку №___ як прадстаўніка грамадзян, зьвесткі пра якіх прыведзены ніжэй (прозьвішча, імя, імя па бацьку, адрас і подпіс)».

На заяве мусіць быць сама меней 10 подпісаў людзей, якія жывуць на тэрыторыі ўчастку.

З гэтай паперай і пашпартам трэба прыйсьці на ўчастак у прамежку часу ад пачатку датэрміновага галасаваньня да яго закрыцьця ў асноўны дзень галасаваньня. Старшыня выбарчай камісіі ўносіць зьвесткі пра назіральніка ў адмысловы журнал. Пасьля чаго грамадзянін можа назіраць.

Кіраўніцтва Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» просіць паведамляць, ці атрымалася стаць назіральнікам.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG