Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва плянуе назапашваць харчы на выпадак аварыі на БелАЭС


На 4-дзённых вучэньнях Міністэрства ўнутраных спраў Літвы на выпадак надзвычайнага здарэньня на Астравецкай АЭС, 2 кастрычніка 2019
На 4-дзённых вучэньнях Міністэрства ўнутраных спраў Літвы на выпадак надзвычайнага здарэньня на Астравецкай АЭС, 2 кастрычніка 2019

Дзяржаўная рада абароны (ДРА) Літвы, якая сабралася ў чацьвер, прызнала, што Астравецкая атамная станцыя (АЭС), якая неўзабаве можа пачаць працаваць, уяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы. Было пастаноўлена, якія захады трэба ўжыць для абароны насельніцтва і інтарэсаў Літвы.

Як ужо было абвешчана, «Росатом» плянуе фізычна запусьціць Астравецкую АЭС на пачатку жніўня, заявіў кіраўнік расейскай дзяржаўнай карпарацыі атамнай энэргетыкі, якая будуе Беларускую АЭС непадалёк ад літоўскай дзяржаўнай мяжы.

Атамная электрастанцыя, якая будзе мець два рэактары расейскага ўзору ВВЭР магутнасьцю 1200 мэгаватаў, будуецца ў Гарадзенскай вобласьці прыблізна за 50 кілямэтраў ад Вільні і менш як за 30 кілямэтраў ад літоўскай мяжы, перадае агенцтва BNS.

«Мы ня можам шмат адказаць на пытаньне пра дату, таму што пытаньне пра дату адкладалася не адзін раз. Але мы ацэньваем заявы аб тым, што Астравецкая АЭС можа пачаць працаваць (у сэнсе першых фізычных дзеяньняў) у найбліжэйшым часе», — заявіў пасьля пасяджэньня ДРА Дарус Кулешус, галоўны дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.

Галоўны дарадца нагадаў, што Астравецкая АЭС парушыла міжнародныя патрабаваньні экалягічнай і ядзернай бясьпекі, міжнародныя канвэнцыі і ня выканала таго, што патрабавалася ў рэкамэндацыях стрэс-тэстаў.

«Таму, паводле нашай ацэнкі, сёньня электрастанцыя ўяўляе сапраўдную пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Наша мэта — рэагаваць і быць падрыхтаванымі», — сказаў Кулешус.

Паводле дарадцы прэзыдэнта, парадак дня ДРА быў засяроджаны на двух важных пытаньнях — на грамадзянскай абароне і на тым, каб не прапускаць электраэнэргію, якая будзе вырабляцца на небясьпечнай АЭС, на рынак Балтыі.

На пасяджэньні ДРА разгледзелі сытуацыю ў сфэры грамадзянскай абароны, наяўныя пляны, і вырашылі, што трэба спраўджваць іх эфэктыўнасьць.

«Гэта азначае, што наяўныя пляны — гэта добра, але нам трэба праверыць іх на практыцы. Мы павінны ўлічваць, што ў сувязі з пандэміяй COVID-19 існуе неабходнасьць абнавіць наяўныя рэзэрвы, ёсьць і іншыя важныя кампанэнты, якія павінны забясьпечыць грамадзянскую абарону, і да гэтага трэба падрыхтавацца як мага хутчэй», — сказаў Кулешус.

Што да непрапусканьня электраэнэргіі з Астравецкай АЭС на рынак Балтыі, дарадца прэзыдэнта праінфармаваў, што краіны Балтыі будуць дамаўляцца пра тое, каб ня даць электраэнэргіі, вырабленай АЭС у трэціх краінах, трапіць на іх рынак.

«Для паралельнага ажыцьцяўленьня іншых захадаў было заключана пагадненьне аб забесьпячэньні незалежнасьці літоўскай электраэнэргетычнай сыстэмы і рэалізацыі іншых захадаў, якія б гарантавалі большую бясьпеку нашай электраэнэргетыкі», — сказаў Кулешус.

Паводле яго, Літва займае пасьлядоўную пазыцыю, што на сёньняшні дзень Астравецкая АЭС стварае пагрозу, і Літве трэба інфармаваць міжнародную супольнасьць пра магчымыя парушэньні бясьпекі і імкнуцца гарантаваць бясьпеку ў рэгіёне і ў самой Літве.

Умацоўваць рэзэрвы

Міністарка ўнутраных спраў Літвы Рыта Тамашунене паведаміла пасьля пасяджэньня, што рэзэрвы засьцерагальных рэсурсаў пастаянна папаўняюцца.

«Гаворачы пра надзвычайную сытуацыю ў сувязі з COVID-19 і пра найвышэйшы ўзровень гатовасьці, які цяпер ёсьць у дзяржаве, мы маем двухмесячны запас ахоўных рэсурсаў для ўсіх службоўцаў і мэдыкаў, якія будуць працаваць у гэтай сытуацыі.

Але калі гаворка ідзе пра радыялягічныя здарэньні, гэта, безумоўна, закранула б большую частку грамадзтва. Літва падзеленая на зоны небясьпекі: 30 кілямэтраў, 100 кілямэтраў ад АЭС. Гаворка ідзе пра запасы харчаваньня, ачышчальнае абсталяваньне, пераапрананьне людзей, разьмяшчэньне іх у бясьпечных месцах. Пра гэтыя рэзэрвы мы павінны клапаціцца. Мы склалі і перадалі ўраду канкрэтны плян», — сказала міністарка Тамашунене.

Паводле міністаркі, падрыхтоўка да пагрозаў, якія нясе з сабой Астравецкая АЭС, будзе каштаваць 135 мільёнаў эўра. Гэтую суму патрацяць на набыцьцё сродкаў, каб забясьпечыць насельніцтва на 14 дзён. «Гэта можа ажыцьцяўляцца паэтапна», — сказа Тамашунене.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG