Падчас візыту ў панядзелак на гідраакумуляцыйную электрастанцыю (ГАЭС) ў Круонісе прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што яго краіна дапамагла б забясьпечыць рэзэрвы электраэнэргіі, калі б у выніку непаладак у працы Астравецкай АЭС узьнікла рызыка для энэргетычнай сыстэмы Беларусі ці рэгіёну. Сытуацыю тлумачыць на літоўскім партале 15min.lt яго эканамічны аглядальнік Саўлюс Якучоніс.
Некаторым палітыкам і экспэртам падалося, што гэтая заява супярэчыць пазыцыі Літвы не дазваляць беларусам карыстацца рэзэрвамі Круоніскай ГАЭС. Што меў на ўвазе Наўседа і хто б у такім выпадку выпісаў рахунак?
Літоўскі апэратар сыстэмы перадачы электраэнэргіі «Litgrid» растлумачыў, што меў на ўвазе літоўскі прэзыдэнт і ў якім выпадку Круоніс быў бы выкарыстаны для прадухіленьня крызісу. Праўда, такая паслуга каштавала б мільёны эўра.
Напярэдадні магчымага запуску Астравецкай АЭС у чацьвер прэзыдэнт склікае пасяджэньне Дзяржаўнай рады абароны Літвы.
Яно ініцыяванае з мэтай ацэнкі гатовасьці Літвы абараняць літоўскае насельніцтва і навакольнае асяродзьдзе, на ім будзе разглядацца падрыхтаванасьць ураду і іншых уладных органаў рэагаваць на пагрозы, якія выклікае электрастанцыя, паведамляе прэзыдэнтура.
На што патрэбныя рэзэрвы?
Першы рэактар Астравецкай АЭС мяркуецца поўнасьцю ўвесьці ў эксплюатацыю ў наступным годзе, абяцае беларускі ўрад, але ў суседняй дзяржавы пакуль няма крыніцы рэзэрваў.
Такія рэзэрвы неабходныя для збалянсаваньня патокаў электраэнэргіі. Гэта неабходна ў тых выпадках, калі АЭС зь нейкіх прычынаў адключаецца.
Рэзэрвы таксама карысныя, калі попыт на электраэнэргію на рынку нізкі, звычайна гэта бывае ўначы. У такіх выпадках АЭС, якая, паводле добрай практыкі, павінна ўвесь час працаваць з аднолькавай магутнасьцю, «перасылае» вырабленую энэргію ў крыніцу рэзэрваў.
У Літве Круоніская ГАЭС была такой крыніцай, калі ў краіне дзейнічала Ігналінская АЭС.
Між тым, Беларусь такіх рэзэрваў для Астравецкай АЭС ня мае. Яна кажа, што яшчэ толькі будуе электрастанцыі для забесьпячэньня рэзэрву, але будаўніцтва зацягваецца ў параўнаньні з заплянаваным пускам у эксплюатацыю АЭС.
Гэтая адсутнасьць рэзэрву стварае праблему бясьпекі. На пытаньне, ці не сама Літва робіць Астравецкую АЭС менш бясьпечнай, калі яна не дазваляе ёй выкарыстоўваць Круоніскую ГАЭС у якасьці рэзэрву, прэзыдэнт Наўседа адказаў у панядзелак:
«Калі б у выпадку „блэкаўту“ або іншых надзвычайных сытуацый і абставінаў, мы б дапамаглі нашай суседняй краіне пазьбегнуць аварыі або „блэкаўту“, ёй былі б выстаўленыя рахункі, якія б склалі многія мільёны.
Гэта гарантавала б бясьпеку сыстэмы, але за такую паслугу ў экстрэмальных абставінах заплаціць давялося б вельмі дорага», — заявіў прэзыдэнт Літвы на электрастанцыі ў Круонісе.
Літва законам 2017 году прадугледзела, што не дазволіць Беларусі карыстацца рэзэрвамі Круоніскай ГАЭС.
Запускаць АЭС без рэзэрвовых станцыяў небясьпечна
Кампанія «Litgrid» заяўляе, што будаваць атамную электрастанцыю без рэзэрву можна, але запускаць яе ў эксплюатацыю — не, каб забясьпечыць надзейнасьць сыстэмы і не нанесьці бы шкоды сыстэмам іншых краін, якія працуюць у сынхроннай зоне (у гэтым выпадку Літвы, Латвіі, Эстоніі і Расеі).
«Усе сыстэмы працуюць паводле прынцыпу N-1. Ён прымяняецца ва ўсіх без выключэньня электраэнэргетычных сыстэмах, калі ў выпадку найбольшага збою сыстэмы, у гэтым выпадку Астравецкай АЭС, неабходна ўжыць захады для яго ліквідацыі. Для гэтага патрэбна свабодная прапускная магутнасьць з Расеяй і рэзэрвы электраэнэргіі ў беларускай электраэнэргетычнай сыстэме», - сказаў Г. Радвіла, прадстаўнік кампаніі «Litgrid».
Беларускія чыноўнікі плянуюць запуск першага рэактара БелАЭС у наступным годзе.
Літва была найбольшым крытыкам гэтай электрастанцыі з пачатку яе будаўніцтва. Яна абвінавачвае Менск у тым, што электрастанцыя будуецца небясьпечна. Беларусь гэтую крытыку адкідае.