Выстава мастака і фатографа Андрэя Анро «Маўчаньне кажа пра многае» адкрылася ў горадзенскім бары з выставачнай заляй «Трэцяе месца» 14 ліпеня.
Яна паказвае розныя шляхі, якімі ідзе дыктатарская ўлада ў Афрыцы, усходніх краінах і Беларусі.
Усе карціны з гэтай выставы створаныя ў канцы 2019-га — пачатку 2020 году. Тэмай палітыкі Андрэй Анро займаецца з 2013-га. Мэта выстаўкі — асэнсаваць і паказаць дыктатуру як зьяву, яе прыроду; як жыцьцё ва ўмовах несвабоды ўплывае на людзей, у тым ліку тых, хто ёй служыць.
Паводле аўтара, усе дыктатуры сьвету чымсьці падобныя. Гэтая выстава — экзыстэнцыйнае адчуваньне сьвету на інтуітыўных кодах, якія ёсьць у розных краінах з аўтарытарным ці таталітарным рэжымам.
«Мы вырасьлі і ня ведалі іншых рэжымаў. Таму можам адчуваць гэта — тое, што ёсьць у паветры або ў кавалку гаспадарчага мыла. Нешта застарэлае і цяжкае», — кажа мастак Андрэй Анро.
На ягоную думку, дыктатура захавалася ў Беларусі з часоў СССР, бо людзям цяжка мяняцца, мяняць звычкі.
«Былі закрытыя межы, людзі далёка ня езьдзілі. Потым зьявіўся інтэрнэт і свабодныя сродкі масавай інфармацыі. Людзі адчулі, што ёсьць нешта іншае», — разважае мастак.
Ён параўноўвае гэтыя зьмены з тым, што адбылося ў Другую ўсясьветную вайну, калі людзі выйшлі за межы сваёй краіны, убачылі, што ў іншых краінах жывуць ня так, як апавядала прапаганда.
«Калі яны вярнуліся, іх рэпрэсавалі, бо гэта ўжо былі іншыя людзі. Менавіта на вайне яны адчулі сябе тымі людзьмі, якія могуць на нешта ўплываць, праяўляць ініцыятыву, якую душылі саветы. Гэтае задушэньне ініцыятывы ідзе з тых часоў па сёньняшні дзень, калі людзям не дазваляюць выбіраць прэзыдэнта або рабіць нешта сваё: прыклад — закрыцьцё рэсурсу MolaMola, які дазваляў людзям самім нешта рабіць», — кажа Анро.
На ягоную думку, з кожным годам становіцца ўсё больш свабодных людзей, бо адыходзіць папярэдняе пакаленьне. Таму, паводле Анро, перамены маюць прыйсьці.
Мастак паказвае розныя прыклады дыктатуры: крайнюю ступень дыктатуры ў Паўночнай Карэі; дыктатараў, якія працягваюць правіць; якія сядзяць у турме або мусілі ўцячы з краіны; якіх зрынулі і забілі, як лібійскага рэвалюцыянэра Муамара Кадафі.
«Дыктатура — гэта вялікая рызыка для ўлады. Нельга людзей трымаць у шчамлётках. Калі ты дыктатар, ты павінен ісьці да канца. У цябе ёсьць вялікі шанец, што нешта пойдзе ня так, ты рызыкуеш сваім жыцьцём. Гэта неспакойная палітыка», — мяркуе Анро.
Паводле ягоных назіраньняў, свабодных людзей у Беларусі з кожным годам становіцца больш. Інструмэнты прапаганды, якія раней працавалі праз тэлевізію, уплываюць менш.
«Ужо пачало нешта зьмяняцца. Сёлетнія выбары — добры прыклад, бо яны моцна адрозьніваюцца ад таго, што было раней», — кажа Андрэй Анро.