Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я спужаўся. Вельмі спужаўся». Што расказвае чалавек, якога міліцыя прымусіла выбачыцца на відэа


МУС распаўсюдзіла відэа, на якім мужчына плача і абяцае не рабіць нічога супрацьпраўнага. Свабода пагаварыла з мужчынам і юрыстам Валянцінам Стэфановічам. «Гэта незаконна і амаральна», — характарызуе дзеяньні міліцыі юрыст.

«Я спужаўся. Вельмі спужаўся»

«Нуль трэцяга нуль сёмага я здымаў супрацоўнікаў у парку проста па дурасьці. Для таго каб проста хайпануцца ў гэтым тэлеграме. Я ў далейшым абяцаю, што я больш ніколі ня буду нічога рабіць супрацьзаконнага і супрацьпраўнага», — плача на відэа мужчына.

Чалавек на відэа — 32-гадовы маладачанец Аляксандар Новік. У яго эпілепсія. Відэа, па ягоных словах, запісалі пасьля таго, як ён суткі правёў у камэры Маладачанскага РАУС.

Аляксандар Новік кажа, што сапраўды сфатаграфаваў міліцыянтаў, але не аказваў ім аніякага супраціву.

«3 ліпеня я сфатаграфаваў міліцыянтаў за амфітэатрам, — кажа Аляксандар. — Проста хацеў паказаць, чым займаецца міліцыя».

Далей ён кажа, што да яго падышоў міліцыянт, прадставіўся і папрасіў прасьледаваць за ім. «Я сказаў, што пайду сам», — кажа мужчына.

Аляксандар апісвае, што міліцыянты хацелі ўзяць яго пад рукі, ён напалохаўся, падняў рукі і зрабіў крок назад. Але яго пад рукі завялі ў аўтамабіль і адвезьлі ў РАУС на Галіцкага.

У сваім паведамленьні МУС піша, што ў адказ на заўвагу міліцыянта «мужчына стаў паводзіць сябе задзірліва, здымаў тое, што адбываецца, на тэлефон і не падпарадкоўваўся законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі».

«Гэта няпраўда, — кажа Аляксандар. — Гэтага дакладна не было. Я сказаў, што я пайду сам. Я спужаўся. Вельмі спужаўся. Шмат жа і відэа ёсьць у інтэрнэце, дзе міліцыя б’е людзей».

Па словах Аляксандра, яго затрыманьне было зафіксавана на відэа. «Там усё відаць, як усё было», — кажа Аляксандар. Гэтае відэа паказвалі пасьля ў судзе.

«На мяне склалі пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўніку, — апісвае Аляксандар тое, што адбывалася ў РАУС. — Што махаў рукамі і не хацеў садзіцца ў машыну».

Пратакол Аляксандар падпісаў. «Напалохаўся, каб нічога такога не было», — кажа ён.

Яго адправілі ў камэру, дзе былі яшчэ 5 затрыманых. На відэа для МУС запісалі праз суткі.

«Мне нейкі начальнік сказаў, што відэа будзе страхоўкай на выпадак, калі мяне затрымаюць паўторна», — апісвае Аляксандар працэс здыманьня на відэа. Прозьвішча «начальніка» ён ня памятае.

«Калі ў такіх умовах знаходзісься, і не на такое пагодзісься», — кажа ён. На пытаньне, ці сапраўды ён плача на відэа, ён адказвае «так» і тлумачыць, што ад моманту затрыманьня быў у вельмі ўзрушаным стане.

Інваліднасьці ў Аляксандра няма. Але ў 19-гадовым узросьце пасьля сьмерці сябра ад анкалёгіі ён перажыў моцны стрэс.

«Ён быў сябрам дзяцінства, самым блізкім, мы разам расьлі, — кажа мужчына. — У мяне быў шок, пасьля апатыя, я ня еў, нэрвовы зрыў быў. І пасьля стала эпілепсія».

З прычыны дыягназу Аляксандра не ўзялі ў войска. Пра тое, што ў яго эпілепсія, ён казаў у міліцыі, калі там спыталіся, чаму не служыў.

Новік кажа, што ў РАУС яму не пагражалі і не прымянялі да яго фізычную сілу.

У камэры ў Маладачанскім РАУС ён правёў трое сутак. 6 ліпеня судзьдзя Южык прысудзіла яму па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі» штраф у 10 базавых. Копія рашэньня суду і даведка з РАУС ёсьць у рэдакцыі. У рашэньні суду гаворыцца, што Новік у судзе прызнаў віну.

Аляксандар працуе на прыватным прадпрыемстве.

«Я харошы работнік, заўжды паўсюль дапамагаю, ніколі ня п’ю, ніводнага загулу-прагулу. Калі трэба характарыстыка, можаце там запатрабаваць», — кажа Аляксандар.

На пытаньне, як ён ставіцца да таго, што відэа зь ім цяпер разьмешчана ў інтэрнэце, ён кажа: «Кожны вырашае сам, што і як рабіць у гэтым жыцьці».

«Гэта прыніжэньне асобы»

Юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч на просьбу Радыё Свабода тлумачыць, ці мае права міліцыя запісваць падобныя відэа:

«У КаАП, які рэгулюе працэдуру вядзеньня адміністрацыйнага працэсу, такія вось дзеяньні не прадугледжаныя, — кажа Стэфановіч. — Яны (органы. — РС) маюць права ўзяць тлумачэньні ў асобы, у дачыненьні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, скласьці пратакол, правесьці іншыя дзеяньні кшталту дактыляскапіі, відэафіксацыі».

«Вось гэтае відэа — гэта што за форма працэсуальнага дзеяньня? — пытаецца юрыст.

Ён згадвае, што падобны выпадак быў пры міністру Ігару Шуневічу. Тады на відэа выбачаўся падлетак, які дакрануўся да фігуры гарадавога ў Менску.

«Гэта абсалютна незаконныя дзеяньні міліцыі, — сьцьвярджае юрыст Стэфановіч. — Як орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, яны павінны былі чалавеку растлумачыць ягоныя правы. А гэта прыніжэньне асобы, я лічу. І тым больш дэманстрацыя потым гэтага (відэа. — РС). Аніякага дачыненьня да працэдуры вядзеньня адміністрацыйнага працэсу і разгляду яго ў судзе гэта ня мае».

«Я параіў бы абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, — кажа Валянцін Стэфановіч. — Гэта незаконна і амаральна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG