Роўна 20 гадоў таму зьнік беларускі тэлеапэратар, супрацоўнік Грамадзкай расейскай тэлевізіі (ОРТ, цяпер — Першы канал) Дзьмітры Завадзкі. На момант зьнікненьня яму было 27 гадоў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала калег сёньня апоўдні ўшанаваць памяць Дзьмітрыя Завадзкага хвілінай маўчаньня.
«Прайшло 20 гадоў, а праўды мы ня ведаем да гэтага часу, — гаворыцца ў паведамленьні БАЖ. — Вельмі цяжка і балюча. Няма нават магілы, на якую можна было б прыйсьці і ўспомніць калегу.
У мінулыя гады 7 ліпеня мы прыходзілі з партрэтамі Зьмітра да пад'езда, адкуль ён выйшаў той раніцай. Але сёньня гарантаваць бясьпеку калег падчас нават маўклівага стаяньня з партрэтам немагчыма. Але памяць немагчыма забіць. Выкрасьці. Затрымаць, аштрафаваць ці кінуць на „суткі“».
З 1994 па 1996 год Дзьмітры Завадзкі працаваў у апэратарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым стаў працаваць на Грамадзкай расейскай тэлевізіі. Летам 1997 году ён разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэньні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтара года пазбаўленьня волі. З кастрычніка 1999 году па травень 2000-га Завадзкі працаваў у Чачэніі, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзёньнік».
Раніцай 7 ліпеня 2000 году Завадзкі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт Менск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З тых часоў апэратара ніхто ня бачыў. Ягоны аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.
У 2002 годзе Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у выкраданьні Завадзкага групу былога байца спэцпадраздзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча. Ігнатовіч, а таксама прызнаны вінаватым у выкраданьні Максім Малік асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне. Былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза і беспрацоўнага Сяргея Савушкіна, якія таксама праходзілі падазраванымі ў гэтай справе, у выніку прызналі вінаватымі ў іншых злачынствах і асудзілі на 25 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму адпаведна.
27 лістапада 2003 году суд Фрунзэнскага раёну Менску прызнаў Завадзкага памерлым, хоць яго цела так і не было знойдзена. У сакавіку 2004 году пракуратура прыпыніла расьсьледаваньне справы аб выкраданьні Завадзкага «ў сувязі зь неадшуканьнем бязь вестак зьніклай асобы». У 2005 годзе расьсьледаваньне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпынена.
У студзені сёлета ўдава Завадзкага атрымала афіцыйны адказ Сьледчага камітэту з адмовай аднавіць прыпыненае папярэдняе расьсьледаваньне ў справе выкрадзенага апэратара.
У пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваныя дакумэнты, зь якіх вынікала, што з апазыцыйнымі палітыкамі і грамадзкімі актывістамі расправіўся спэцыяльна створаны для гэтага «эскадрон сьмерці». Сярод датычных да выкраданьняў згадваўся былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў. З гэтай прычыны яму, як і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў, быў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу.