Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскі пра інцыдэнт у Горадні: «Невядомыя зладзілі правакацыю на загад дыктатара Лукашэнкі»


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Зьняволены ў СІЗА палітвязень Сяргей Ціханоўскі падчас адміністрацыйнага суду над ім, які прайшоў у Горадні, змог публічна выказацца пра матывы сваёй крымінальнай справы, інцыдэнт у Горадні 29 траўня, пасьля якога яго затрымалі, і 900 тысяч даляраў, знойдзеныя сьледчымі на лецішчы ягонай маці пад Гомлем.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Палітвязьня Сяргея Ціханоўскага, які ўжо месяц знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску, 1 ліпеня ў Горадні асудзілі ў адміністрацыйнай справе за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі на 15 сутак. Падчас суду Ціханоўскі расказаў па відэасувязі, знаходзячыся ў клетцы ў менскім СІЗА, што адбывалася ў сувязі зь ягоным затрыманьнем і як ён да гэтага ставіцца.

Сяргей Ціханоўскі падчас суду 1 ліпеня
Сяргей Ціханоўскі падчас суду 1 ліпеня

Перад тым, як даць тлумачэньні па адміністрацыйнай справе, Ціханоўскі выступіў з прамовай.

«Гэтыя законы забараняюць грамадзянам выкарыстоўваць канстытуцыйныя правы, якія ў нас ёсьць: свабода слова, свабода сходаў (гэта мае дачыненьне да нашай справы, мы ня можам сустрэцца зь людзьмі), права на атрыманьне шчырай і даставернай інфармацыі — усе мэдыя захоплены. Фабрыкуюцца крымінальныя справы. Законы выкарыстоўваюцца, каб затыкаць рот. Людзей судзяць двойчы за адное і тое ж злачынства», — сказаў Ціханоўскі.

Ён пацьвердзіў, што знаходзіўся на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня, але не на мітынгу, а на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую як кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы.

«Выстраілася вялізная чарга людзей, якія стаміліся ад хлусьні і прыйшлі аддаць свой подпіс. Іх было вельмі шмат ня толькі ў Горадні, але і ў іншых гарадах», — сказаў падсудны.

Далей ён расказаў, што невядомыя людзі, на яго думку, зладзілі правакацыю «на загад, думаю, дыктатара Лукашэнкі». Паводле Ціханоўскага, улада спужалася таго, што тысячы людзей захацелі пакінуць свой подпіс за Ціханоўскую.

«Бо ён жа расказвае, што ў яго рэйтынг 80 зь нечым адсоткаў, а папраўдзе ў яго 3%», — гэтымі словамі падсудны выклікаў сьмех у залі.

Судзьдзя з усьмешкай папярэдзіў, каб Ціханоўскі перайшоў бліжэй да справы.

«Судзяць двойчы за адно і тое ж»

Ціханоўскі паведаміў, што яму прад’явілі абвінавачаньне паводле трох крымінальных артыкулаў: 364, 342, 391 (частка 2). На ягоную думку адміністрацыйны працэс ня мае дубляваць абвінавачаньне ў крымінальнай справе.

«Цяпер, атрымліваецца, мяне за адну і тую ж падзею судзяць у справе, з матэрыяламі якой я ня быў азнаёмлены», — зрабіў выснову Ціханоўскі.

У судзе над Ціханоўскім 1 ліпеня
У судзе над Ціханоўскім 1 ліпеня

Ён зьняпраўдзіў тое, што ўжываў гвалт на Савецкай плошчы Горадні 29 траўня, і спаслаўся на відэазапісы, дзе відаць, што ён нікога не штурхаў, не супраціўляўся АМАПу.

Ціханоўскі паведаміў, што «людзі ў чорным» яму не прадстаўляліся пры затрыманьні, пры гэтым вельмі моцна сьціснулі рукі, так што ён здымаў потым пабоі. Амапаўцаў «было ня двое, а цэлы натоўп, якія ішлі на яго».

«У мяне былі сінія рукі... Яны ні разу мяне не выпусьцілі з рук, так у машыну і засунулі. Ёсьць сотні сьведак, што гэта была правакацыя. Ёсьць вэрсія, што гэта было затрыманьне, каб прыбраць палітычнага апанэнта. Чаму ніводнага зь іх не запрасілі сюды, толькі супрацоўнікаў міліцыі?» — абураўся Ціханоўскі.

На ягоную думку, калі б запрасіць сьведак, якія прысутнічалі 29 траўня на Савецкай плошчы, у суд выстраілася бы такая ж вялікая чарга, як падчас пікетаў.

Ціханоўскі заявіў, што ягоныя правы былі парушаныя на розных этапах. Спачатку яму не паведамлялі пасьля затрыманьня, за што яго забралі, ці то за неадседжаныя адміністрацыйныя суткі, ці зь іншай нагоды. Яму не тлумачылі ягоных правоў, не апытвалі перад тым, як скласьці адміністрацыйны пратакол, не знаёмілі з пратаколам.

Пра 900 тысяч даляраў: «Падкінуў Вакульчык»

Блогер таксама даведаўся, што нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ціханоўскага затрымалі на загад кіраўніка дзяржавы.

У перапынку паміж судовымі паседжаньнямі Ціханоўскі пасьпеў адказаць на пытаньне, што ён думае наконт знойдзеных у яго грошай.

«Вакульчык падкінуў (старшыня КДБ Беларусі. — РС)», — выказаў сваю здагадку Ціханоўскі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG