Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыўная група Ціханоўскай паскардзілася Лукашэнку на сваволю Ярмошынай і рэпрэсіі падчас выбараў


Стэнд Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні, архіўнае фота
Стэнд Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні, архіўнае фота

Вольга Паўлава, сябра ініцыятыўнай групы за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзыдэнты, 18 чэрвеня накіравала скаргу Аляксандру Лукашэнку і ягонай адміністрацыі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Поўны тэкст скаргі ёсьць у распараджэньні Свабоды. Скарга накіраваная ад імя Паўлавай і яшчэ 36 чальцоў і валянтэраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Кіраўнік штабу, муж патэнцыйнай кандыдаткі Сяргей Ціханоўскі, а таксама прэс-сакратар штабу Аляксандар Кабанаў і шэраг іншых чальцоў групы, цяпер зьняволеныя.

У скарзе зьвяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі, бо ён як кіраўнік дзяржавы зьяўляецца гарантам Канстытуцыі і адказны за забесьпячэньне канстытуцыйных правоў грамадзянаў.

Група ставіць пад сумнеў «адпаведнасьць займаным пасадам» асобных службоўцаў у рэгіёнах, а таксама чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале зь Лідзіяй Ярмошынай, якая пазьбягае кантактаў з чальцамі ініцыятыўных групаў і «патурае парушэньням заканадаўства, з надуманай нагоды ініцыюе крымінальны перасьлед удзельнікаў выбарчай кампаніі, робіць неправамерныя заявы, у тым ліку пра тое, што шляхам збору подпісаў хочуць дамагчыся зьмены ўлады».

Таксама штаб заяўляе, што:

  • Ярмошына «ўзяла на сябе функцыю законатворчасьці», чым перавысіла службовыя абавязкі, калі забараніла фота- і відэаздымкі на выбарчых участках, хоць гэтыя дзеяньні не забароненыя заканадаўствам;
  • пры здачы подпісаў за Ціханоўскую ў тэрытарыяльныя камісіі ў асобных рэгіёнах подпісы не прымаюць «з надуманых нагодаў, па-свойму трактуюць заканадаўства»;
  • шэрагу ініцыятыўных групаў неправамерна адмовілі ў рэгістрацыі, са сьпісаў неправамерна выключалі чальцоў групаў;
  • у краіне ідуць масавыя арышты чальцоў ініцыятыўных групаў, удзельнікаў пікетаў, сканфіскаваныя тысячы подпісаў, што выклікала «вялікі грамадзкі рэзананс ува ўсім сьвеце»;
  • подпісы людзей з інваліднасьцю (сьляпых, з адсутнасьцю рук, з трэмарам рук) не прымаюць, падпісны аркуш з подпісам і датай, якія «выходзяць на тры палі», прызнаюць несапраўдным.

Да ліста прыклалі дыск з аўдыёзапісамі размоваў з прадстаўнікамі ЦВК, каб «зьвярнуць увагу на адвольную трактоўку імі выбарчага заканадаўства».

Пералічанае вышэй, адзначаюць у лісьце, «ставіць пад сумнеў ня толькі легітымнасьць гэтай перадвыбарчай кампаніі, але і тое, што Рэспубліка Беларусь ёсьць дэмакратычнай дзяржавай, а Канстытуцыя — яе асноўным законам».

Чальцоў ЦВК і выбарчых камісіяў, датычных да парушэньня законаў, патрабуюць зьняць з пасадаў, а калі Лукашэнка адмовіцца «выконваць ускладзеныя на яго абавязкі», то просяць яго пакінуць пасаду прэзыдэнта і зьняць кандыдатуру з выбараў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG