У эльзаскім мястэчку Фэсэнгайм 29 чэрвеня спыніўся другі, апошні дзейны энэргаблёк найстарэйшай атамнай электрастанцыі Францыі. Radio France Internationale паведамляе, што закрыцьцё віталі актывісты экалягічных рухаў, але яно таксама стала падставай турбавацца для работнікаў станцыі і мясцовых жыхароў.
АЭС у Фэсэнгайме была ўведзеная ў эксплюатацыю ў 1977 годзе. Першы рэактар спынілі ў лютым сёлета. Працэс выгрузкі і ўтылізацыі адпрацаванага ядзернага паліва можа заняць яшчэ пяць гадоў. Толькі пасьля гэтага пачнецца дэмантаж самой станцыі, які плянуюць завяршыць да 2040 году.
Акрамя актывістаў руху за выхад зь ядзернай энэргетыкі, закрыцьця АЭС у Фэсэнгайме дамагаліся суседнія Швайцарыя і Нямеччына. У апошнія гады на станцыі неаднаразова адбываліся збоі ў працы.
Мясцовыя жыхары, зь якіх амаль 2 тысячы працуюць на станцыі або на зьвязаных зь ёй вытворчасьцях, лічаць рашэньне аб закрыцьці АЭС неабдуманым і выключна палітычным. Крытыкі таксама адзначаюць, што пасьля закрыцьця АЭС для рэгіёну ў халодныя зімы давядзецца купляць электрычнасьць, якая вырабляецца на вугальных ЦЭЦ суседняй Нямеччыны. Такое рашэньне, падкрэсьліваюць крытыкі, наўрад ці ўпісваецца ў заявы аб «экалягічным пераходзе».
Францыя — другая краіна ў сьвеце ў аб’ёме вытворчасьці атамнай электраэнэргіі, саступае больш як у два разы ЗША. На трэцім і чацьвёртым месцах знаходзяцца Кітай і Расея. На атамную энэргетыку прыпадае больш за 70% вырабленай у Францыі электраэнэргіі. Згодна з плянамі ўраду, гэты паказьнік павінен зьнізіцца да 50% да 2035 году.
На сёньняшні дзень у Францыі застаецца яшчэ 18 дзейных атамных электрастанцый і 56 рэактараў. Большасьць дзейных атамных станцый Францыі былі пабудаваныя ў 70-80-х гадах мінулага стагодзьдзя, і ўсе яны павінны спыніць працу да 2060 году.