Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможцу «Славянскага базару» Гросу адмовілі ў выступах пасьля выказваньняў «за справядлівыя выбары»


Аляксей Грос з дыплёмам «Песьня году – 2016» ад АНТ, архіўнае фота
Аляксей Грос з дыплёмам «Песьня году – 2016» ад АНТ, архіўнае фота

Беларускі сьпявак Аляксей Грос расказаў у Instagram, што яго «прыбралі з усіх канцэртаў» пасьля палітычных выказваньняў у сацыяльных сетках».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Паводле Гроса, прыблізна месяц таму яго зацьвердзілі выступоўцам на «Прэзыдэнцкі баль» для выпускнікоў і сьвяточныя канцэрты да афіцыйнага Дня Незалежнасьці ў Палацы Рэспублікі і ля стэлы «Менск — горад-герой», адкрыцьцё «Славянскага базару». Зацьвердзілі ў тым ліку рэпэртуар і касьцюмы.

«А літаральна некалькі дзён таму раздаўся званок: „Аляксей, вас прыбралі з усіх канцэртаў!“, — расказвае Грос. — Прычына — публікацыі ў Instagram, дзе я ўсяго толькі выказваю сваю думку як грамадзянін Беларусі з нагоды перадвыбарчай сытуацыі ў краіне, ды і сытуацыі агулам, дзялюся сваёй рэакцыяй на затрыманьні мірных людзей і зьбіраю людзей для ўдзелу ў валянтэрскай дапамозе лекарам. Як сёньня высьветлілася, далёка не адзін я трапіў у падобную сытуацыю».

Сьпявак піша, што яму сорамна маўчаць — «сорамна быць крывадушнікам». Паводле яго, калі для кіраўніцтва Беларусі людзі культуры і мастацтва — гэта «безаблічныя пэрсанажы і блазны», то яму «сорамна, што быў часткай гэтага мэханізму». Пост ён завяршае заклікам «Баста, годзе» і хэштэгам #ЖывеБеларусь.

***

Аляксей Грос — 30-гадовы сьпявак родам з Салігорску (сапраўднае прозьвішча Шкраба). Узяў гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў на «Славянскім базары» 2016 году. Ён атрымліваў узнагароду з рук Аляксандра Лукашэнкі, меў таксама спэцыяльны прыз «парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі». Неаднаразова спрабаваў прайсьці адбор на «Эўравізію».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG