Мянчанку Алену Макусь і яе сяброўку Кацярыну Маліноўскую 28 чэрвеня зьбірацца судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, якая адбылася ў пятніцу 19 чэрвеня на праспэкце Незалежнасьці. Яны ж кажуць, што былі ў бары, і што ў іх ёсьць доказы.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У апошні дзень збору подпісаў за меркаваных кандыдатаў у прэзыдэнты каля філярмоніі пачаліся затрыманьні людзей, якія стаялі ў чарзе, а таксама журналістаў.
Алена Макусь, яе сябар Кастусь Лічук і Кацярына Маліноўская таксама былі затрыманыя, але яны сьцьвярджаюць, што ў акцыі ўдзелу ня бралі, а час, пакуль яна праходзіла, правялі ў бары Lidbeer. Ёсьць відэа і фота, якія гэта даказваюць, але ні міліцыянты, ні суд не зьвяртаюць на доказы ўвагі, кажа Алёна Макус.
«Мы ўтрох выйшлі з бару, было больш за палову на дзясятую гадзіну вечара. Са сьпіны да нас падышлі амапаўцы ў чорных майках і спачатку затрымалі Кастуся. Відаць, проста таму, што хлопец. Я пачала пытацца пра прычыну, як пачула: „Гэтую таксама бяром“. Каця дастала тэлефон і пасьпела зрабіць здымак — яе таксама затрымалі.
Адвезьлі ўсіх у Ленінскі райаддзел міліцыі і там сказалі, нібыта мы ўдзельнічалі ў ланцугу. Але гэта няпраўда! Мы даказвалі, што гэта ня так. Са мной і Кацяй правялі прафіляктычную гутарку, гэтак было пазначана ў пратаколе, і адпусьцілі. А Кастуся, майго хлопца, трымалі да панядзелка.
Мы былі на ягоным судзе сьведкамі, даказвалі, што ён таксама ня ўдзельнічаў у ланцугу. Паказвалі відэа і фота, але не дапамагло — яму далі па 10 базавых штрафу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаваньне — усяго 20 базавых штрафу (540 рублёў — РС). Але цяпер і нас вырашылі судзіць — выклікаюць на панядзелак», — апавяла Алёна Макусь.
Дзяўчына не хавае абурэньня.
«Атрымліваецца, у судзе нічога немагчыма даказаць, нават калі ёсьць доказы. Судовая сыстэма давярае больш супрацоўніку АМАПу, які затрымаў дзясяткі чалавек, а не давярае доказам.
У нас ёсьць відэа з бару, дзе мы сядзелі амаль тры гадзіны. З бару мы выйшлі а 21:30. І ёсьць фота затрыманьня, на ім пазначаны час, 21:42, калі нас затрымалі. Тады ніякай акцыі не было», — кажа Алена Макусь.
Бар Lidbeer месьціцца на праспэкце Незалежнасьці, 58. Гэта за 200 мэтраў ад філярмоніі, каля якой 19 чэрвеня зьбіралі подпісы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.